Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест адной у Варшаве створаць чатыры беларускія школьныя групы


Фота Сяргея Пелясы
Фота Сяргея Пелясы

У наступным навучальным годзе ў Варшаве можа зьявіцца чатыры беларускія міжшкольныя і дашкольныя групы. Паводле польскіх законаў, для таго, каб адчыніць міжшкольную групу, патрэбна мінімум трое дзяцей.

Ахвотных ужо значна больш, чым было ў лютым, калі бацькі ўпершыню агучылі гэтую ідэю, распавядае прысяжная і сінхронная перакладчыца з Варшавы Марыя Луцэвіч-Напалкава, мама дзьвюх будучых навучэнак міжшкольнай і школьнай групаў.

«Мы стартавалі зь мінімальнымі плянамі, каб проста адчыніцца, але атрымалася, што жадаючых нашмат больш. Магчыма, што будзе дзьве групы для малодшых дзяцей, і дзьве для школьнікаў. Нашая акцыя выклікала досыць вялікую зацікаўленасьць. Мы спадзяемся, што яна будзе пашырацца».

Заявы ў дашкольную групу можна падаваць да канца чэрвеня. Ініцыятары кампаніі просяць усіх зацікаўленых пісаць на адрас sadok.warszawa@gmail.com і абяцаюць, што дапамогуць з далейшымі фармальнасьцямі. Заявы бацькоў разглядае мэрыя Варшавы.

«І прадстаўнікі Міністэрства, і варшаўская мэрыя, падтрымліваюць нашую ініцыятыву. Раней адчыніць міжшкольныя групы ў Варшаве атрымалася толькі ва ўкраінцаў, немцаў і армянаў. Мы спадзяемся, што з новага навучальнага году пачнуцца заняткі зь дзеткамі» — гаворыць Марыя Луцэвіч-Напалкава.

Марыя Луцэвіч-Напалкава
Марыя Луцэвіч-Напалкава

У дадзены момант ідзе пошук настаўнікаў і выхавацеляў у беларускія групы. Бацькі заклікаюць зацікаўленых асобаў кантакавацца і дасылаць свае прапановы на згаданы вышэй мэйл.

«Групы павінны будуць працаваць па прынцыпе дадатковых заняткаў пасьля асноўных урокаў у школах і заняткаў у садках. Форму мы яшчэ будзем абмяркоўваць разам. Магчыма, гэта будуць буднія дні, а магчыма і выходныя. Думаю, што пачнем ад заняткаў раз на тыдзень. Па законе, там можа быць і гісторыя, геаграфія і культура Беларусі. Мы зь нецярпеньнем чакаем фіналу. І будзем ад малога ісьці сур’ёзнымі крокамі наперад».

Каб далучыцца да беларускіх групаў у Варшаве, альбо стварыць уласную ў любым іншым горадзе Польшчы, дастаткова выканаць дзьве фармальнасьці. Трэба каб дзіця было грамадзянінам Польшчы, а бацькі павінны накіраваць пісьмовую заяву ў школу або садок, дзе вучацца іх дзеці. Паводле польскіх законаў, для таго, каб адчыніць міжшкольную ці дашкольну групу, патрэбна мінімум трое дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG