Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура: Ларыса Геніюш рэабілітацыі не падлягае


Актывісты «Моладзі БНФ» атрымалі адказ ад Генпракуратуры Беларусі на пісьмовае патрабаваньне рэабілітаваць выдатную літаратарку Ларысу Геніюш.

Ліст за подпісам пракурора аддзелу Клябанава дайшоў зь вялікай затрымкай і канстатуе: (цытата) «Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі».

«Мы лічым такі адказ выключна палітычным і працягам калясавецкай ідэалёгіі, — перакананыя актывісты „Моладзі БНФ“. — Рэабілітацыя Ларысы Геніюш ёсьць адным з прынцыповых пытаньняў рэабілітацыі рэпрэсаваных літаратараў і дзеячаў Беларусі, якія выступалі супраць антыбеларускай бальшавіцкай ідэалёгіі і змагаліся за праўду. Мы працягваем кампанію #Геніюш2016. Наступныя крокі — мерапрыемствы ў гонар Ларысы Геніюш і заснаваньне літаратурнай прэміі ейнага імя».

#Геніюш2016 — гэта кампанія «Моладзі БНФ» у справе рэабілітацыі выдатнай беларускі, паэткі і грамадзкай дзяячкі.

Летась 5 ліпеня адбыўся стартаваў першы этап, падчас якога быў распачаты збор подпісаў за рэабілітацыю Ларысы Геніюш. За кароткі час у падтрымку праграмы падпісаліся больш за 1200 чалавек.

На другім этапе актывісты працягвалі зьбіраць подпісы (як афлайн, так і анлайн), а таксама патрабавалі надаць адной з вуліц у Зэльве імя паэткі, паставіць ёй помнік і ўключыць ейныя творы ў школьную праграму.

Найбліжэйшай імпрэзай у гонар Ларысы Геніюш будзе прагляд кінастужкі «Няскораная» ў сядзібе БНФ 13 траўня. Cтужка прымеркаваная да 100-гадовага юбілею вялікай беларускі. У ёй выкарыстоўваюцца ўнікальныя кіна- і аўдыёзапісы, рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Сваімі думкамі пра Ларысу Геніюш дзеляцца Ўладзімер Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG