«Ва ўкраінскім грамадзтве, на жаль, так і не ўдалося дасягнуць пэўнага кансэнсусу адносна асуджэньня таталітарызму. Грамадзтва падзяляецца на траціны — 37 адсоткаў мяркуюць, што Сталін быў вялікім правадыром, траціна не пагаджаецца з такім сьцьвярджэньнем, і яшчэ траціна — вагаецца ў ацэнцы. Пры гэтым частка тых, хто мяркуе, што Сталін быў вялікім правадыром, вельмі нязначна, але ўсё ж павялічылася», — сказала сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве выканаўчая дырэктарка Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Натальля Харчанка.
Пэўным дасягненьнем у зьменах грамадзкай думкі сацыёлягі называюць зьмену стаўленьня ўкраінцаў да дапамогі іншых краінаў ды Расеі. У прыватнасьці, на пытаньне, ці можа Ўкраіна выжыць толькі пры дапамозе Расеі, на пачатку незалежнасьці кожны трэці ўкраінец меркаваў, што без Расеі ніяк. «Цяпер такіх толькі 11%. Хаця, вядома ёсьць зразумелыя рэгіянальныя адрозьненьні», — адзначыла сацыёляг.
«Гэтак жа, калі мы пытаем, ці можа Ўкраіна выжыць без эканамічнай дапамогі Захаду. На пачатку незалежнасьці так меркавалі 37% грамадзян, цяпер іх колькасьць таксама скарацілася і складае 19 адсоткаў. Наагул стаўленьне да заходняй культуры на дадзены момант зьяўляецца хутчэй нэўтральным, але ўсё ж мае тэндэнцыю да таго, што заходняя культура аказвае на Ўкраіну нэгатыўны ўплыў», — паведаміла Натальля Харчанка.
Здаровы нацыяналізм на пачатку незалежнасьці падтрымлівалі 48 % грамадзян, а цяпер — 61%
Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, таксама істотна зьмянілася меркаваньне ўкраінцаў наконт іх уплыву на зьмены ў краіне. «На дадзены момант 34 % людзей мяркуюць, што шмат залежыць менавіта ад грамадзян. Прыемна адзначыць, што гэты паказчык істотна вырас за апошнія 25 гадоў. На пачатку незалежнасьці 45% грамадзян меркавалі, што ад іх вельмі мала што залежыць», — удакладніла сацыёляг.
«Здаровы нацыяналізм на пачатку незалежнасьці падтрымлівалі 48 % грамадзян, а цяпер — 61%. Мы бачым вялікі і значны рост у гэтым сэнсе», — адзначыла Натальля Харчанка.
Паводле яе, у сьвядомасьці ўкраінскіх грамадзян таксама моцна ўмацавалася думка пра працавітасьць украінцаў. «Зараз толькі 18 адсоткаў мяркуюць, што ўкраінцы гультаяватыя, тады як у 1991 годзе было 39 %. Яшчэ адна значная грамадзкая зьмена — гэта выкладаньне ўкраінскай мовы ў школах. Палова грамадзян Украіны на момант абвяшчэньня незалежнасьці меркавала, што галоўнай мовай навучаньня мае быць украінская. Цяпер такіх 69%. Цікава, што, калі мы глядзім на дадзеныя 90-х гадоў, менавіта моладзь, якая яшчэ працягвала навучаньне, вельмі моцна пярэчыла ўкраінізацыі, у той час як цяпер маладыя людзі ўспрымаюць украінскую мову як асноўную мову навучаньня. Але гэты паказчык застаецца найбольш палярызаваным у рэгіянальным сэнсе», — адзначыла сацыёляг.
Палова грамадзян Украіны на момант абвяшчэньня незалежнасьці меркавала, што галоўнай мовай навучаньня мае быць украінская. Цяпер такіх 69%
Сацыёлягі таксама высьветлілі, як зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да магчымасьці нешта прынесьці ці скрасьці са сваёй працы. «Некалі гэта была даволі распаўсюджаная масавая зьява. Калі казаць пра часы абвяшчэньня незалежнасьці, 46 %, амаль палова дарослых людзей, меркавалі, што нешта сьцягнуць з працы — гэта не грэх. Зараз гэты паказчык істотна зьмяніўся. Цяпер ужо стаўленьне да ўласнасьці зьяўляецца адной з самых зафіксаваных істотных зьмен у грамадзтве, і цяпер гэта лічаць нармальнай зьявай толькі 14 адсоткаў», — паведаміла Натальля Харчанка.
Разам з тым, сацыёлягі адзначаюць павелічэньне колькасьці грамадзян, якія мяркуюць, што іх жыцьцёвыя магчымасьці звужаюцца. «Гэта адзін з самых сумных паказчыкаў, на мой погляд, бо ў гэтай сфэры адбываюцца вельмі павольныя і несуцяшальныя зьмены. Частка тых, хто аптымістычна ацэньвае магчымасьці для чалавека, патроху зьмяншаецца. На пачатку незалежнасьці такіх было 28%, праз 15 гадоў — 27 %, праз 20 гадоў — 23 %. Цяпер 53% апытаных не бачаць гэтых магчымасьцяў. Найбольш сумна, што такое звужэньне гарызонтаў і магчымасьцяў ўласьціва ня толькі пажылым людзям, а і вельмі распаўсюджанае сярод моладзі, якой зараз ад 18 да 25 гадоў», — адзначыла сацыёляг.
Згодна з вынікамі сацыялягічных дасьледаваньняў, грамадзтва становіцца больш талерантным да хворых на СНІД — 21 % жыхароў Украіны мяркуюць, што трэба ізаляваць хворых на СНІД ад усяго грамадзтва, тады як у 1991 годзе гэтак меркавала палова апытаных.
цяпер 87% насельніцтва мяркуе, што карупцыя і хабарніцтва пагражаюць нашаму грамадзтву, і гэта на 3% больш, чым было на пачатку незалежнасьці
Паводле сацыёлягаў, за 25 гадоў незалежнасьці істотна зьмянілася стаўленьне да дашлюбных сэксуальных адносін. «Частка тых, хто паблажліва ставіцца да гэтага, нязначна зьмянілася, але тых, хто катэгарычна асуджае, істотна скарацілася. Было 38%, на дадзены момант — 25%. Цікава адзначыць, што моладзь становіцца больш кансэрватыўнай у гэтым пляне. Магчыма, менавіта распаўсюд інфармацыі пра ВІЧ-СНІД, магчыма іншыя грамадзкія зьмены прывялі да таго, што на пачатку незалежнасьці 61% маладых людзей меркавалі, што сэксуальныя адносіны да шлюбу магчымыя, а цяпер, як ні дзіўна, такіх 53 адсоткі», — паведаміла Натальля Харчанка.
Нязьменнай за гады незалежнасьці застаецца стаўленьне ўкраінцаў да карупцыі і хабарніцтва. «Мы можам назваць гэтыя паказчыкі расчараваньнем 25-годдзя незалежнасьці, таму што цяпер 87% насельніцтва мяркуе, што карупцыя і хабарніцтва пагражаюць нашаму грамадзтву, і гэта на 3% больш, чым было на пачатку незалежнасьці», — канстатавала сацыёляг.