Менчук Дзьмітры Шыракапытаў, былы актывіст «Маладой грамады» і «Белага легіёну», як мяркуецца, скончыў жыцьцё самагубствам. Некаторыя падрабязнасьці справы распавёў карэспандэнту Свабоды былы палітвязень, удзельнік Плошчы-2010 Сяргей Марцалеў.
«У канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў Дзьмітры Шыракапытаў быў актывістам моладзевых арганізацый — „Маладой грамады“, якую я ўзначальваў, і „Белага легіёну“. У „Маладой грамадзе“ ён браў удзел у палітычных акцыях, у „Белым легіёне“, наколькі ведаю, наведваў летнікі, трэнаваўся. Пазьней Дзьмітры адышоў ад палітычнай дзейнасьці, але працягваў цікавіцца справамі, падтрымліваў стасункі з былымі аднадумцамі, спачуваў дэмакратычнаму руху, нацыянальнай ідэі і таму, што працягвалі рабіць ягоныя былыя калегі. У ягоным жыцьці былі розныя пэрыяды, але ў апошні час нібыта наладзілася. Гэта ён сам мне казаў падчас нашай апошняй размовы, якая была літаральна 9-га чэрвеня, а 20.30. Мы размаўлялі праз тэлефон, ён быў цалкам адэкватны, распавядаў, што знайшоў новую працу сыстэмнага адміністратара, пачаў працаваць. Усё выглядала добра. А цяпер яго ўжо няма, бяз бацькі засталіся 4 дзяцей, старэйшаму 11 гадоў. З былой жонкай ён быў у стане разводу».
Паводле Сяргея Марцалева, у Сьледчым камітэце вядзецца праверка сьмерці Дзьмітрыя Шыракапытава, у матэрыялах праверкі фігуруе пасьмяротная запіска нябожчыка. Сяргей Марцалеў ведае пра гэта са словаў іхнага агульнага сябра, якога выклікалі на размову ў Сьледчы камітэт:
«Сябар кажа пра запіску, зь якой вынікае, што прычына самагубства — нібыта побытавыя праблемы. У Дзьмітрыя раней была маёмасьць — крама, якую ён страціў у выніку канфлікту з былой жонкай. Хаця, як мне здалося з размовы зь ім, ён гэты момант ужо перажыў і думаў пра будучыню аптымістычна».
На пытаньне Свабоды, ці ішла падчас размовы з Дзьмітрыем гаворка пра арышты актывістаў «Белага легіёну», Сяргей Марцалеў згадаў:
«Так, я пачаў пра гэта, што ўжо засталося пад вартай столькі чалавек, што палову вызвалілі, але ён ня стаў падтрымліваць тэму. Сказаў „Добра, ведаю, чытаю прэсу, але давай ня будзем пра гэта“. Магчыма таму, што мой тэлефон на праслухоўваньні ў спэцслужбаў? Я ж падтрымліваю стасункі зь Мікалаем Статкевічам. Ён ня стаў чамусьці казаць пра гэта, хоць ведаю, што перажываў за хлопцаў. А яшчэ насьцярожвае тое, як усё хутка прайшло далей. Паводле нашага сябра, які быў у СК, самагубства адбылося ў ноч на 10 чэрвеня, а ўжо 11-га нам стала вядома, што зь ім разьвіталіся і цела крэміравалі, на Паўночных могілках адбылася цырымонія. Чаму так хутка? І чаму сваякі абсалютна закрыліся — нам, ягоным сябрам, ніхто нічога не паведаміў?»
Маці Дзмітрыя Шыракапытава — кандыдат мастацтвазнаўства, мастачка Людміла Налівайка. Дзьмітры нарадзіўся і жыў у Менску, яму было 36 гадоў.