Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выступіць перад удзельнікамі менскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Па выніках 26-й летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая ўпершыню пройдзе ў Беларусі, удзельнікі прымуць Менскую дэклярацыю.

Пра гэта паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

Ён удакладніў, што парадак дня будзе фармавацца з дакладаў трох камітэтаў: палітычных пытаньняў і бясьпекі; эканамічных пытаньняў, навукі, тэхналёгіі і навакольнага асяродзьдзя; дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў.

Рэзалюцыі, прынятыя па выніках працы, лягуць у аснову Менскай дэклярацыі, у якой будуць сфармуляваныя рэкамэндацыі для нацыянальных урадаў, парлямэнтаў і міжнароднай супольнасьці ў справе рэагаваньняў на актуальныя выклікі і пагрозы.

Паводле Ўладзімера Андрэйчанкі, у дэклярацыю таксама ўвойдзе шэраг дадатковых рэзалюцый, якія самастойна ініцыююць асобныя парлямэнтары — ад супрацьдзеяньня тэрарызму і міграцыйных выклікаў да недапушчэньня распальваньня міжрэлігійнай варожасьці і ўмацаваньня энэргетычнай бясьпекі.

Паведамляецца, што 5 ліпеня перад удзельнікамі сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ выступіць Аляксандар Лукашэнка. Ягоная прамова будзе ў рэчышчы галоўнай тэмы, акрэсьленай парадкам дня — умацаваньне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва дзеля міру ў рэгіёне.

Паводле арганізатараў, у Менск прыедуць больш за 300 парлямэнтароў з Азіі, Паўночнай Амэрыкі і Эўропы — усяго зь 57 краінаў сьвету.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што напярэдадні маштабнага форуму афіцыйны Менск дэманструе лібэральнасьць у дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Так, напярэдадні былі вызваленыя з-пад варты апошнія фігуранты рэзананснай справы «Белага легіёну», а ў афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня сілавікі дазволілі сабрацца ў цэнтры сталіцы ўдзельнікам акцыі пратэсту, ініцыяванай адным зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколам Статкевічам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG