Згодна з ацэнкай японскіх уладаў, пасьля 40 хвілін палёту ракета ўпала ў Японскае мора ў эксклюзіўнай эканамічнай зоне Японіі. Токіё выказаў рашучы пратэст Пхэньяну з нагоды грубага парушэньня рэзалюцый Рады бясьпекі ААН.
Пхэньян правёў выпрабаваньне балістычнай ракеты напярэдадні сьвяткаваньня Злучанымі Штатамі Дня Незалежнасьці і за лічаныя дні да саміту краінаў G20, падчас якога, як чакаецца, ЗША, КНР, Японія і Паўднёвая Карэя абмяркуюць захады для нэўтралізацыі паўночнакарэйскай ракетнай і ядзернай праграмаў.
У панядзелак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі Японіі і Кітаю, падчас якіх абмяркоўвалася паўночнакарэйская ядзерная праграма. На мінулым тыдні пасьля першай сустрэчы з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мунам Чжэінам Трамп заклікаў да рашучага адказу на паўночнакарэйскія правакацыі.
Паўночная Карэя правяла сэрыю папярэдніх ракетных выпрабаваньняў у пачатку чэрвеня.