Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піва ці кава? Як працуе «Цэх жывой гісторыі» ў Менску


Гісторык Юры Бохан, памёр у красавіку 2017 году
Гісторык Юры Бохан, памёр у красавіку 2017 году

Жывая гісторыя (living history) — гэта цэлы рух, які займаецца рэканструкцыяй жыцьця, ладу, вопраткі, узбраеньня старажытных эпохаў. Такія сустрэчы ўжо даволі папулярныя ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. Навуковыя лекцыі з прымешкам інтэрактыву пасьпяхова праводзяцца ва Ўкраіне, Польшчы і Расеі.

Ініцыятарамі гэтага руху ў Менску сталі браты-гісторыкі Мікалай і Ўладзімер Плавінскія.

Створаны імі «Цэх жывой гісторыі» — гэта пляцоўка, якая працуе на грамадзкіх пачатках. Людзі зьбіраюцца там, каб паслухаць пра гісторыю і абмеркаваць гістарычныя пытаньні.

«Гэта вельмі папулярная форма падачы гістарычнага матэрыялу. На навуковую кніжку чалавек рэдка мае час. На рэканструктарскія фэстывалі таксама езьдзяць далёка ня ўсе. А тут атрымліваецца вельмі даходліва і адначасова навукова. Лекцыю можна слухаць за кубкам кавы ці гарбаты, або куфлем піва. Мы наўмысна выбралі кавярню, каб людзі ў будны дзень пасьля працы маглі прыйсьці, паслухаць, зьесьці і выпіць», — распавядае кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі.

Аляксандар Казакоў і Мікалай Плавінскі
Аляксандар Казакоў і Мікалай Плавінскі

Лекцыі адбываюцца ў кавярні Beer&Wine. Першыя сустрэчы былі прысьвечаныя ўзбраеньню беларускіх земляў у ВКЛ, бітве пад Воршай, дасьпехам нясьвіскіх Радзівілаў, вікінгам на Русі, артылерыі Вялікага княства.

Выступае гісторык Мікола Волкаў
Выступае гісторык Мікола Волкаў

«Калі мы задумвалі „Цэх жывой гісторыі“, то вырашылі абмежавацца канцом XIX — пачаткам XX стагодзьдзя. Мы вырашылі займацца старажытнай гісторыяй і гісторыяй новага часу, не закранаючы XX стагодзьдзе. У нас кожны раз выступае новы навуковец, спэцыяліст у пэўнай галіне. У частцы імпрэзаў прымаюць удзел рэканструктары, якія паказваюць, як выглядала ўзбраеньне ці вопратка старажытнага часу. Усё гэта можна пабачыць жыўцом і памацаць рукамі», — гаворыць Мікалай Плавінскі.

Сустрэчы стартавалі летась увосень. Да гэтай пары прайшло сем спатканьняў. Уступ на імпрэзы платны, але сума сымбалічная — 5 рублёў. Сабраныя грошы ідуць на арганізацыю лекцый. На некаторыя зь іх зьбіраецца каля 80 чалавек. Відэазапісы сустрэчаў выкладаюцца на адмысловым канале Цэху на youtube.com.

«Відэа на гістарычныя тэмы ў нас ня так шмат. Тым больш што мы абмяркоўваем даволі спэцыфічныя тэмы, як, напрыклад, узбраеньне рымскага легіянэра. Звычайна гэта ангельскамоўны кантэнт, а ў нас ня часта людзі валодаюць гэтай мовай. Для шырокай аўдыторыі падобныя тэмы непапулярныя, але мы працуем з поўнымі залямі, людзьмі, якія цікавяцца гэтымі пытаньнямі. У Беларусі бракуе гісторыкаў, якія могуць ясна і цікава падаць матэрыял зацікаўленым. Гісторыкаў шмат, але ня кожны можа выйсьці і даступна расказаць. Гэта вялікая праблема. Людзі бываюць зоркамі ў СМІ, але не заўсёды могуць выйсьці і адказаць на пытаньні прысутных», — кажа Плавінскі.

Зь лекцыямі ў «Цэху жывой гісторыі» выступалі гісторыкі Мікола Воўкаў, Максім Макараў, Сяргей Егарэйчанка, Аляксандар Казакоў, Аляксей Казьленка, Аляксандар Апановіч, археолягі з Масквы і Пскова. Незадоўга да сьмерці Цэх наведаў Юры Бохан.

Улетку «Цэх жывой гісторыі» ідзе на канікулы — да восені. У верасьні, на Дзень горада, браты Плавінскія будуць ладзіць імпрэзу на адкрытым паветры. У лекцыі па гісторыі Менску зможа ўзяць удзел кожны мінак. Сустрэча оpen air адкрые новы сэзон спатканьняў у «Цэху жывой гісторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG