Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Называць музэй імем Белакоза ў Гудзевічах нямэтазгодна», — старшыня Мастоўскага райвыканкаму


Алесь Белакоз, архіўнае фота
Алесь Белакоз, архіўнае фота

Такі адказ атрымалі актывісты з Мастоў, якія сабралі ў раёне 130 подпісаў за наданьне музэю ў Гудзевічах імя яго стваральніка — Алеся Белакоза. Адмову падпісаў старшыня Мастоўскага райвыканкама Юры Валяваты.

У лісьце на адрас актывіста Васіля Клімовіча старшыня Мастоўскага райвыканкама Валяваты аргумэнтуе адмову тым, што, «не зьмяншаючы і не прыніжаючы ролі Алеся Белакоза ў стварэньні Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэю, трэба адзначыць, што сучасная ўстанова культуры „Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй“ існуе і разьвіваецца дзякуючы працы многіх людзей, імёны якіх вартыя ўшанаваньня».

Далей вядзецца пералік асобаў, якія тым ці іншым чынам прычыніліся да стварэньня музэю, называюцца прозьвішчы тых, хто пасьля Алеся Белакоза ўзначальваў музэй, хто перадаваў туды каштоўныя экспанаты. І ўсё гэта заканчваецца рэзюмэ:

«З улікам вышэйпрыведзенага Мастоўскі раённы выканаўчы камітэт лічыць нямэтазгодным унясеньне зьменаў у назву ўстановы культуры „Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй“».

Актывіст Васіль Клімовіч, які займаўся зборам подпісаў у Мастоўскім раёне, кажа, што адказ з райвыканкаму абразіў ня толькі тых, хто зьбіраў гэтыя подпісы, але і тых, хто іх паставіў.

Васіль Клімовіч
Васіль Клімовіч

— Больш заслужанага чалавека перад беларускай культурай у нас у раёне няма. Яго ведалі ўсе інтэлігентныя людзі ў Беларусі...— зазначае Клімовіч. — І каб не было Алеся Белакоза, то не было б і музэю — пры ўсёй павазе да астатніх, хто прычыніўся да таго, каб музэй працаваў. Ёсьць жа сусьветная практыка, што падобныя ўстановы звычайна называюць у гонар іх заснавальнікаў, а ня тых, хто дапамагаў ці пазьней працаваў. Ну чаму ў нас ня можа быць так, як у людзей?

Клімовіч кажа, што ўсяго яны сабралі 130 подпісаў і накіравалі ў Мастоўскі райвыканкам. Адчувалі, што робяць важную і патрэбную справу:

— Подпісы было зьбіраць вельмі проста, бо амаль усе людзі ў раёне ведалі, хто такі Алесь Белакоз, ведаюць пра музэй у Гудзевічах, які ён стварыў. Нават службоўцы, якія працуюць на розных пасадах, згадвалі Белакоза добрым словам; праўда, подпісы ня ставілі, казалі, што ня могуць, бо працуюць у органах улады.

Першым, падчас пахаваньня, унёс прапанову надаць імя Алеся Белакоза музэю ў Гудзевічах прафэсар Аляксей Пяткевіч з Горадні, на вачах якога Белакоз ствараў гэты музэй. Спадар Пяткевіч кажа, што не чакаў такога рашэньня і асабліва яго засмуціла фармулёўка ў адмове чыноўніка: нямэтазгодна, паколькі Белакоз ствараў музэй не адзін.

Аляксей Пяткевіч
Аляксей Пяткевіч

— Ён ствараў яго адзін. Так, яму дапамагалі вучні, але музэй ён ствараў сам, у яго быў свой погляд, свая пазыцыя наконт музэю і ён ствараў зусім не такі музэй, які маглі стварыць нейкія іншыя людзі. Гэта абсалютна ягоны музэй. І гэты адказ з райвыканкаму — адгаворка, каб не надаць ягонае імя музэю. Баяцца, што людзі будуць памятаць, не забудуць яго. Але гэта бяда ўсёй беларускай інтэлігенцыі, бо тыя, хто змагаецца ў нашай краіне за нацыю, становяцца «ворагамі Беларусі». Тое самае і зь імем Васіля Быкава, і з астатнімі.

У Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музэі нічога ня ведалі, што райвыканкам адмовіў грамадзянам Мастоўскага раёну ў ініцыятыве надаць музэю імя ягонага стваральніка. Дырэктарка Кацярына Басінская сказала толькі, што яны заняліся падрыхтоўкай вырабу мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай памяці Алеся Белакоза, якую плянуюць павесіць на будынку музэю.

— За гэтую працу ўзяўся вядомы скульптар Уладзімер Церабун. Ён прыяжджаў, мы абмяркоўвалі, рабілі замеры, і пакуль усё знаходзіцца ў стане працы. Але ўсё гэта яшчэ павінна быць таксама зацьверджана ў райвыканкаме. Хацелася б зрабіць гэта на юбілей музэю, які будзе налета — 50 гадоў. А таксама ў наступным годзе і юбілей Алеся Белакоза — яму споўнілася б 90...

Алесь Белакоз памёр 1 сьнежня 2016 году на 89-м годзе жыцьця. Белакоз — заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзяяч культуры, адным зь першых быў узнагароджаны мэдалём імя Францішка Скарыны. Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі».

Маладым настаўнікам у 1948 годзе Алесь Белакоз напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх зь цягніка па дарозе ў Менск. Потым раздабыў шрыфт ды надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія зь сябрамі распаўсюджваў у Горадні. Цудам пазьбег арышту і сталінскай карнай сыстэмы.

У Гудзевічах стварыў унікальны дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй, які ўзначальваў болей за 30 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG