Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» пачала збор подпісаў за наданьне імя Ларысы Геніюш вуліцам у Менску і Зэльве


Помнік Ларысе Геніюш побач з Зэльвенскай царквой
Помнік Ларысе Геніюш побач з Зэльвенскай царквой

Ад 15 траўня распачаты збор подпісаў за наданьне вуліцам у Менску і ў Зэльве імя Ларысы Геніюш. Гэта ініцыятыва «Моладзі БНФ» у рамках кампаніі ў рэабілітацыі выдатнай паэткі і грамадзкай дзяячкі #Геніюш2016.

Актывісты будуць зьбіраць подпісы цягам месяца, пасля чаго перададуць іх у мясцовыя саветы дэпутатаў.

«Важна больш распавесьці пра Ларысу Геніюш і яе творчасьць беларусам усіх узростаў, таму падчас збору подпісаў будуць раздавацца ўлёткі зь яе вершамі і кароткай біяграфіяй», — гаворыцца ў спэцыяльным паведамленьні «Моладзі БНФ».

Нядаўна маладыя фронтаўцы атрымалі адказ з Генпракуратуры на пісьмовае патрабаваньне рэабілітаваць Ларысу Геніюш. Ліст з подпісам пракурора аддзелу Клябанава канстатуе: «Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі».

«Мы доўга думалі, ці варта пасьля гэтага працягваць кампанію і ці ўвогуле патрэбна рэабілітацыя Ларысы Геніюш, — зазначаюць актывісты „Моладзі БНФ“. — І прыйшлі да высновы: працягваць змаганьне варта, але трэба зьмяніць першасную мэту. На гэтым этапе асноўнай задачай кампаніі #Геніюш2016 будзе папулярызацыя творчасьці Ларысы Антонаўны і годнае ўшанаваньне яе памяці. Бо нават пасьля атрыманьня незалежнасьці беларускія ўлады робяць усё, каб задушыць беларушчыну. Таму ня дзіўна, што ня ўсе беларусы ведаюць, хто такая Ларыса Геніюш, хоць яе шануе палова сьвету».

Кампанія #Геніюш2016 будзе ўключаць патрабаваньні пра адкрыцьцё ўсіх архіваў рэпрэсаваных за савецкія часы і перагляду спраў дзеля рэабілітацыі ўсіх нявінна расстраляных ці асуджаных савецкай уладай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG