Генадзь Драздоў расказаў Свабодзе, што над канцэптуальным праектам працаваў некалькі апошніх гадоў, хоць першыя экспэрымэнты ў гэтым кірунку пачаў рабіць яшчэ падчас вучобы ў колішнім Тэатральна-мастацкім інстытуце.
Натхнёны вокнамі
А крыніцай творчага натхненьня сталі звычайныя вокны, на якіх прырода, у залежнасьці ад пары году, стварае свае дасканалыя малюнкі. Як кажа аўтар, засталося толькі перанесьці ўбачанае на палотнішча:
«Так атрымалася, што я сапраўды даўно не рабіў пэрсанальных выставаў. Не ад таго, што не было чаго выстаўляць, а таму, што стаў „забароненым мастаком“. Адразу хачу падзякаваць кіраўніцтву галерэі „БелАрт“, што паспрыялі і дапамаглі арганізаваць такую выставу. На суд публікі і калегаў я прадстаўляю канцэптуальны праект „Міратачэньне“, над якім працаваў каля трох гадоў. Па вялікім рахунку, гэта можна лічыць працягам таго, што было пачата шмат гадоў таму. Калі я рабіў дыплёмную працу ў тэатральна-мастацкім інстытуце, мой цыкль меў назву „Погляд праз шкло“. Натуральна, цяпер гэта не зусім тое самае, бо сёньняшні праект значна больш прасунуты вэрбальна, больш глыбока асэнсаваны па-мастацку. Ну і занатаваны ў тэхніцы жывапісу, бо дыплём я рабіў у графіцы».
Мастацкая мэтафара міратачэньня
Слова «міратачэньне» мае перадусім духоўны падтэкст — як зьява ў хрысьціянстве, зьвязаная са зьяўленьнем алеістай вільгаці («міра») на абразах і мошчах сьвятых. Аднак карціны з аднайменнай сэрыі ня маюць наўпроставага рэлігійнага адсылу. Пра мэтафарычнасьць паралеляў у мастацтве разважае Генадзь Драздоў:
«Мне заўсёды хацелася перадаць дзіцячае ўспрыманьне сьвету праз запацелае вакно. Калі вільгаць паступова зьбіраецца ў пацеркі і сьцякае долу, паслухмяная зямному прыцяжэньню. Гэты працэс — своеасаблівая мастацкая мэтафара міратачэньня. І калі першую частку слова „міра“ ўспрымаць ня толькі як пахучы алей, а як Сусьвет, людзкую супольнасьць, то гэта будзе знаходзіцца з аднаго боку, з другога — наш Тварэц. Міратачэньне — зьява мэтафізычная, звышматэрыяльная, бо ідзе дыялёг паміж чалавекам і Тварцом. Апошні паказвае людзям свае таямніцы, падказвае кірунак. Гэта працэс двухбаковы, дзеля таго ён і існуе, каб чалавек рэагаваў і нешта мяняў у сваім жыцьці. Адвечны працэс адкліканьня, калі Тварэц паказвае, а чалавек мусіць дэманстраваць сваю тонкую творчую і духоўную арганізацыю. Бо працэс ўжо становіцца духоўным, сакральным».
Мастак заўжды ў пошуку
Павіншаваць Генадзя Драздова сабраліся шматлікія калегі з творчай суполкі «Пагоня», якую ён узначальваў да канца мінулага году. У прыватнасьці, бясспрэчны маральны аўтарытэт «пагонічаў» Аляксей Марачкін і ягоны сын Ігар, цяперашні кіраўнік арганізацыі, а таксама Эдуард Агуновіч, Лявон Грышук, Алесь Пушкін, Генадзь Мацур ды іншыя.
Мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская, ацэньваючы маштаб Генадзя Драздова ў сучасным беларускім мастацтве, перадусім канстатуе — гэта асоба:
«Працы Драздова пазнавальныя ў любой залі: калярыстыкай, вобразамі, зьместам — адметнымі знакамі свайго жывапісу. У той жа час ён у кожным сваім праекце розны. А для спажыўца надзвычай важна, каб мастак не шыбаваў па адных і тых жа рэйках, а каб шукаў, намацваў нешта ў сваёй душы, у вонкавым сьвеце. Як гэта здараецца ў прыродзе: настае час бэзу, настае час рамонкаў. Зьявы мяняюцца адна за другой. Гэта ўласьціва і Генадзю Дразову, бо ягоныя зьмены магутным чынам уплываюць на рэцэптары гледача, абуджаюць ня толькі думку, а нават глыбока прыхаваныя эмоцыі, ўражаньні. Калі гаварыць агулам, творчасьць любога мастака — гэта мова, якая будуецца на тэкстах, падтэкстах і кантэкстах. І вось якраз на гэтых „моўных“ нюансах вельмі ўмела гуляе Генадзь».
Як кажа Генадзь Драздоў, работы з цыклю «Міратачэньне» — ня што іншае, як спроба занатаваць сродкамі выяўленчага мастацтва і мастацкай мовы дыялёг вышэйшых сілаў і чалавека. Паводле яго, калі паглядзець праз запацелае шкло, вока зафіксуе адразу некалькі выяваў — тое, што на шкле, і тое, што за ім.
Дзьве фармальныя калькі накладаюцца адна на адну і ствараюць незвычайны вобраз. А потым дадаецца яшчэ і трэцяя тканка — тое, што дадае інтэлект і фантазія гледача:
«Кроплі сьцякаюць і як бы міраточаць. Для кагосьці яны ператвараюцца ў кроплі поту, для кагосьці — у кроплі крыві. Гэта і ёсьць міратачэньне, праява надматэрыяльнага, невытлумачальнага лягічна, рацыянальным мысьленьнем», — падсумоўвае мастак.
У канцы знаходжаньня Генадзя Драздова на пасадзе старшыні мастакоўскай суполкі «Пагоня» ягонымі і Аляксея Марачкіна высілкамі быў рэалізаваны маштабны праект — пабачыў сьвет альбом-даведнік «Творчая суполка „Пагоня“». З густам аздобленае выданьне прымеркаванае да 25-годзьдзя дзейнасьці згуртаваньня, якое на зломе эпох дало адчувальны штуршок усяму нацыянальна-вызвольнаму руху Беларусі.
Генадзь Драздоў нарадзіўся 11 сакавіка 1959 году ў вёсцы Паддуб’е Рагачоўскага раёну на Гомельшчыне. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава, а пасьля і Беларускую акадэмію мастацтваў, дзе набіраўся практычнага досьведу ў Івана Чухраева і Віктара Маркаўца. Сябра Беларускага саюзу мастакоў ад 1999 году.
За мінулы час наладзіў больш за дзясятак пэрсанальных выстаў у Беларусі і за яе межамі. Ягоныя творы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы, у прыватных калекцыях.
Працуе ў галіне графікі, жывапісу, мастацкіх праектаў. Найбольш значныя творы: «Малітва аб незалежнасьці Беларусі», «Рэхаформ», «Вяртаньне блуднага сына», «Шлях вузкай брамай», «Час восені», «Пакінуты Беларускі дом», «Фрагмэнты беларускага барока».
Узнагароджаны дыплёмамі за сэрыю графічных работ на ІІ Менскай міжнароднай выставе графікі і на ІV Менскім міжнародным фэстывалі лічбавага мастацтва. Аўтар канцэптуальных праектаў, сярод які два «Фэсты беларускага духоўнага мастацтва», «ARTрэйтынг», «Пэрформанс „Вясны“» і г.д.
Цягам пяці гадоў — ад 2011-га да 2016-га — узначальваў Раду творчай суполкі «Пагоня».