Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наклад беларускамоўнай літаратуры ў 2016 годзе павялічыўся на 1,6%. «Гэтая статыстыка мяне ўзрадавала», — выдавец


Літаратура на беларускай мове займае 11,7% у агульнай колькасьці выдавецкай прадукцыі і 16,2% у сукупным накладзе, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

На беларускай мове ў 2016 годзе выдадзена 1122 кнігі і брашуры накладам 3,7 мільёна экзэмпляраў. У параўнаньні з папярэднім годам наклад беларускамоўнай літаратуры павялічыўся на 1,6%.

На расейскай мове летась выдадзена 7,6 тысяч кніг і брашур агульным накладам 17,1 мільёна экзэмпляраў, або 79% ад агульнай колькасьці выданьняў і 74% ад накладу.

На ангельскай мове выйшла 600 кніг і брашур, на нямецкай — 79, па-француску — 45. Выдаваліся кнігі на польскай, кітайскай, гішпанскай, украінскай, стараславянскай, італьянскай, швэдзкай, эстонскай, літоўскай, пэрсыдзкай, японскай і старажытнагрэцкай мовах.

Зрухі ў лепшы бок з выданьнем беларускамоўнай літаратуры ёсьць, кажа дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі:

Генадзь Вінярскі
Генадзь Вінярскі

«Я літаральна ўчора глядзеў статыстыку Нацыянальнай кніжнай палаты за першы квартал. Тут увогуле такія абнадзейваючыя лічбы: у першым квартале выдадзена на беларускай мове 265 кніг накладам 1 149 300 экзэмпляраў. У параўнаньні з такім жа пэрыядам 2016 году колькасьць беларускамоўных выданьняў зьнізілася на 4%, а наклад і колькасьць друкаваных аркушаў і адбіткаў узрасьлі ажно на 44,7% і 55,2% адпаведна. Мяне такія лічбы, мякка кажучы, ашарашылі. Бо колькасьць выдадзеных кніг абʼектыўна падае: людзі менш чытаюць і, адпаведна, кніг менш друкуюць. Можа, якія падручнікі выдалі, што сумнеўна — на пачатку году...

Але я б адзначыў лідэра па выпуску беларускамоўнай літаратуры — выдавецтва «Папуры» з сэрыяй «Мая беларуская кніга».

Выдавец, пісьменьнік і перакладчык, куратар сэрыі «Мая беларуская кніга» Ўладзімер Сіўчыкаў заўважае: нягледзячы на агульную тэндэнцыю, што народ стаў менш чытаць друкаваных кніг, зрухі ў бок павелічэньня і колькасьці, і накладаў беларускамоўнай літаратуры ёсьць:

Уладзімер Сіўчыкаў
Уладзімер Сіўчыкаў

«Гэтая статыстыка мяне ўзрадавала, бо ёсьць мажлівасьць нагадаць, што разам з выдавецтвам „Папуры“ мне ўдалося крышачку паўплываць на станоўчую статыстыку. Выдадзены 51 том за апошнія паўтара года ў сэрыі „Мая беларуская кніга“. І наклады там — па 2–2,5 тысячы кожнай пазыцыі. Так што, думаю, гэтая сэрыя крышачку паўплывала на тыя працэнты, крышачку павышае, крышачку паляпшае, крышачку ўпрыгожвае гэтую статыстыку. Заўсёды ўзгадваю Васіля Быкава, які казаў: „За намі праўда, за імі перамога“. Тым ня менш маленькімі перамогамі хочацца ганарыцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG