Сёньня быў апублікаваны даклад за 2017 год антыкарупцыйнага органу Рады Эўропы — Групы дзяржаваў па барацьбе з карупцыяй (Group of States Against Corruption — GRECO).
Менск ізноў ня даў дазволу на публікацыю разьдзелу справаздачы, які прысьвечаны стану карупцыі і барацьбы зь ёй у Беларусі. Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу Рады Эўропы.
Усе краіны — чальцы GRECO, за выключэньнем Беларусі, апэратыўна дазволілі публікацыю справаздачаў пра сытуацыю ў іх
Ва ўступным артыкуле да дакладу старшыня GRECO Марын Мрчэла адзначыў: «Празрыстасьць — шлях да падсправаздачнасьці. Гэта датычыцца і GRECO. Мы разьмяшчаем усё больш інфармацыі аб нашай працы на нашым новым сайце і актыўна маем зносіны ў сацыяльных СМІ. І я вельмі шчасьлівы, што ўсе краіны — чальцы GRECO, за выключэньнем Беларусі, апэратыўна дазволілі публікацыю справаздачаў пра сытуацыю ў іх».
Беларусь не зьяўляецца чальцом Рады Эўропы, але падпісала Канвэнцыю аб барацьбе з карупцыяй Рады Эўропы і праходзіць працэдуры ацэначных справаздачаў. Паводле правілаў GRECO, бяз згоды ўладаў краіны гэтыя справаздачы не публікуюцца. Беларусь сваю пазыцыю тлумачыць тым, што юрыдычныя абавязацельствы па публікацыі справаздачаў у рамках GRECO адсутнічаюць.
Беларусь часткова выканала толькі адну з 20 рэкамендацыяў па барацьбе з карупцыяй
У 2016 годзе GRECO прыняла трэцюю ацэначную справаздачу па Беларусі, якая была прысьвечаная пытаньням крыміналізацыі карупцыі і празрыстасьці фінансаваньня палітычных партыяў. Папярэднія дзьве справаздачы Беларусь так і не дазволіла публікаваць цалкам, таму GRECO апублікавала іх рэзюмэ.
У рэзюмэ справаздачы, якая была падрыхтаваная ў 2015 годзе, адзначалася, што Беларусь часткова выканала толькі адну з 20 рэкамендацыяў па барацьбе з карупцыяй. Гэта датычылася ўвядзеньня адміністрацыйнай адказнасьці юрыдычных асобаў за ўчыненьне злачынстваў, зьвязаных з адмываньнем грошай.
У наступных раўндах маніторынгу GRECO плянуе падрыхтаваць яшчэ два даклады — па прадухіленьні карупцыі сярод чальцоў парлямэнту, судзьдзяў і пракурораў, а таксама ў цэнтральным урадзе (у вышэйшых эшалёнах улады) і ў праваахоўных органах.