У сярэдзіне 1960-х гадоў у Злучаных Штатах нарадзіўся, а затым і ахапіў бальшыню заходніх краін моладзевы рух, які атрымаў назву «гіпі». Маладыя людзі з доўгімі валасамі, пераважна неахайна апранутыя, слухалі фальклёрны і псыхадэлічны рок, выступалі супраць пурытанскай маралі, вайны ў Віетнаме, прапагандавалі неабходнасьць вярнуцца да прыроднай чысьціні праз каханьне і пацыфізм. Яны верылі, што чалавек павінен быць свабодным. Свабода для іх была найвялікшай каштоўнасьцю. А дасягнуць яе можна было толькі тады, калі сам чалавек зьменіць унутраны лад душы. Маладыя людзі на Захадзе адваявалі ў грамадзтва сваю тэрыторыю свабоды. І стварылі сваю філязофію і сваю субкультуру. Іхняя філязофія выяўлялася ў лёзунгах тыпу Make love, not war (Займайцеся каханьнем, а не вайною!), All you need is love («Усё, што табе патрэбна, гэта каханьне» — назва песьні The Beatles). Іхняя культура грунтавалася на рок-н-роле, свабодным сэксе, наркотыках. Філязофія і культура гіпі, якая паўплывала на сьветагляд наступных пакаленьняў аж да нашых дзён, пранікала і праз жалезную заслону Савецкага Саюзу. Хай і ня масава, але ў буйных гарадах пасьлядоўнікі заходніх гіпі адваёўвалі ў несвабодным камуністычным грамадзтве тэрыторыю сваёй свабоды, фармавалі сваю контракультуру. Пра тое, як гэта адбывалася ў Беларусі, перадусім у Менску, мы гутарым з маладым дасьледчыкам Раманам Абрамчуком.
— Раман, вы вельмі малады чалавек. Гіпі зьявіліся задоўга да таго часу, калі вы нарадзіліся. Нават я крыху маладзейшы за гіпі, хоць і быў пад уплывам іхняй культуры. Чаму раптам вас захапіла гэтая зьява, як кажуць, «дзіўная аповесьць мінуўшай славы і жыцьця»? Калі і чаму вы пачалі яе дасьледаваць?
— Я зь дзяцінства слухаў рок-музыку, і гістарычны аспэкт мне таксама заўжды быў цікавы. Сапраўдным адкрыцьцём для мяне стаў цыкл радыёперадачаў Віктара Сямашкі, які зрабіў тытанічную і надзвычай цікавую дасьледніцкую працу пра беларускі музычны андэграўнд 1960–70-х гадоў. А канкрэтная практычная патрэба ў гэтай тэме ў мяне ўзьнікла ў зьвязку з правядзеньнем роварнай экскурсіі па Менску, якая была прысьвечаная гэтай тэме. Цікава, што гэта адна з тых экскурсіяў, дзе экскурсаводу ня трэба часта паўтараць: «На гэтым месцы раней знаходзілася...», бо архітэктурны кантэкст, гарадзкая атмасфэра савецкага Менску, дзе ўсё гэта адбывалася — амаль цалкам захаваліся. Больш за тое, дагэтуль жывыя многія з удзельнікаў таго вясёлага музычна-тусовачнага брацтва, і таму гэтая гісторыя дайшла да нас у даволі поўным аб’ёме, з мноствам цікавых дэталяў.
— Што ж, раскажыце нашым слухачам самае цікавае, самае яркае з гісторыі, так бы мовіць, «баявой славы» пакаленьня вашых бацькоў. А ім будзе, спадзяюся, цікава пачуць, як іхныя дзеці праз гады ўспрымаюць іх паводзіны, учынкі. І спачатку для ня вельмі дасьведчаных: калі і як зьявіліся гіпі ў Менску? На якім грунце, зь якіх думак, ідэяй узьнік рух людзей, якія раптам захацелі быць свабоднымі?
— Усё нараджалася зь несвабоды. Імпульс да разуменьня яе і ўнутранага пратэсту даваў той жа Захад, тыя пратэсты, якія там нараджаліся і адбываліся. Інфармацыя трапляла найперш праз радыёгаласы «з-за бугра», як тады казалі. З радыёпрымачоў, настроеных на хвалі «Бі-бі-сі», «Голасу Амэрыкі», Радыё Люксэмбург, Радыё Свабода, Радыё Швэцыя, вырывалася і музыка свабоды — бунтарскі рок-н-рол, якая захапляла моладзь.
Натуральна, улады не маглі на гэта не адрэагаваць. Камітэт Дзяржбясьпекі на пачатку 1960-х гадоў усталяваў радыёглушылку непадалёк ад плошчы Перамогі. Тут трэба ўзгадаць і пра нашых умельцаў, якія маглі саматужна зьмяняць наладкі прымачоў, каб тыя ўсё адно лавілі патрэбныя хвалі. Радыё — адна з крыніцаў натхненьня руху гіпі ў Менску і іншых гарадах Беларусі.
Варта тут узгадаць і нядаўна спачылага Сяргея Ханжанкова — знакамітага менскага дысыдэнта, які і сеў менавіта праз гэтую глушылку, бо хацеў зьнішчыць гэтую пачварную вынаходку і вырабіў дзеля гэтага выбухоўку. Арыштавалі яго незадоўга да акцыі.
Але, зразумела, ня радыё само па сабе натхняла гіпі. Менавіта музыка, якую перадавала заходняе радыё, была жыватворнай крыніцай для маладых гіпі: The Beatles, пазьней — Led Zeppelin, Rolling Stones, Deep Purple. Гэта, бадай, найбольш паважаныя ў нашых шыротах гурты. Хоць і блізкімі суседзямі, і больш «клясычнымі» выканаўцамі цікавіліся. У 1970-я гады канцэрты польскіх «Чырвоных гітараў», Чэслава Немэна (які, дарэчы, нарадзіўся і гадаваўся ў Беларусі), Д’юка Элінгтана праходзілі ў Менску зь вялікімі аншлагамі.
— Я ўжо добра памятаю ўсе 1970-я гады. Хадзіў на ўсе канцэрты, якія адбываліся ў толькі што збудаваным менскім Палацы спорту. Быў я там і на ўзгаданым вамі вялікім канцэрце вялікага джазавага музыкі Д’юка Элінгтана, захоўваю нават значок з таго канцэрту як вялікую рэліквію. Там жа я браў інтэрвію ў Чэслава Немэна. Усе гэтыя канцэрты, а пераважна ўсё ж выступалі там выканаўцы з гэтак званых сацыялістычных краін, зьбіралі аншлягі. А гэта — каля шасьці тысяч слухачоў кожны канцэрт. Натуральна, і ў Менску, у Беларусі моладзь пачала пераймаць тыя «мэлёдыі і рытмы замежнай эстрады»...
— Так, менчукі ня толькі слухалі чужы рок-н-рол. Адказам, нашым водгульлем тых рытмаў, «бітоў», што нарадзіліся далёка ад нас, стала ўтварэньне ўласных электрагітарных ансамбляў, як іх раней называлі. Цікава, што галоўным асяродкам гэтага руху становіцца Радыётэхнічны інстытут. Здавалася б, якое дачыненьне «тэхнары» маюць да музыкі? Чаму не кансэрваторыя? Адказ даволі просты: савецкая прамысловасьць не вырабляла анічога зь неабходнага рыштунку, каб граць біг-біт і рок-н-рол. І першыя электрагітары ў Менску, і першыя ўзмацняльнікі з адпаведным гукам рабіліся сваімі рукамі.
І гэта ня значыць, што ўсё гэта было нізкай якасьці. Акурат наадварот. Гэта быў суцэльны hand made, «усілкі» і «гітары» з індывідуалізаваным гучаньнем, зробленыя з душой.
Вядома, што адзін з такіх апаратаў (зроблены Аляксандрам Янголам) карыстаўся такой славай у асяродзьдзі менскіх музыкаў, што Ўладзімер Мулявін хацеў яго набыць для філярмоніі ў хлопцаў з РТІ. А тыя адмовілі.
Цікава і тое, што каб зрабіць гуказдымальнік для электрагітары, выкарыстоўвалі слухаўкі з тэлефонаў-аўтаматаў. То бок для вырабу гітары трэба было адважыцца на дробнае злачынства.
— Гралі на танцах у студэнцкіх спартыўных залях, інтэрнатах. І нават праводзілі фэстывалі. Калі і дзе адбыўся першы зь іх?
— Заканамерна, што менавіта ў РТІ ў 1968 годзе адбываецца і першы ў Менску, а знаўцы кажуць, што ці ня першы ў СССР, фэстываль біг-біт музыкі.
Фэстываль аказаўся надзвычай папулярным: сьведкі ўзгадваюць, што квіткі дастаць было немагчыма, і фанаткі залазілі на другі паверх галоўнага корпусу РТІ па вадасьцёку, паўз мужчынскую прыбіральню.
У памяць пра фэст захаваўся дакумэнтальны рэпартаж «13 маршрут», які з ідэалягічных прычын не пусьцілі ў эфір, а пазьней «выраклі» на зьнішчэньне. Улады баяліся моладзевых бунтаў, якія на той час ужо пракаціліся па краінах сацлягеру. Толькі дзякуючы «непаслухмянасьці» апэратара, які захаваў копію, фільм сёньня можна паглядзець. На YouTube ён ёсьць у вольным доступе. У стужцы добра бачная пазытыўная, сьвяточная атмасфэра фэсту.
Адным зь пераможцаў стаў, бадай, самы вядомы менскі гурт таго часу — «Альгарытмы». І журы, і слухачы былі ўражаныя, наколькі ладна і самабытна граюць хлопцы, застаючыся ў той жа час у рамках любімага жанру. Заслуга ў гэтым была найперш Яўгена Канавалава — гітарыста-віртуоза, які стаў прыкладам для шмат якіх іншых музыкаў на многія гады, бо выдатна спалучаў адрэпэтаваныя фрагмэнты кампазыцыяў з жывой няўрымсьлівай імправізацыяй. Менавіта ён і граў на тым знакамітым «янголавым усілку». Іншыя калектывы журы крытыкавала за тое, што ў кампазыцыях было зашмат запазычанага, мала свайго, «савецкага». Але тыя ж «Альгарытмы» гралі і свае песьні, і іхнія гітарныя пройгрышы былі даволі пазнавальныя. Дарэчы, групу чакаў неблагі лёс — інстытуцкія актывісты арганізавалі музыкам працяглыя гастрольныя туры па аддаленых кутках «неабдымнай радзімы». Арганізатарам быў Яўген Будзінас — пазьней вядомы журналіст, публіцыст, пісьменьнік, стваральнік музэю «Дудуткі».
— І вось у фокус нашай размовы трапляюць добра знаныя пазьней людзі культуры, літаратуры, мастацтва...
— Менавіта. Наступны фэст адбыўся зноў у РТІ ў 1971 годзе. Адным з ініцыятараў быў вядомы сёньня беларускі кампазытар Уладзімер Кандрусевіч, а тады — студэнт кансэрваторыі, ураджэнец Гародні і навучэнец тамтэйшай музвучэльні. Кандрусевіч у Менску стварыў гурт «Пане-браце» разам з Уладзімерам Угольнікам (пазьней — прафэсарам, выкладчыкам гітары ва Ўнівэрсытэце культуры).
Гэты фэст таксама быў вельмі папулярны, і пра яго таксама ўзгадваюць, як самыя гарачыя прыхільнікі прабіраліся ў залю (і нават ня ў залю, а ў прастору над сцэнай) праз пажарныя лесьвіцы і вэнтыляцыйныя шахты. Улады былі гатовыя да імпрэзы таксама. Таму зьмест фэсту быў строга прафільтраваны, і са сцэны — насуперак чаканьням слухачоў — збольшага гучала эстрадная нуда.
Лепшым быў заслужана прызнаны гурт «Арганаўты» з БДУ. Яны ледзь ня першымі сталі пісаць свае песьні па-расейску, адмовіўшыся ад ангельскай мовы, і першымі паспрабавалі спалучыць сымфанічнае гучаньне струннай сэкцыі з электрагітарнай музыкай.
У часе ўрачыстага закрыцьця фэсту Кандрусевіч, гітарыст Уладзімер Угольнік і бубнач Ігар Карастылёў, паддаўшыся эмоцыям, нечакана выскачылі на сцэну і зайгралі адну зь песень Creedence Clearwater Revival на радасьць публіцы. Але скончылася сумна: прыбег нейкі чалавек, як пасьля высьветлілася, супрацоўнік ЦК КПБ, і закрыў заслону. А Кандрусевіча, хоць ён і быў выдатнікам, на наступны дзень выключылі з кансэрваторыі, Праўда, праз пару тыдняў аднавілі, бо за яго заступіліся выкладчыкі і студэнты.
— Я таксама памятаю камсамольскія сходы-разборкі ў БДУ, дзе я вучыўся. Я ня быў гіпі, але насіў сапраўдныя амэрыканскія джынсы, якія мне перасылала праўдамі і няпраўдамі цётка зь Лёндана. Пакуль не пачалася вайсковая катэдра, меў доўгія валасы. Мы зь сябрамі слухалі заходнія рок-гурты. У поўным захапленьні былі ад культавых рок-опэраў Jesus Christ Superstar і Hair. Артадаксальныя камсамольцы нас пясочылі на сваіх сходах за джынсы, валасы, рок-н-рол. Я быў асабіста знаёмы з многімі з тых, пра каго вы кажаце. Быў на выступах і «Артэфактаў», і «Альгарытмаў», і «Зодчых» з БПІ, і «Лявонаў».
— Так, насамрэч — гэта яшчэ «мяккія», «інтэлігентныя» варыянты разьвіцьця падзеяў. Бо на вуліцы гэтак званых гіпаноў чакалі больш жорсткія рэаліі. Вядома, што на гіпі ладзіліся камсамольскія аблавы, іх заводзілі ў пастарункі, стрыглі «патлы», распорвалі джынсы і псавалі модныя боты, якія вельмі цяжка было дастаць.
У парку імя Янкі Купалы гіпаны вынайшлі спосаб пазьбегнуць хапуна — яны залазілі на дрэвы. Так, у Менску ўзьніклі знакамітыя «рэпэтыцыі на дрэвах»
Цікава, што ў парку імя Янкі Купалы гіпаны вынайшлі спосаб пазьбегнуць хапуна — яны залазілі на дрэвы. Так, у Менску ўзьніклі знакамітыя «рэпэтыцыі на дрэвах», бо адзін з гуртоў, прыходзячы на гэтае тусовачнае месца, рэпэтаваў проста на дрэвах.
Некаторыя гіпі мелі канфлікты з бацькамі, асабліва калі тыя належалі да органаў улады. Так, напрыклад, легендарная рок-сьпявачка Вольга Аліпава — дачка аднаго з начальнікаў КДБ — вымушаная была пакінуць бацькоўскі дом, пасьля таго як бацька пабачыў яе на «дошцы ганьбы».
Гэтая ж Вольга Аліпава, ад голасу якой «тырчала» публіка, стала пэрсонай нон-грата на танцавальных вечарынах у РТІ. І тады музыкі вынайшлі спосаб: Вольга хавалася за калёнкай і адтуль сьпявала, а сцэна заставалася пустой.
Вядомы і такі выпадак, калі на аднаго музыку (бас-гітарыста) скардзіліся ў міліцыю «гопнікі» (такім жаргонным словам называлі ў тыя часы агрэсіўную малаадукаваную гарадзкую праслойку моладзі без асаблівых маральных каштоўнасьцяў. — В.Р.), бо ў бойках ён даваў ім перцу, карыстаючыся сваім цяжкім інструмэнтам.
Вядома і пра разгоны шэсьцяў гарадзенскіх гіпі, калі міліцыя зьбівала шмат каго і забірала ў пастарунак.
— А ў Менску нават пралілася кроў...
— Адна з гісторый скончылася трагедыяй. У красавіку 1970 году ў часе вулічнай сутычкі з «гопнікамі» ў самым цэнтры сталіцы, на вуліцы Энгельса, дзе месьціўся папулярны на той час кінатэатар «Навіны дня», недалёка ад Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы, быў забіты 18-гадовы гіпі Вячаслаў Максакаў. Забойства выклікала хвалю абурэньня сярод менчукоў. Сотні людзей прыйшлі на месца трагедыі з кветкамі, на што міліцыя адказала брандспойтамі. Замежныя радыёстанцыі перадалі тады пра гэтыя хваляваньні як пра адну зь першых антысавецкіх маніфэстацый у СССР.
Непасрэдна пра рух гіпі ў Менску — у наступным выпуску праграмы «Новая Атлянтыда».