Дата дня
16 сакавіка 2014 году прайшоў арганізаваны Расеяй рэфэрэндум, па выніках якога Крым далучылі да Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум легітымным.
Таксама ў гэты дзень
1597 — Віцебск атрымаў Магдэбурскае права.
1707 — праз аб’яднаньне каралеўстваў Англіі і Шатляндыі была ўтвораная Вялікая Брытанія.
1919 — у Горадні выйшаў першы нумар газэты «Бацькаўшчына».
1946 — 16-гадовы Ўладзімер Караткевіч піша першы артыкул па-беларуску «Некалькі слоў пра Францішка Багушэвіча як вялікага песьняра Беларусі і прадстаўніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры 2-й паловы XIX стагодзьдзя».
1954 — заснаванае Ангельска-Беларускае таварыства.
У гэты дзень нарадзіліся
1757 — Ёсіп Казлоўскі, беларускі кампазытар, які быў таксама настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтар палянэзу «Гром победы раздавайся» (на словы Гаўрыіла Дзяржавіна), які быў доўгі час гімнам Расейскай імпэрыі.
1883 — Натан Рубінштэйн, музыка і дырыгент, арганізатар музычнага жыцьця ў Менску. Зьнік бязь вестак.
1890 — Саламон Міхоэлс, тэатральны актор і рэжысэр, забіты ў Менску ў 1948 годзе на загад савецкіх спэцслужбаў.
У часы другой сусьветнай вайны Міхоэлс узначаліў Габрэйскі антыфашыстоўскі камітэт, які апынуўся ў самым эпіцэнтры сусьветных падзеяў, зьвязаных з габрэямі. З аднаго боку, адбыўся генацыд габрэяў на акупаваных немцамі тэрыторыях, з другога – выношваліся пляны стварэньня Ізраіля, з трэцяга – рабіліся праекты габрэйскай аўтаноміі за Байкалам і ў іншых месцах Савецкага Саюзу. Вось жа ў 1948 годзе на ўрачыстым габрэйскім сходзе Міхоэлс радасна паведаміў пра шырокія магчымасьці, якія савецкая ўлада дае для стварэньня габрэйскай дзяржавы. Сталін расцаніў гэтыя словы як заклік да эміграцыі ў Ізраіль і адразу ж даў загад забіць Міхоэлса. На той момант актор знаходзіўся ў Менску. Тут, на адной менскай вуліцы, і быў інсцэніраваны аўтамабільны наезд. Міхоэлс загінуў. А праз два месяцы пасьля гэтага было абвешчана пра стварэньне дзяржавы Ізраілю.
1927 — Марыя Лукашук, філёляг, пэдагог, удзельніца нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.
1946 — Мікалай Кірычэнка, актор, які таксама ўзначальваў Нацыянальны Купалаўскі тэатар.
1964 — Міхал Анемпадыстаў, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.
1964 — Уладзімер Давыдоўскі, журналіст і музыка.
У памяці
1928 — Міхал Гурын-Маразоўскі, палітык і журналіст, забіты ў Вільні.
2000 — Павал Пруднікаў, беларускі пісьменьнік, які зазнаў савецкія рэпрэсіі 30-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».
2016 — Сяргей Ханжанкоў, стваральнік падпольнай групы, якая мелася падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску (1963), вязень савецкіх лягераў.