Анатоль Мышкевіч пакараны ўвечары 2 траўня штрафам у трыццаць базавых велічынь (690 рублёў) за пікет на вуліцы Ажэшкі ў Горадні, перад будынкам аблвыканкаму.
Падставай для пратэсту стала сьмерць дзеда, якога ён даглядаў, сказаў Свабодзе Анатоль Мышкевіч. Ён патлумачыў, што хуткая дапамога даставіла 88-гадовага хворага ў шпіталь, але там яго адмовіліся прыняць. Падстава — загад управы аховы здароўя. Згодна з загадам, нельга браць тых, у каго не гарадзенская прапіска. Анатоль кажа, што дзед быў прапісаны ў Менску, але пражываў у Горадні.
Пазьней удалося ўсё ж пакласьці старога ў абласную бальніцу, дзе праз два дні ён памёр.
Анатоль Мышкевіч сказаў таксама, што занёс сёньня ў аблвыканкам свой зварот. Ён лічыць, што ў шпіталях павінны прымаць усіх хворых, дастаўленых хуткай, незалежна ад прапіскі. Пасьля гэтага на вуліцы ён разгарнуў аркуш ватману са словамі: «Ня трэба вайны, каб зьнішчаць беларускі народ! Для гэтага існуе беларуская мэдыцына».
Неўзабаве Мышкевіча затрымаў міліцэйскі патруль. Яго даставілі ў Ленінскі РАУС, пазьней у Ленінскі раённы суд. У 17:45 яго пакаралі штрафам за несанкцыянаваны пікет. Ад моманту затрыманьня да прысуду прайшло чатыры гадзіны.
Мышкевіч сказаў Свабодзе, што апошнім часам не працаваў — даглядаў хворага дзеда.