Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Краўчанкі да Макея: траекторыя беларускай дыпляматыі


Карбалевіч: Беларусь адзначае сымбалічны юбілей — 25-годзьдзе сваёй зьнешняй палітыкі. Сымбалічны таму, што цяжка дакладна вызначыць, зь якога тэрміну весьці адлік незалежнага зьнешнепалітычнага курсу маладой дзяржавы, уласнай дыпляматыі. Таму вырашылі прымеркаваць урачыстасьці да чарады 25-гадовых юбілеяў устанаўленьня дыпляматычных адносінаў Беларусі з замежнымі краінамі. У дзяржаўных СМІ зьявілася сэрыя публікацый на гэтую тэму. У Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя «25 гадоў зьнешняй палітыкі Беларусі», арганізаваная экспэртнай ініцыятывай «Менскі дыялёг». На форум сабраліся ўсе ранейшыя міністры замежных спраў незалежнай Беларусі.

З дакладам выступіў цяперашні кіраўнік МЗС Уладзімер Макей. Аднак і ў яго прамове, і ў выступах былых міністраў гаварылася толькі пра посьпехі, сур’ёзнай рэфлексіі, аналізу праблемаў і магчымых памылак не прагучала.

Праблема ў тым, што нялёгка знайсьці крытэрыі, шкалу ацэнкі посьпехаў ці паразаў у замежнай палітыцы. Яе нельга вымераць у канкрэтных лічбах, як эканоміку. Зноў жа — з чым параўноўваць? Бо адлік трэба весьці з нуля.

Моцная эканамічная залежнасьць ад Расеі, дамінаваньне расеяцэнтрызму ў беларускай грамадзкай думцы і масавай сьвядомасьці, рабілі курс на інтэграцыю з Расеяй практычна непазьбежным. Эканамічная, палітычная, дыпляматычная падтрымка Масквой створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі стала неабходнай умовай выжываньня апошняй. Вынікам гэтага стала гіпэртрафаванае разрастаньне ўсходняга вэктару зьнешняй палітыкі Беларусі.

Безумоўна, шчыльны саюз з Расеяй у нейкай меры дапамог Беларусі выжыць у самыя цяжкія першыя гады незалежнасьці, захаваць беларускую прамысловасьць, забясьпечыць сацыяльную стабільнасьць. Але, зь іншага боку, ён спрыяў кансэрвацыі старой савецкай эканамічнай мадэлі, не забясьпечыў разьвіцьцё.

У выніку сам А. Лукашэнка назваў такую палітыку «дзікім крэнам на Ўсход», казаў, што мы «ляцелі на адным крыле». У другой палове 2000-х гадоў у замежную палітыку Беларусі былі ўнесеныя карэктывы, пачаўся дыялёг з Захадам, зьявілася тактыка балянсаваньня. Па вялікім рахунку можна канстатаваць, што менавіта з гэтага моманту ў Беларусі зьявілася свая зьнешняя палітыка.

Апошнім часам з вуснаў афіцыйных асобаў і праўладных палітолягаў настойліва прасоўваецца новы канцэпт, закліканы стаць стратэгіяй зьнешняй палітыкі Беларусі. Беларусь спрабуюць пазыцыянаваць як донара або правайдэра бясьпекі, як дзяржаву, закліканую прымірыць РФ з ЭЗ, рэалізаваць ідэю «інтэграцыі інтэграцыяў». Гучыць прыгожа. Але, пры разумнай развазе, выглядае ўтопіяй.

Праблема тут ня толькі ў невысокай міжнароднай вазе Беларусі, але і ў дрэнным іміджы. Беларусь успрымаецца за мяжой як праблемная дзяржава, якая ня здольная вырашыць легітымным чынам унутраны канфлікт. Куды ўжо прэтэндаваць на ўрэгуляваньне міжнародных крызісаў?

Але яшчэ больш важна тое, што ролю пасярэдніка, мадэратара, сумленнага брокера можа выканаць толькі нэўтральная дзяржава, якая стаіць над сутычкай. А Беларусь зьяўляецца фармальным і рэальным вайскова-палітычным саюзьнікам Расеі, чальцом блёку АДКБ. Маючыя адбыцца вайсковыя вучэньні з Расеяй «Захад 2017», якія выклікалі вялікі міжнародны ажыятаж і асьцярогі суседніх дзяржаў, дрэнна спалучаюцца з роляй донара бясьпекі.

Цыганкоў: Перш чым перайсьці да высноваў, падзялюся цікавым уражаньнем нашага маладога калегі, які схадзіў на гэты форум. Ён сказаў: якія саўковыя і замшэлыя, на яго думку, былыя міністры замежных справаў Беларусі, акрамя, можа, Пятра Краўчанкі. Гэты малады чалавек нікога зь міністраў раней ня ведаў, ня ведае і іх біяграфіяў, асаблівасьцяў кар’ернага росту, але вось такое яго ўражаньне сьвежым вокам. Гэта таксама на прыватным узроўні кажа дастаткова шмат пра замежную палітыку Беларусі.

Тэндэнцыі апошняга часу, калі МЗС Беларусі і праўладныя экспэрты прасоўваюць ідэю, што Беларусь — донар бясьпекі ў рэгіёне, што гэта нейкі мост, то гэта адзінае, што Беларусь сёньня ў ідэалягічнай сфэры можа прадаць. Але ў мяне такое ўражаньне, што Захад ня вельмі на гэта купляецца. Беларускія прадстаўнікі кажуць гэта ня проста каб падняць узровень павагі да сябе, а з канкрэтнай мэтай, каб Захад праплачваў гэтую самую стабільнасьць. Маўляў, Беларусь не прапускае мігрантаў, прымае ўкраінскіх уцекачоў — звычайна Аляксандар Лукашэнка падвышае рэальныя лічбы гэтых украінскіх уцекачоў. Але заходнія палітыкі успрымаюць гэта спакойна, як звычайную рыторыку. Што да вынікаў, то дастаткова красамоўным вынікам будзе таваразварот. Як кажуць, палітыка — канцэнтраваная форма эканомікі, і Беларусь пасьля 25 гадоў незалежнасьці па-ранейшаму эканамічна вельмі залежыць ад Расеі. Больш за 50% таваразвароту прыходзіцца на Расею.

Дракахруст: Я б пачаў з выступу Пятра Краўчанкі. Ён быў адным з самых яскравых, магчыма, нават больш яскравы, чым выступ дзейнага міністра Макея. Цікава, як з выступу Краўчанкі, выступу чалавека сыстэмы, вынікала, што насамрэч Беларусь магла пайсьці іншым шляхам. Усё ж 1994 год — гэта было сапраўды раздарожжа. Хутчэй за ўсё Беларусь так або інакш не разарвала б сувязі з Расеяй, але тое, пра што казаў спадар Краўчанка, нават яго такія крыху рамантычныя пляны, што ў 2007 годзе Беларусь магла ледзь не чальцом Эўразьвязу стаць, якраз і сьведчыць пра тое, што былі розныя погляды. І ня толькі ў апазыцыі або ў незалежнага грамадзтва — для саміх людзей улады гэта выглядала крыху інакш, чым тое, што адбылося насамрэч.

Гэта, на мой погляд, сьведчаньне таго, што і цяперашняя сытуацыя — не апошняя кропка ў беларускай гісторыі. Акрамя таго, я зьвярнуў увагу на агульную асаблівасьць выступаў міністраў на гэтай канфэрэнцыі — на асьцярожнасьць і адсутнасьць вялікіх праектаў, імпэту — мы памыем боты ў Эўфраце, навучым усю Эўропу, як ёй жыць па-эўрапейску, заўтра далучымся да яе. Вось гэтага нічога не было. Можа, гэта кепска, а можа і добра.

Гэтыя даволі розныя людзі, якіх мы на гэтай канфэрэнцыі ўбачылі, усё ж адлюстроўваюць нейкія агульныя рэчы, і можа ня столькі ўласьцівыя пэўным палітычным поглядам, колькі агульнанацыянальныя. Бо 25 гадоў — гэта шмат. І гэта ўжо кавалак беларускай гісторыі. Лічыць яго выкінутым зь нейкай сапраўднай гісторыі, якая заўтра пачнецца як трэба, недарэчна. Гэта і ёсьць беларуская гісторыя, і яна зусім не выпадковая, яна такая не таму, што, як у анэкдоце — прыйшоў паручнік Ржэўскі і ўсё апошліў.

Што да таго, што Беларусь ня можа быць пасярэднікам, бо яна ў саюзе з Расеяй — так, тут размова не ідзе пра нейкі фармальны статус нэўтралітэту кшталту Швэйцарыі і Швэцыі. Але калі казаць пра гістарычныя аналёгіі, гэта такое больш незалежнае месца ў пэўным шыхце, у тым ліку і ў вайсковым, яно магчымае. Быў досьвед Румыніі часоў Чаўшэску, якая адмовілася ўдзельнічаць ва ўварваньні ў ЧССР войскаў шэрагу краінаў Варшаўскай дамовы. Можна прыводзіць прыклад Франка, які ня ўстаў у адзін шыхт з Гітлерам, як Мусаліні. Ну і адпаведна і лёсы аказаліся розныя — аднаго павесілі, другі застрэліўся, а Франка памёр правадыром у сваім ложку. Так што, думаю, размова ідзе не пра нейкі фармальны нэўтральны статус, а ўсяго толькі пра тое, што мы будзем крышачку ўбаку ад шыхта. Уласна пра тое і казаў спадар Макей.

Карбалевіч: Усё ж такі ня стаць у шыхт — іншае, чым быць донарам бясьпекі, мадэратарам нейкай палітыкі інтэграцыі інтэграцый. Гэта даволі амбіцыйны праект.

Дракахруст: Я думаю, што тут як у старым анэкдоце: а вось мой сусед гаворыць... — дык і вы гаварыце! Гэта якраз чысты антураж. А вось тое, што Беларусь не зусім у шыхце і не зусім з аднаго боку — гэта хіба што рэальнасьць. А ўжо байкі пра інтэграцыю інтэграцыяў — гэта байкі і ня больш за тое.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG