Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрапейская Беларусь» хоча зладзіць акцыю супраць «Захад-2017» падчас сэсіі ПА АБСЭ


Ілюстрацыйнае фота. Мінулая акцыя грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», справа — Максім Вінярскі
Ілюстрацыйнае фота. Мінулая акцыя грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», справа — Максім Вінярскі

7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пройдзе акцыя з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і адмяніць вучэньні «Захад-2017». Пра гэта гаворыцца ў звароце каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага.

«Цягам апошніх месяцаў мы настойліва патрабавалі ад уладаў вызваліць палітычных вязьняў, праводзячы акцыі салідарнасьці і ўздымаючы пытаньне аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі на міжнародным узроўні, — адзначае Максім Вінярскі. — Некалькі дзён таму вызвалі з-пад варты апошніх удзельнікаў справы „Белага легіёну“. Такім чынам улады выканалі частку нашых патрабаваньняў. Тым ня менш абсурдныя абвінавачаньні супраць патрыётаў ня зьнятыя, яны застаюцца закладнікамі рэжыму і ў любы час могуць вярнуцца за краты. Акрамя таго, у турмах Зьміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны; улады адмаўляюцца рэабілітаваць былых палітвязьняў».

Важную ролю ў вызваленьні ўдзельнікаў «справы патрыётаў», адзначае актывіст «Эўрапейскай Беларусі», меў ціск на рэжым як унутры Беларусі, так і звонку. На яго перакананьне, улады вымушаныя ісьці на саступкі ў тым ліку праз правядзеньне ў Менску важнага міжнароднага форуму, які рэжым імкнецца выкарыстаць для сваёй легітымізацыі. Гэта сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая адбудзецца 5-9 ліпеня.

«Мы патрабуем, каб падчас яе правядзеньня было ўзьнятае пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, а таксама аб тым, што дыктатура ўяўляе сабой небясьпеку ня толькі для беларусаў, але і для ўсяго рэгіёну», — зазначае Максім Вінярскі.

Ён таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што ўвосень пройдуць сумесныя з Расеяй маштабныя вайсковыя вучэньні «Захад-2017». Ужо цяпер на тэрыторыю Беларусі перакідваюцца расейскія войскі, што ня можа не выклікаць заклапочанасьці:

«Сумесныя вучэньні зь дзяржавай-агрэсарам нясуць пагрозу для ўсёй Усходняй Эўропы. Многія экспэрты і палітыкі папярэджваюць, што падчас іх правядзеньня можа адбыцца акупацыя Беларусі, а самі манэўры стануць падрыхтоўкай да наступальнай апэрацыі на суседнія краіны», — адзначаецца ў звароце.

Актывіст ад імя «Эўрапейскай Беларусі» заклікае грамадзянаў 7 ліпеня а 18-й гадзіне выйсьці на Кастрычніцкую плошчу для таго, каб запатрабаваць неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў, а таксама выказаць пратэст супраць правядзеньня сумесных з Расеяй вайсковых вучэньняў. «Ваенным гульням Лукашэнкі і Пуціна — баста!», — падсумоўвае Максім Вінярскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG