Сэйф аль-Іслам Кадафі прызнаны вінаватым у ваенных злачынствах, зьвязаных з рэвалюцыяй, якая адбылася ў Лібіі ў 2011 годзе. Разам зь іншымі паплечнікамі Муамара Кадафі яго сын удзельнічаў у здушэньні пратэстаў.
Самога Сэйфа аль-Іслама ў залі суда падчас абвяшчэньня прысуду не было. У ходзе разбору ён даваў паказаньні па відэасувязі, паколькі яго на працягу 4 гадоў утрымліваюць паўстанцы, якія не падпарадкоўваюцца цэнтральнаму ураду.
Да сьмяротнага пакараньня таксама былі асуджаныя сем былых высокапастаўленых прадстаўнікоў рэжыму Кадафі, у тым ліку былы кіраўнік сакрэтных службаў Абдула Сэнусі, а таксама былы прэм’ер-міністар Багдадзі аль-Махмудзі.
Восем іншых былых чыноўнікаў атрымалі пажыцьцёвыя прысуды і сем іншых атрымалі па 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Праваабаронцы адзначалі шматлікія працэсуальныя парушэньні падчас судовага працэсу над прадстаўнікамі рэжыму Кадафі. У прыватнасьці, асуджалася абыходжаньне з абвінавачанымі і адсутнасьць у іх адвакатаў.
Палітоляг з Трыпалі Салах аль-Баккуш ў інтэрвію BBC выказаў меркаваньне, што вынясеньне прысуду ня выкліча вялікага рэзанансу ў Лібіі. «У лібійцаў зараз і без таго так шмат праблем, што большасьць зь іх наўрад ці сочыць за судовым працэсам. Тыя ж, хто ўдзельнічаў у барацьбе супраць рэжыму Кадафі, назіраюць за судом і будуць радыя прысуду», — заявіў экспэрт.