Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі кнігамі варта ганарыцца беларусам у сваю «пяцісотгоднасьць»?


Афіша-плякат да 500-годьдзя кнігадруку. Юбілей беларускага кнігадруку «Наша пяцісот годнасьць»
Афіша-плякат да 500-годьдзя кнігадруку. Юбілей беларускага кнігадруку «Наша пяцісот годнасьць»

Сёлета спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадруку. За паўтысячагодзьдзя пасьля таго, як у Празе пабачыла сьвет першая, аддрукаваная беларусам Францішкам Скарынам, усходнеславянская кніга — «Псалтыр», на тэрыторыі Беларусі былі выдадзеныя дзясяткі тысяч найменьняў кніг. Гэта і арыгінальныя творы беларускіх аўтараў, і пераклады на беларускую мову кніг замежных творцаў. Гэта мастацкія, публіцыстычныя, навуковыя, асьветніцкія, адукацыйныя кнігі, слоўнікі і энцыкляпэдыі, падручнікі, альбомы і гэтак далей. Яны — найвялікшая культурная спадчына беларусаў. І вельмі слушна згуртаваньне «Бацькаўшчына» і Саюз беларускіх пісьменьнікаў назвалі кампанію ў зьвязку з 500-годзьдзем кнігадрукаваньня — «пяцісотгоднасьцю». Дык якімі кнігамі, напісанымі і выдадзенымі за паўтысячагодзьдзя, перадусім можа ганарыцца нацыя? Якія зь іх найбольш паўплывалі на нацыянальную годнасьць нацыі? Якія зь іх застануцца найвялікшымі культурнымі каштоўнасьцямі нават тады, калі, як прагназуецца, папяровая кніга адыдзе ў нябыт? І ўвогуле — якая яна, беларуская кніга? Пра гэта мы гутарым зь пісьменьнікам, публіцыстам Сяргеем Дубаўцом.

— Арганізатары кампаніі «Пяцісотгоднасьць» папрасілі беларусаў вызначыць найбольш важныя кнігі для Беларусі, якія зрабілі ў свой час найбольшы ўплыў «на грамадзтва ці на пэўную сфэру і паўплывалі на фармаваньне беларускай нацыі». І ўвосень будзе абраны ТОП-20 знакавых кніг Беларусі. Сяргей, як вы ставіцеся да гэтай апытанкі, зьвернутай да вельмі шырокага кола людзей?

— Я пачну з сумнага. Вы сказалі, што папяровая кніга, паводле пэўных прагнозаў, зьнікне. І гэта вельмі папулярная думка ў Беларусі, яна пашыраецца ў сродках масавай інфармацыі, у сёньняшняй беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі. Тым часам у якую краіну я ні прыеду, прыкладам, у суседнія Літву, Польшчу, Чэхію, там пра такое не гавораць. Там кніга ёсьць, яна выдаецца, яе чытаюць.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

— Там аднаўляюцца старыя кнігарні і будуюцца новыя. Апошнім разам я быў моцна ўражаны рэканструкцыяй велічэзнага кніжнага салёну на вуліцы Маршалкоўскай у Варшаве...

— Так. Гэта ў той час, як у Беларусі ў мінулы гэтак званы год культуры было зачынена, калі я не памыляюся, недзе каля 260 бібліятэк. У Беларусі цалкам адсутнічае кніжны рынак. Звычайна ў краінах папулярнасьць кнігі і запатрабаванасьць яе вызначаецца акурат тым, наколькі яна запатрабаваная ў бібліятэках і якія продажы гэтай кнігі. У Беларусі нічога гэтага няма, і таму мы займаемся трохі, так бы мовіць, кабінэтнай працай. Мы выпрацоўваем крытэры па-за рынкам, па-за запатрабаванасьцю кнігі. І нічога іншага нам не застаецца. Мы як бы чыстыя тэарэтыкі ў гэтай справе. Таму і будзем займацца чыстай тэорыяй.

— А які ваш рэйтынг? На пачатку размовы, каб вызначыць нейкія пазыцыі, дайце толькі назвы дзесяці, пятнаццаці, дваццаці кніг. Колькі вось зараз вам узгадаецца...

— Мне ўзгадаецца зараз, безумоўна, «Біблія» Скарыны. Мне ўзгадаюцца, безумоўна, «Вянок» Максіма Багдановіча, «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага, «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча, «Лісткі календара» Максіма Танка, «Пачынальнікі» Генадзя Кісялёва, «Зямля пад белымі крыламі» Ўладзімера Караткевіча, «Беларускае народнае адзеньне» Міхася Раманюка, ягоныя ж «Беларускія народныя крыжы», альбом з тэкстам Дзяніса Раманюка «Чарнобыль», найлепшая ў Беларусі анталёгія паэзіі «Краса і сіла», укладзеная Міхасём Скоблам.

Скарынаўская Біблія
Скарынаўская Біблія

— Гэтая колькасьць кніг і гэтыя тытулы, натуральна, выяўляюць вашу ўласную тыпалёгію. Калі ласка, патлумачце крытэры, паводле якіх яна існуе? Зрэшты, яны ў кожнага, хто возьмецца ўдзельнічаць у складаньні агульнага рэйтынгу, ці ТОП-20, ці нават пяцісоткніжжа, будуць усё ж свае. Але ў нечым прынцыповым мусяць жа яны супадаць. У чым? Што мусіць перадусім вызначаць вартасьць, каштоўнасьць кнігі?

— Натуральна, сьпісы ў кожнага будуць свае, але крытэры мусяць больш-менш супадаць. Напрыклад, гэта ня мусіць быць толькі твор, бо кніга — самастойны жанр, самастойны культурны арганізм са сваім лёсам. І гэта ня мусіць быць толькі зборнік ілюстрацыяў, бо такая кніга называецца альбомам, а не менавіта кнігай. У кнізе мы ацэньваем і тэкст, і ілюстрацыі, і вокладку, і сам лёс гэтай кнігі. У кнігі мусіць быць біяграфія. Кніга — жанр, дзе мусіць быць і зьмест, і форма. З формай ясна — мусіць быць запамінальная, арыгінальная, мець адметныя мастацкія якасьці. А зьмест мусіць быць у большай ступені мастацтвам чыстай красы, бо ўсе інфармацыйныя жанры аблічбоўваюцца, і ў такім выглядзе яны больш эфэктыўныя, чым на паперы. А кніга — гэта як музыка. Дакрануўся да вокладкі, разгарнуў — і нешта ў табе загучала. У кнізе абавязкова мусіць быць загадка.

— А дзе пралягае мяжа паміж выдатным тэкстам і выдатнай кнігай? Ці кожны якасны тэкст, трапіўшы пад цьвёрдую ці мяккую вокладку, становіцца якаснай кнігай?

Вячаслаў Ракіцкі ў студыі Радыё Свабода
Вячаслаў Ракіцкі ў студыі Радыё Свабода

— Вельмі люблю слоўнік Насовіча. Але як толькі ён будзе аблічбаваны, я ўжо кнігу ў рукі не вазьму. Тое самае з энцыкляпэдыяй «Беларусь», дзе ўпершыню беларушчына савецкая і несавецкая сабраныя разам. Гэта плён працы Барыса Сачанкі. Знакаміты слоўнік Ластоўскага («Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік») мае мноства наватвораў і таму таксама прэтэндуе на тое, каб не адлучаць яго ад паэзіі. Але тут нашым крытэрам не адпавядае форма — бо гэта менавіта падручны слоўнік, які пад рукой заўсёды. А сёньня ў нас пад рукой гаджэты. І, на жаль, слоўніка Ластоўскага ў сеціве пакуль няма, як і слоўніка Насовіча.

— Дык пералічыце, калі ласка, складнікі кнігі. Гэта тэкст, аддрукаваны на паперы, пад вокладкай, з ілюстрацыямі... Што ёсьць кніга, адрозна ад тэксту?

— Гэта і тэкст, і папера, і вокладка, і ілюстрацыі, і тое, пра што я і казаў: у кнігі павінна быць біяграфія, у кнізе павінна быць загадка.

— І, напэўна ж, трапляньне ў час. Кніга ўвогуле, а сур’ёзная ці нават вялікая кніга — у прыватнасьці, моцна зьвязаныя з часам. Адлюстроўваюць яго ва ўсіх парамэтрах — палітычных, эканамічных, сацыяльных, маральных, псыхалягічных, культурніцкіх. Давайце зірнем на пікавыя кнігі ў розныя пэрыяды, так бы мовіць, новай беларускай гісторыі. Канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя. Першыя яго два дзесяцігодзьдзі. Нашаніўскі час. Першая хваля Адраджэньня. Стварэньне БНР. Якія кнігі паўплывалі на гэтыя працэсы найболей? Якія з тых працэсаў паўсталі?

— Вось якраз уплыў на пэўныя грамадзкія працэсы я б не адносіў да крытэраў вызначэньня кнігі пяцісотгодзьдзя. Прывяду прыклад беларускай кнігі, якая, на маю думку, ня можа ня трапіць у гэты сьпіс толькі таму, падабаецца гэта кніга мне ці не. У гэтай кнізе сыходзяцца ўсе крытэрыі вакол яе. Гэта мілае мадэрнае выданьне мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў: Багдановічаў «Вянок». Занадта шмат у гэтай кнізе неразгаданага і таямнічага.

Вокладка кнігі Максіма Багдановіча «Вянок»
Вокладка кнігі Максіма Багдановіча «Вянок»

Ёсьць і свае легенды пра назву кнігі. Расказваюць, маўляў, сакратар «Нашай нівы» — а менавіта рэдакцыя «Нашай нівы» выдавала кнігу — Вацлаў Ластоўскі недалюбліваў паэзію Багдановіча і наўмысна як бы прынізіў кнігу, даўшы ёй поўную назву — «Вянок на магілу Сяргея Палуяна». А ў выніку атрымалася вялікая назва, і многія паэты нават любілі казаць, што ўсё сваё шматкніжжа памянялі б на адзін гэты «Вянок».

А цэлая гісторыя пра Магдалену Радзівіл, якая фінансавала кніжку! А Марцін Кухта, літовец, які ў сваёй віленскай друкарні выдаў «Вянок»! А колькі твораў прысьвечана «Вянку»! Чаму б не сабраць зь іх кнігу прысьвячэньняў? Бачыце, колькі сыходзіцца вакол адной кнігі. Я ўжо не кажу пра тое, што гэта проста шэдэўральная паэзія і вельмі адметнае афармленьне, характэрнае для таго мадэрнага часу.

— А давайце зірнем на міжваенны час. Беларусь падзеленая на Заходнюю і Ўсходнюю. Пэрыяд вельмі драматычны і для нацыі ў цэлым, і для чалавека асобнага. А на ўсходзе Беларусі, я б сказаў, і трагічны. Калектывізацыя, голад, рэпрэсіі. Вялікія, трагічныя кнігі тады зьявіліся?

— Безумоўна. І, на маю думку, самая галоўная сярод іх — гэта «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча. Абсалютна знакавая кніга, адразу перакладзеная на сем эўрапейскіх моваў, першая ў сьвеце кніга пра ГУЛАГ. Яна вельмі творчая, чаго варты разьдзел пра гумар у сталінскіх лягерах.

Вокладка кнігі Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ»
Вокладка кнігі Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ»

Ну, і легенды вакол гэтай кнігі — як аўтару ўдалося вырвацца з ГУЛАГУ? Той знакаміты абмен Аляхновіча на Тарашкевіча — калі яны пераходзілі мост адзін насустрач аднаму. І Аляхновіч так горка-горка сказаў: «Куды ты ідзеш, Бронюсь, куды ты ідзеш?..» А ішоў Тарашкевіч у савецкую Беларусь. Яго там расстралялі. Аляхновіча таксама расстралялі ў ягонай кватэры ў Вільні 3 сакавіка 1944 году. Ёсьць вэрсія, што менавіта чэкісты расстралялі яго за ягоную знакамітую кнігу.

— А ці можна сказаць, што ў міжваенны час былі выдадзеныя кнігі і з, так бы мовіць, шырокім інтэлектуальным разваротам?

— Я згадаў бы кнігу Максіма Танка «Лісткі календара». Там і інтэлектуалы міжваеннай Вільні і Эўропы, і заходнебеларуская вёска, і рэвалюцыянізм. Мноства сюжэтаў, мноства герояў і дэталяў штодзённасьці зьбіраюцца ў стракатую, але надзвычай цэльную карціну жыцьця. Чытаў і перачытваў шмат разоў.

— І міжваенны час, і пасьляваенны далі выдатную літаратуру. Кузьма Чорны, Уладзімер Караткевіч, Вячаслаў Адамчык, Васіль Быкаў... А колькі паэтаў і нават драматургаў цікавых было! І гістарычныя дасьледаваньні на мяжы з бэлетрыстыкай, і літаратуразнаўства... Але ж мы гаворым не пра беларускую літаратуру, а пра кнігу. Што зь велічэзнага шэрагу дабротнай літаратуры вам запомнілася як кніга? Якія творы сталі выдатнай кнігай? Ці тут цяжка вызначыць, бо адзін і той жа раман выдаваўся па некалькі разоў?

— Вось менавіта. Ды яшчэ і набываў самыя розныя формы, удалыя і менш удалыя. Што запомнілася, не заўсёды і ўзгадаеш. Таму я ня стаў называць у сваім сьпісе выдатныя творы выдатных пісьменьнікаў, бо папросту або ня памятаю кніг, або памятаю іх у розных выданьнях. А мы гаворым ня столькі пра літаратуру, колькі менавіта пра беларускую кнігу.

Напрыклад, які твор Гарэцкага або Чорнага назваць — я губляюся, бо чытаў ці перачытваў іх пад рознымі вокладкамі, і то былі найчасьцей выданьні, а ня кнігі. Ёсьць розьніца паміж кнігамі, выданьнямі і перавыданьнямі. Ці Ўладзімера Караткевіча і творцаў ягонага пакаленьня.

Ёсьць у мяне ўлюбёная кніжка — «Пачынальнікі» Генадзя Кісялёва. Гэта зборнік твораў, артыкулаў і дакумэнтаў пра беларускае ХІХ стагодзьдзе. Здавалася б, якая там кніга можа быць, складзеная з дакумэнтаў?.. Але — не. Некалі, будучы нэафітамі ў беларушчыне, мы зь сябрамі цанілі гэтую кнігу, бадай, вышэй за ўсё. І цяпер, хочучы акунуцца ў пэўны настрой, я магу ўзяць з паліцы зборнік паэзіі, а магу і «Пачынальнікаў» Кісялёва. Зрэшты, трэба назваць кнігу Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Яна беспрэцэдэнтная, усёахопная і таму для тысяч і тысяч людзей стала «маёй першай беларускай кнігай». Кажуць, яе зьмест састарэў. Гэта і так, і ня так. Для чалавека, які ўпершыню задумляецца пра сваю краіну Беларусь і сябе ў ёй, беларуса — гэта выдатнае першае чытаньне, першыя аргумэнты ў спрэчках людзей, якія раней пра ўсё гэта ўвогуле ня думалі.

А чым вызначылася беларускае кнігадрукаваньне ў апошнія два-тры дзесяцігодзьдзі? Якія кнігі гэтага часу можна занесьці ў беларускую «пяцісотгоднасьць»? А якія выбітныя тэксты так і ня сталі вялікімі кнігамі? І чаму? Пра гэта — у наступнай перадачы цыклю «Новая Атлянтыда».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG