Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» сабрала ў Менску тысячу подпісаў за наданьне вуліцы імя Ларысы Геніюш


За месяц, пачынаючы з 15 траўня, актывісты «Моладзі БНФ» сабралі больш за тысячу подпісаў за наданьне вуліцы ў Менску імя Ларысы Геніюш. 16 чэрвеня яны перададуць подпісы ў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў лідэр «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч.

Далей актывісты працягнуць зьбіраць подпісы за наданьне імя Ларысы Геніюш вуліцы ў Зэльве.

«У Менску зьбіраць было ня цяжка, больш за 1000 подпісаў сабралі за 5–6 выхадаў на вуліцу, хоць і пачалі месяц таму, але з прычыны сэсіі і экзамэнаў нячаста выходзілі, — кажа Юрась Лукашэвіч. — Людзі падпісваюцца актыўна. На жаль, большасьць ня ведае, хто такая Ларыса Геніюш, але ўсім падпісантам і тым, хто цікавіўся, мы расказвалі пра яе, яе біяграфію, творчасьць і жыцьцёвы шлях. Таксама раздавалі ўлёткі зь яе біяграфіяй і творчасьцю. Улёткі зараз дадрукуем і пачнём зноў раздаваць на вуліцы, каб больш людзей пра яе ведала».

Подпіс ад артыста Яўгена Крыжаноўскага
Подпіс ад артыста Яўгена Крыжаноўскага

Паводле Юрася Лукашэвіча, міліцыянты перашкаджалі зьбіральнікам толькі аднойчы, з той прычыны, што на тэчцы была бел-чырвона-белая стужка.

«Хацелі дачапіцца, але мы прасілі паказаць закон, які забараняе зьбіраць подпісы, і ў выніку яны адчапіліся».

Ініцыятары зьбіраньня подпісаў спадзяюцца, што ўлады прыслухаюцца да такой колькасьці грамадзян.

«Мы ўклалі шмат высілкаў у кампанію #Геніюш2016, і хочацца мець канкрэтны вынік. Але калі адказ будзе адмоўны, то гэта пакажа рэальны стан так званай „мяккай беларусізацыі“ і ўвогуле адносін улады да беларушчыны», — кажа Юрась Лукашэвіч.

Зьбіраць подпісы за наданьне вуліцам у Менску і ў Зэльве імя Ларысы Геніюш пачалі 15 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG