Пацыент прыватнага мэдцэнтру «Экамэдсэрвіс», які памёр раніцай 22 красавіка, — жыхар Рэчыцы 1952 году нараджэньня. Ён прыехаў у Менск са сваёй знаёмай, каб прайсьці абсьледаваньне ў мэдцэнтры. Калі ён чакаў прыёму ў калідоры, яму стала дрэнна.
Як паведаміў БелаПАН са спасылкай на прэс-афіцэра УУС Кастрычніцкага раёну Менску Леаніда Ўшэніна, мэдыкі спрабавалі яго ўратаваць, але ў 8:05 зафіксавалі сьмерць.
Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына памёр ад трамбозу.
«Канчатковыя высновы будуць зробленыя пасьля правядзеньня судмэдэкспэртызы», — дадаў Ушэнін.
Пра надзвычайнае здарэньне ў «Экамэдсэрвісе» паведаміла сьведка. Пацыентка мэдцэнтру расказала, што каля 10:00 у холе клінікі ляжаў накрыты прасьціной чалавек, а побач былі дактары і міліцыянт. На пытаньне, што здарылася, адна з супрацоўніц клінікі адказала, што мужчына памёр ад сардэчнага прыступу.