Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі выйшаў на свабоду сын Муамара Кадафі


Сейф аль-Іслам пасьля яго арышту ў 2011 годзе.
Сейф аль-Іслам пасьля яго арышту ў 2011 годзе.

У Лібіі выйшаў на свабоду Сейф аль-Іслам Кадафі — сын былога лібійскага лідэра Муамара Кадафі, зрынутага і забітага ў 2011 годзе.

Сына Кадафі амаль 6 гадоў трымалі ў турме ў горадзе Зінтан. Ўзброеная групоўка, якая ўтрымлівала Сейфа аль-Іслама, адмовілася падпарадкавацца рашэньню суду ў Трыпалі, які прысудзіў сына Кадафі да сьмяротнага пакараньня, і ня выдала яго афіцыйным уладам.

У заяве юрыстаў Кадафі і прадстаўнікоў групоўкі, якая яго ўтрымлівала, гаворыцца, што Сейф аль-Іслам быў вызвалены паводле закону аб амністыі, прынятым парлямэнтам у горадзе Тобрук на ўсходзе краіны. Гэты парлямэнт не падпарадкоўваецца міжнародна прызнанаму ўраду Лібіі ў Трыпалі, які фактычна не кантралюе ўсходнюю частку краіны.

Сейф аль-Іслам быў адным з паплечнікаў свайго бацькі. У Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе супраць яго вылучаныя абвінавачваньні ў злачынствах падчас грамадзянскай вайны 2011 году.

Дзе зараз знаходзіцца сын Кадафі, невядома. Паводле некаторых паведамленьняў, ён адправіўся ў горад эль-Байда на паўночным усходзе Лібіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG