Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны дамовілася пра спыненьне агню з 24 чэрвеня.
Пра гэта паведаміў журналістам спэцпрадстаўнік АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік.
«Удзельнікі працоўнай групы па бясьпецы выступілі з прапановай так званага „хлебнага замірэньня“. Гэта ўсталяваньне рэжыму поўнага спыненьня агню ўздоўж усёй лініі судакрананьня на пэрыяд збору ўраджаю — з 24 чэрвеня па 31 жніўня. Ініцыятыва, вядома ж, атрымала падтрымку на ўзроўні трохбаковай кантактнай групы. Удзельнікі абавязаліся данесьці яе да свайго палітычнага кіраўніцтва», — сказаў Марцін Сайдзік.
Ці паўплывалі неяк на перамовы ў Менску вынікі візыту ў Вашынгтон прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і ягоныя дамоўленасьці з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам аб сумесных намаганьнях дзеля мірнага ўрэгуляваньня на Данбасе?
На гэтае пытаньне Свабоды амбасадар Сайдзік сказаў, што непасрэднага ўплыву на абвяшчэньне замірэньня падзеі ў Вашынгтоне ня мелі, але ён вельмі станоўча ўспрыняў ініцыятывы прэзыдэнтаў Дональда Трампа і Пятра Парашэнкі:
«Я сапраўды вітаю ўсе намаганьні для таго, каб урэгуляваць гэты канфлікт. І я думаю, што ў гэтых адносінах, бясспрэчна, вельмі важная роля ЗША».
Наступнае пасяджэньне кантактнай групы па Ўкраіне адбудзецца 5 ліпеня.