Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты. Асноўнае

абноўлена

Прапануем вам асноўную інфармацыю пра месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій урочышча Курапаты.

Калі стала вядомая праўда пра Курапаты

3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

Колькі людзей было расстраляна ў Курапатах

Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў лясным масіве пад Менскам. Гэта пацьвердзілі ўсе праведзеныя расьсьледаваньні.

Хто зь сусьветных лідэраў наведаў Курапаты

Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. Курапаты рэгулярна наведваюць амбасадары краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Беларусі. Пра візыт у Курапаты прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі не паведамлялася.

Якія памятныя знакі ўсталяваныя ў Курапатах

Сямімэтровы Крыж пакуты, усталяваны ў 1989 годзе. У 2007 годзе яго зламалі невядомыя вандалы, актывісты КХП-БНФ аднавілі крыж.

Закладны камень з надпісам: «У гэтым лясным масіве ў адпаведнасьці з пастановай Савета міністраў Беларускай ССР ад 18 студзеня 1989 года будзе пабудаваны помнік ахвярам рэпрэсій 1937–1941 гг.».

Пасол Ватыкану Кляўдыё Гуджэроці каля каменя з памятнай шыльдай, 2009 год.
Пасол Ватыкану Кляўдыё Гуджэроці каля каменя з памятнай шыльдай, 2009 год.

«Лава Клінтана», мэмарыяльны знак «Народу Беларусі ад народу ЗША дзеля памяці», які ўсталяваў у Курапатах ў 1994 годзе прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. «Лаву Клінтана» больш за 20 разоў апаганьвалі невядомыя вандалы, помнік некалькі разоў рэстаўравалі.

Помнік габрэям і іншых ахвярам сталінскага тэрору, усталяваны ў 2004 годзе. На помніку напіс: «Нашым адзінаверцам юдзеям, братам па Кнізе хрысьціянам і мусульманам — ахвярам сталінізму ад беларускіх габрэяў». Помнік выраблены з каменя, зь якога быў створаны помнік Сталіну, дэмантаваны ў Менску на пачатку 60-ых.

Пасьля акту вандалізму
Пасьля акту вандалізму

Абраз «Маці Божай Курапацкай усіх бязьвінна расстраляных» мастака Аляксея Марачкіна. Арыгінал абраза падараваны Чырвонаму касьцёлу, на Дзяды ў 2003 годзе ва ўрочышчы была ўсталяваная каплічка з рэпрадукцыяй абраза.

Крыж у памяць дзеяча БНР, акадэміка, гісторыка, мовазнаўцы й публіцыста Вацлава Ластоўскага, усталяваны ў 2016 годзе.

Як паўстаў крыжовы Народны мэмарыял у Курапатах

Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў у Курапатах былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў — на алеі, уздоўж асноўных тропаў, на ямінах-магілах, вакол урочышча. Частку крыжоў розныя людзі ўсталявалі па сваіх рэпрэсаваных продках, пераважную большасьць крыжоў вырабіў жодзінскі цясьляр Анатоль Рыбкавец. Крыжы ўсталёўвалі цягам дзесяцігодзьдзяў пераважна актывісты КХП БНФ. Крыжы вырабляюцца на народныя ахвяраваньні.

Хто апякуецца Курапатамі

Актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, якую ўзначальвае адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. КХП БНФ традыцыйна арганізоўвае і праводзіць шэсьце і мітынг у Курапатах на Дзяды. Актывісты рэгулярна праводзяць талокі дзеля ўпарадкаваньня ўрочышча.

Кіраўнік Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алесь Чахольскі, шматгагоды руплівец Курапатаў, адзін з арганізатараў акцый і талокаў, каардынатар вырабу крыжоў для мэмарыялу.

Алесь Чахольскі (справа), Уладзімер Юхо (у цэнтры) .
Алесь Чахольскі (справа), Уладзімер Юхо (у цэнтры) .

Ініцыятыва «Абаронім Курапаты», якую каардынуе Ганна Шапуцька разам з Рухам салідарнасьці «Разам» шмат гадоў праводзяць акцыі ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 29 чысла кожнага месяца, ладзяць талокі і спрабуюць праз адкрытыя лісты і зборы падпісаў вырашыць пытаньні ахоўных зонаў урочышча.

Ганна Шапуцька і Ніна Багінская
Ганна Шапуцька і Ніна Багінская

Ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў», у якую ўваходзяць мастак Аляксей Марачкін, журналіст Марат Гаравы, культуроляг Вацлаў Арэшка, археоляг Валянціна Вяргей, мовазнаўца і грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка ды іншыя. Сябры ініцыятывы праводзілі выставу «Праўда пра Курапаты», змагаліся ў судах супраць звужэньня ахоўнай зоны мэмарыялу, зьвярталіся да розных прадстаўнікоў улады, каб былі названыя імёны ахвяраў Курапатаў.

Выстава "Праўда пра Курапаты". Люты, 2017.
Выстава "Праўда пра Курапаты". Люты, 2017.

Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, якая 18 гадоў правяла ў ГУЛАГу, у свой час была навуковай кіраўніцай курапацкага мэмарыялу.

Некалькі гадоў таму за свой кошт усталявала вакол урочышча камяні — ахоўныя знакі Курапатаў.

Гісторык Ігар Кузьняцоў, прадстаўнік міжнароднага праваабарончага таварыства «Мэмарыял» у Беларусі, які шмат гадоў дасьледуе гісторыю сталінскіх рэпрэсій, удзельнічае ў працы многіх ініцыятываў у абарону Курапатаў, праводзіць экскурсіі ва ўрочышча.

Адна з заснавальніц Віртуальнага музэя савецкіх рэпрэсіяў Валерыя Чарнаморцава рэгулярна ладзіць бясплатныя экскурсіі ў Курапаты і іншыя месцы згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Сустрашыня БХД Павал Севярынец, былы лідэр «Маладога фронту», які распачаў 8-месячную вахту памяці ў 2001-2002 гадах супраць пашырэньня Менскай кальцавой дарогі, актыўны ўдзельнік усіх акцый у Курапатах. Ініцыятар «Малітвы за Беларусь» ва ўрочышчы.

9 лістапада 2001 году. Падчас разгону лягеру абаронцаў Курапатаў.
9 лістапада 2001 году. Падчас разгону лягеру абаронцаў Курапатаў.

Зьміцер Дашкевіч, лідэр «Маладога фронту», удзельнік вахты памяці ў Курапатах падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі ў 2001-2002 гадах. Сёлета ініцыяваў кругласутачную абарону Курапатаў ад будаўніцтва офіснага будынку ля ўрочышча. Акцыя прынесла вынік, будаўніцтва згарнулі. Самога Дашкевіча і іншых абаронцаў асудзілі за гэтую акцыю на суткі.

Сярод актывістаў, якія стала займаюцца курапацкай тэмай — актывіст КХП БНФ Уладзімер Юхо, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, археолягі Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў, якія ўдзельнічалі ў эксгумацыі магілаў у Курапатах, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Раманоўскі, Зьміцер Захарэвіч, валянтэры, якія бралі ўдзел у кругласутачнай вайце памяці ў 2001-2002 гадах, у лютым 2017 году і яшчэ вельмі шмат людзей.

Чаму да Курапатаў ізноў прыцягнутая ўвага

Пасьля таго, як сёлета ў лютым паўстаў кругласутачны лягер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, адбыўся «круглы стол» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць», яго матэрыялы паказалі па БТ. Праз некаторы час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. Міністэрства культуры абвясьціла конкурс эскізаў памятнага знака «Курапаты».

Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч лічыць, што да мэмарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Ён ініцыяваў стварэньне рабочай групы, у якую запрасіў Ігара Кузьняцова, Ганну Шапуцьку, прадстаўніка КХП БНФ, кіраўніка Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алеся Чахольскага і іншых зацікаўленых асобаў. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. Яна адмовілася, скажаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Пазьняк, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны.

Ці змогуць абʼяднацца ўлады і прадстаўнікі грамадзкасьці ў пытаньні ўшанаваньня Курапатаў

Пакажа час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG