Пікет прызначаны на 18 гадзінаў. Сяргей кажа, што не зьяўляецца арганізатарам акцыі, але возьме ў ёй удзел разам зь сябрамі і аднадумцамі.
«Мы ж нічога парушаць не зьбіраемся, нават сымболікі браць ня будзем. Проста выйдзем і засьведчым сваю пазыцыю, што трэба вызваліць людзей, якія сядзіць у справе патрыётаў, што ня варта, каб у нас былі палітвязьні. Яшчэ б я дадаў, што заклікаю да салідарнасьці з падманутым актывістамі, бо некаторым даюць недакладную інфармацыю, іх выкарыстоўваюць. На маю думку, у апазыцыі шмат людзей пад кантролем КДБ, імі кіруюць, але КДБ ня трэба баяцца».
Паплечнік Мікалая Статкевіча Сяргей Куцэвіч быў затрыманы сёлета напярэдадні Дня Волі і адбыў за кратамі да 2 чэрвеня. Першыя 14 дзён арышту Сяргея Кунцэвіча трымалі ў сьледчай турме КДБ, дзе, паводле актывіста, яго катавалі электрашокерам, каб дамагчыся зьвестак пра Мікалая Статкевіча. Актывіста падазравалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, цяпер усе абвінавачаньні з Кунцэвіча зьнялі. Старшыня КДБ Валеры Вакульчык абверг заявы Кунцэвіча пра ўжываньне да яго катаваньняў.
Сяргей Кунцэвіч патлумачыў, што насамрэч не зьяўляецца кіроўцам Мікалая Статкевіча, а толькі некалькі разоў падвозіў яго на аўтамабілі. Актывіст сказаў, што застаецца аднадумцам Мікалая Статкевіча, але пры гэтым выказаў да яго прэтэнзіі, зьвязаныя з Днём Волі.
Што да ўдзелу Мікалая Статкевіча ў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, прызначанай на 22 чэрвеня, Сяргей Кунцэвіч сказаў: «Мяркую, ён абавязкова прыйдзе».
У СІЗА № 1 на Валадарскага і ў ізалятары КДБ застаюцца пад вартай 14 фігурантаў «справы патрыётаў», яшчэ 2 фігуранты справы знаходзяцца пад падпіскай. Абвінавачаньні ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках з іх зьнялі, застаецца абвінавачаньне ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. 16 чэрвеня ў Сьледчым камітэце паведамілі, што там прынялі да разгляду «справу патрыётаў» ад сьледчых КДБ.
Мікалай Статкевіч пракамэнтаваў пікет Кунцэвіча наступным чынам:
«Так, мы ў „Народнай грамадзе“ вырашалі падтрымаць акцыю 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы, пра якую заявіў Максім Вінярскі і ўхваліў Нацыянальны кангрэс. Гэта будзе акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. Але сам я на яе не пайду, каб ня даць уладам магчымасьці арыштаваць мяне напярэдадні вялікай акцыі, абвешчанай на 3 ліпеня. Пра гэта я ўжо папярэджваў у інтэрнэце. Што да Сяргея Кунцэвіча, ведаю, што ён заклікае пайсьці з парасонамі да паліклінік — гэта будзе ягоная акцыя. А пра ягоны намер удзельнічаць у акцыі на Кастрычніцкай ня ведаю».