Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры засакрэціла інфармацыю пра конкурс на праект мэмарыялу ў Курапатах?


Памятны камень у Курапатах
Памятны камень у Курапатах

25 сакавіка Міністэрства культуры абвясьціла адкрыты конкурс эскізных праектаў памятнага знаку для мэмарыялу «Курапаты».

«Мэтай конкурсу зьяўляецца пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстраваньня вобраза ўрочышча „Курапаты“ як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэньня».

Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да 26 красавіка 2017 году, — паведамляецца на сайце Мінкульту.

Дарэчы, Міністэрства культуры абвясьціла пра конкурс літаральна на наступны дзень пасьля таго, як 24 сакавіка, наведваючы Ліду, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс:

«Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (ня Брэсцкую крэпасьць) мэмарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мэмарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Магчыма, 1 месяц — недастатковы тэрмін для такога конкурсу. Але Мінкульт вызначыў менавіта такі тэрмін на падачу заявак. На вечар 28 красавіка Свабодзе не ўдалося атрымаць інфармацыю, колькі працаў пададзена на конкурс. Чыноўніцы Мінкульту проста «футболілі» карэспандэнта Свабоды адна да адной.

Начальніца аддзелу па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Натальля Хвір накіравала да начальніцы Ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аксаны Сматрэнкі. Аксана Сматрэнка параіла зьвярнуцца да начальніцы ўпраўленьня мастацтва Ірыны Рахвалавай. Спадарыня Рахвалава — да загадчыцы аддзелу арганізацыйнай працы і інфармацыі Ілоны Немавай.

Спадарыня Немава паведаміла, што конкурс курыруе асабіста першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга, але зь ёй зьвязацца немагчыма. На пытаньне, колькі праектаў пададзена на конкурс, якія вядомыя беларускія творцы адгукнуліся на прапанову, Ілона Немава паабяцала адказаць пасьля «доўгіх выходных».

Некалькі дзён таму ў інтэрв’ю Свабодзе галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч паведаміў пра абвяшчэньне конкурсу Міністэрствам культуры: Да майго глыбокага расчараваньня, як гэта нярэдка бывае, некалькі не ва унісон пайшло разьвіцьцё падзей. Таму конкурс будзе працягнуты — па эскізам і прапановам па памятным знаку. І, канешне, ж на ўмовах ня толькі больш, а сапраўды дэмакратычных, каб прынялі ўдзел усе, хто хоча прыняць удзел — і прафэсіянальныя скульптары, і непрафэсіянальныя, архітэктары, і мастакі, і проста грамадзяне, вучні школ і студэнты — цікава будзе і гэта паглядзець. Таму гэта ўсё будзе працягнутае.

Чаму ж так складана сродкам масавай інфармацыі атрымаць зьвесткі пра адкрыты конкурс?

У той жа час літаральна дзень таму, 27 красавіка, у Менску падвялі вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял», які зладзіла грамадзкасьць: ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў», творчая суполка «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, грамадзкія абʼяднаньні «Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты», «Дыярыюш» і «Цэнтар «Супольнасьць», грамадзкі электронны архіў «Вытокі» ды іншыя.

На конкурс было пададзена каля 50 прац творцаў зь Беларусі і Польшчы — літаратурныя творы, скульптуры, мастацкія інсталяцыі, жывапіс, графіка і архітэктурна-ляндшафтныя праекты па мэмарыялізацыі ўрочышча. Вызначаны ляўрэаты першага этапу, абвешчаны другі этап конкурсу. Імпрэза праходзіла ў Палацы мастацтваў, на яе мог трапіць любы ахвотны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG