Беларусь па-ранейшаму застаецца самай дружалюбнай краінай для Расеі, але сваім сябрам яе лічаць ужо менш за палову расейцаў. Гэта вынікае з дадзеных, якія зьявіліся на афіцыйным сайце «Левада-Цэнтру».
Сярод найбольш блізкіх сяброў Расеі бальшыня рэспандэнтаў на першае месца паставіла Беларусь. Такой пазыцыі трымаюцца 46% апытаных.
Аднак нельга не заўважыць, што рэйтынг Беларусі паступова зьніжаецца. Напрыклад, летась за Беларусь «прагаласавалі» 50% апытаных, а пазалетась — ажно 55%.
У першую пяцёрку сяброў Расеі, акрамя Беларусі, таксама ўваходзяць Кітай (39%), Казахстан (34%), Сырыя (15%), Індыя (14%).
А вось як выглядае першая пяцёрка «ворагаў» Расеі: ЗША (69%), Украіна (50%), Нямеччына, Латвія, Літва (кожная па 24%).
Апытаньне было праведзена 19–22 траўня па рэпрэзэнтатыўнай усерасейскай выбарцы.