Амэрыканская адміністрацыя пацьвердзіла ў аўторак заяву Паўночнай Карэі аб выпрабаваньні балістычнай ракеты міжкантынэнтальнай далёкасьці. Паводле паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, «гэта наш падарунак адміністрацыі Трампа да Дня Незалежнасьці». Белы дом паабяцаў задзейнічаць увесь комплекс сродкаў для процідзеяньня пагрозе, якая расьце.
Па сьлядах паўночнакарэйскага выпрабаваньня ЗША і Паўднёвая Карэя правялі ў сераду ля ўсходняга ўзьбярэжжа Карэйскага паўвострава сумесныя вучэньні, падчас якіх праводзіліся стрэльбы балістычнымі ракетамі.
Як сьцьвярджае Пхэньян, ракета тыпу «Хвансон 14» у стане данесьці «цяжкі ядзерны боепрыпас» да кантынэнтальнай часткі ЗША. Як было адзначана, выпрабаваньне прайшлі першыя дзьве ступені ракеты. Таксама пацьвердзілася ўстойлівасьць галаўной часткі ракеты да павышаных тэмпэратур і вібрацыяў пры паўторным уваходзе ў шчыльныя слаі атмасфэры.
На просьбу Злучаных Штатаў Рада Бясьпекі ААН зьбярэцца ў сераду днём на экстранае пасяджэньне, каб абмеркаваць сытуацыю, якая складваецца вакол Карэйскага паўвострава ў сувязі з ракетнымі пускамі Паўночнай Карэі. Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш у рэзкіх выразах асудзіў ракетна-ядзерную дзейнасьць Пхэньяну, якая ідзе ўразрэз з шматлікімі рэзалюцыямі Рады Бясьпекі. Гутэрыш таксама заклікаў паўночнакарэйскае кіраўніцтва ўстрымлівацца ад правакацый і цалкам выконваць міжнародныя абавязаньні.