Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік petitions.by: горш за ўсё чыноўнікі рэагуюць на звароты наконт мовы, «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга


Уладзімер Кавалкін
Уладзімер Кавалкін

«Пэтыцыі могуць быць эфэктыўным мэханізмам уплыву на дзяржаўныя органы, але чыноўнікі адмаўляюцца ісьці на саступкі, калі бачаць у зваротах палітычны падтэкст».

Такую думку выказаў кіраўнік інтэрнэт-пляцоўкі petitions.by Уладзімер Кавалкін на прэзэнтацыі вынікаў першага году яе існаваньня.

Кавалкін кажа, што вынікі працы праекту абвяргаюць думку, што ствараць пэтыцыі — гэта марнаваць час. Паводле ягоных слоў, у 60% выпадкаў ад чыноўнікаў удаецца дамагчыся вырашэньня праблемы. Яшчэ 20–30% адказаў — гэта фармальныя адпіскі, а ў астатніх выпадках аўтары пэтыцыяў атрымліваюць разгорнутае тлумачэньне, чаму ім адмоўлена.

«Чыноўнікі баяцца бунту, таму баяцца гучных зваротаў зь вялікай колькасьцю подпісаў. Я гэта заўсёды кажу: чым больш подпісаў зьбераце, чым большая будзе кампанія ў СМІ і сацсетках, тым лепш — большая будзе верагоднасьць таго, што чыноўнікі пачнуць баяцца нейкай агалоскі, нейкага бунту, і хутчэй будуць шукаць кампраміс і пойдуць на саступкі. Асабліва за апошні год я шмат бачыў: там, дзе сапраўды ёсьць добрае ядро сярод актыўных мясцовых жыхароў, хаця б чалавек 5–7, да іх адразу далучаюцца ўсе астатнія — яны бачаць, што яны не адны такія», — кажа ён.

Найчасьцей вырашаюцца праблемы, зьвязаныя з дарогамі, транспартам, паркоўкамі, ЖКГ і іншымі лякальнымі пытаньнямі.

Галоўны прынцып адбору пэтыцыяў для плятформы — іх адпаведнасьць Закону аб зваротах грамадзян і Крымінальнаму кодэксу.

Калі сабраць усіх актыўных людзей Менску, то яны лёгка зьмесьцяцца ў невялікую актавую залю — чалавек на 200–300

Усяго за год працы petitions.by было сабрана 30–35 тысяч подпісаў пад прыкладна 400 пэтыцыямі. Але ў цэлым грамадзянскую актыўнасьць беларусаў Кавалкін ацэньвае невысока:

«Калі сабраць усіх актыўных людзей Менску, то яны лёгка зьмесьцяцца ў невялікую актавую залю — чалавек на 200–300. Актыўныя ж людзі — гэта ня тыя, хто падпісваецца, а тыя, хто стварае звароты, здольны завесьці і павесьці за сабой людзей».

Кавалкін кажа, што лепш за ўсё ў Менску рэагуюць на звароты ДАІ і адміністрацыі раёнаў у пытаньнях ЖКГ.

«Сапраўды, ДАІ працуе ў пляне зваротаў добра — яны разглядаюць іх па сутнасьці, і там, дзе прапановы нармальныя, яны ідуць насустрач. Калі яны ня згодныя — яны не даюць фармальную адпіску, а шчыра тлумачаць, што і чаму», — кажа ён.

Горш за ўсё рэагуюць улады на тыя звароты, якія чыноўнікі ўспрымаюць як палітычныя, хоць якраз палітычныя партыі і рухі плятформай petitions.by зусім не карыстаюцца, кажа кіраўнік праекту.

У інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Кавалкін патлумачыў, на якога кшталту звароты чыноўнікі рэагуюць нэгатыўна:

— Што чыноўнікі звычайна кваліфікуюць як палітычныя звароты?

— Часьцей за ўсё гэта пэтыцыі, якія зьвязаныя з Пагоняй, бел-чырвона-белым сьцягам і беларускай мовай. Усё гэта яны асацыююць з палітычнай апазыцыяй. Усё тое, што па сьветапоглядзе падпадае пад інтарэсы апазыцыі, яны адразу пачынаюць успрымаць як палітычныя звароты. Ну вось, напрыклад, можна згадаць пэтыцыю Антона Матолькі наконт «Пагоні».

Акрамя таго, яны кепска рэагуюць на патрабаваньні, зьвязаныя з вышэйшымі службовымі асобамі — міністрамі ці намесьнікамі міністра. Вельмі часта гэта таксама ўспрымаецца як палітыка.

— А які адсотак вось такіх «палітычных» зваротаў у агульнай колькасьці пэтыцыяў?

— Вельмі невялікі — каля 10, максымум 15%. Але паколькі яны звычайна дастаткова яскравыя, то складаецца ўражаньне, што іх шмат. Адсоткаў 80–85 — гэта бытавыя праблемы, мясцовыя, зьвязаныя з забудовай тэрыторыі ці прывядзеньнем тэрыторыі ў парадак і г. д.

— Вы таксама казалі, што чыноўнікі вельмі ня любяць раскрываць інфармацыю пра нейкія фінансавыя выдаткі. Якія былі найбольш значныя і папулярныя звароты гэтага кшталту?

— Сярод нядаўніх — пэтыцыя з просьбай апублікаваць суму выдаткаў на правядзеньне Ўсебеларускага сходу. Другое — гэта зварот з просьбай апублікаваць выдаткі на пошук дармаедаў (колькі чыноўнікі выдаткоўваюць на лоўлю дармаедаў). Гэта пэтыцыі, на якія не было атрымана адэкватнага адказу і па якіх можна нават спрабаваць судзіцца з чыноўнікамі, бо паводле закону яны абавязаныя гэтую інфармацыю прадстаўляць.

— З вашага досьведу, якія дзяржаўныя органы ў Беларусі найбольш забюракратызаваныя — то бок часьцей за ўсё адказваюць адпіскамі?

— Чым вышэйшы дзяржаўны орган, тым больш ён забюракратызаваны і кансэрватыўны. Ад мясцовых адміністрацыяў значна прасьцей чагосьці дабіцца, бо яны бліжэй да людзей, яны ведаюць, чаго людзі хочуць. А вось на ўзроўні міністэрстваў дабіцца чагосьці складаней, бо ў іх бюракратыя, кансэрватыўнасьць. Але і сярод міністэрстваў ёсьць больш адкрытыя і менш адкрытыя. Напрыклад, Міністэрства эканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю больш адкрытыя, Міністэрства фінансаў — жахліва закрытае. Што ні спытаеш у Мінфіна — заўсёды прыходзіць адпіска. Тое ж самае тычыцца Міністэрства па падатках і зборах. Нават часам МУС больш адкрыты, больш шчыра ідзе на дыялёг, чым Мінфін ці Міністэрства па падатках і зборах.

— Якая была самая папулярная пэтыцыя, што сабрала найбольшую колькасьць подпісаў?

— На дадзены момант гэта пэтыцыя Антона Матолькі пра тое, каб пры правядзеньні парадаў не выкарыстоўваць цяжкую гусенічную тэхніку. Яна, здаецца, сабрала 3 тысячы подпісаў.

— І які быў атрыманы адказ?

— Там была сэрыя адказаў. Менгарвыканкам чакана даслаў адпіску: зварот трапіў да ідэоляга, і ён напісаў адказ у духу «дзяды ваявалі». З Савету бясьпекі прыйшоў больш цікавы адказ — яны праінфармавалі, што ім патрэбна больш часу, каб узгадніць гэтае пытаньне зь іншымі міністэрствамі, і што пры правядзеньні наступнага параду яны гатовыя ўлічыць гэтае патрабаваньне. То бок канчатковага рашэньня няма, але грамадзяне гучна заявілі, што яны ня хочуць дзеля параду псаваць асфальт, а потым плаціць падаткі на рамонт гэтага асфальту.

— Які парадак падачы пэтыцыі на вашай плятформе?

— Вы заходзіце на сайт, рэгіструецеся і пакідаеце там самую неабходную інфармацыю, каб ваш подпіс прызнаваўся юрыдычна значным (то бок усё тое, што б вы пазначылі на канвэрце, калі б дасылалі зварот па пошце). З гэтага моманту вы можаце працаваць на сайце як паўнавартасны карыстальнік. Далей вы цісьнеце кнопку «стварыць пэтыцыю», пішаце яе тэкст, пасьля чаго вы можаце выбраць тэрмін абмеркаваньня пэтыцыі і тэрмін збору подпісаў. Пасьля таго як завяршыўся тэрмін збору подпісаў, пэтыцыя аўтаматычна адпраўляецца ў дзяржаўны орган. Калі ад дзяржаўнага органа прыходзіць адказ, мы яго адразу публікуем на сайце (вядома, без пэрсанальных дадзеных чалавека), і ўсім, хто падпісаўся пад пэтыцыяй, аўтаматычна прыходзіць апавяшчэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG