Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятое права біць: закон не вырашае


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Ёсьць тэорыя, што ўсе сацыяльныя праблемы ў грамадзтве можна вырашыць, прыняўшы правільныя законы. Бяз добрага заканадаўства сапраўды нікуды, але пакуль людзі лічаць, што біць дзяцей — гэта такая форма выхаваньня, і пакуль яны сьвята ўпэўненыя, што забарона на біцьцё дзяцей бацькамі — страшнае ўмяшаньне дзяржавы ў сямейныя справы, можна прыняць хоць дзесяць законаў, якія нібыта мусяць абараняць дзяцей. Пазытыўная дынаміка будзе ў межах статыстычнай хібнасьці.

У Маладэчне жанчына зьбіла маленькае дзіця проста ў краме, гэта было зафіксавана камэрамі назіраньня, і цяпер гэтую жанчыну шукае міліцыя. Сытуацыя выглядае досыць празрыстай, і адзінае, што асабіста мяне ў ёй турбуе — гэта будучыя дзеяньні міліцыі і сацыяльных службаў. На жаль, сёньняшні імідж у сацыяльных службаў у Беларусі такі, што спадзявацца на іх сапраўды карыснае для сям’і ўмяшаньне досыць цяжка.

Але наагул разьвіцьцё сытуацыі пакуль што радуе: міліцыя шукае правапарушальніцу, каб пакараць за зьбіцьцё дзіцяці. Такая рэакцыя праваахоўных органаў — важны крок у грамадзтве, дзе біць дзяцей лічыцца формай выхаваньня і дзе дарослыя людзі цалкам сур’ёзна абмяркоўваюць, як і чым трэба біць дзяцей, каб дасягнуць патрэбнага эфэкту. Яны, праўда, ніколі не даюць парадаў іншым, як тыя мусяць біць іх саміх у выпадку «кепскіх паводзінаў» і «непаслухмянасьці» і якім чынам лепш «выбіваць зь іх дурніцу, каб нармальнымі людзьмі сталі». Але ж я цяпер не пра двудушнасьць многіх дарослых, а пра простыя рашэньні складаных пытаньняў.

Такіх рашэньняў, вядома ж, няма. Ня могуць тысячы жыхарак і жыхароў Беларусі ў адзін дзень расчаравацца ў фізычных пакараньнях і перайсьці да іншых спосабаў камунікацыі зь дзецьмі. І ніякі закон не прымусіць іх гэта зрабіць, калі акрамя закону нічога больш не будзе.

Па-першае, строгасьць беларускіх законаў часта кампэнсуецца неабавязковасьцю іх выкананьня. Тое, што цяпер у Маладэчне шукаюць жанчыну, якая зьбіла (меркавана) сваё дзіця — выключэньне з правіла. У нас не прынята выклікаць міліцыю, калі ў суседняй кватэры дзіця заходзіцца ў гістэрыцы, а хтосьці з бацькоў б’е яго і гучна гэта камэнтуе. У нас не прынята адкрыта асуджаць за хатні гвалт увогуле, і за зьбіцьцё дзяцей у прыватнасьці. Затое шкадуюць тых, хто б’е: ой, не пашанцавала з дзіцём!

Па-другое, закон павінен спалучацца з рэальнымі каштоўнасьцямі, у адпаведнасьці зь якімі грамадзтва жыве тут і цяпер. І калі закон апэлюе да пакуль не папулярных каштоўнасьцяў, то дзяржава мусіць паклапаціцца пра тое, як зрабіць гэтыя каштоўнасьці «бліжэйшымі да народа». Вучыць школьных настаўніц і выхавацелек дзіцячых садкоў, што яны мусяць рэагаваць ня толькі на відавочныя сьляды зьбіцьця, але і на тое, як дзеці выпадкова прагаворваюцца, што іх б’юць, ставяць каленямі на грэчку альбо зачыняюць у кладоўцы на некалькі гадзін. Арганізоўваць кваліфікаваную псыхалягічную дапамогу маткам і бацькам, бо часта на дзецях наўпрост зрываюцца з прычыны агульнай стомленасьці, і гэтым дарослым таксама патрэбна дапамога.

Гэта ўсё ня значыць, што прыняцьце адпаведных законаў трэба адкласьці «да лепшых часоў». Гэта значыць, што адных законаў недастаткова, і што ўвогуле закон мусіць быць апошняй інстанцыяй, да якой можна зьвяртацца. Бо дзяцей нельга біць не таму што закон забараняе, а таму што дзецям баліць.

Я ня ведаю, чым скончыцца тая гісторыя са зьбіцьцём хлопчыка ў краме, але тое, як на яе рэагуюць ужо сёньня, не выклікае аптымізму. Дзяцей шмат хто па-ранейшаму ўспрымае як маёмасьць, і нават не сумняваецца ў тым, ці мае ён або яна права іх біць. Галоўнае — прыкрыцца «добрымі намерамі». Але ж добрымі людзі вырастаюць ня дзякуючы, а насуперак прыніжэньням.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG