У Палацы мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў і ўдзельнікаў першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял». Конкурс доўжыўся больш за год, было прадстаўлена каля 50 прац у самых розных жанрах: літаратура, музыка, жывапіс, графіка, скульптурная кампазыцыя, інсталяцыя, тэхна-арт. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі ганаровыя дыплёмы і памятныя мэдалі.
Старшыня журы конкурсу «Праз Курапаты — да пакаяньня» мастак Аляксей Марачкін кажа, што вызначыць найлепшыя працы было надзвычай цяжка. Было пададзена паўсотні твораў, удзельнічалі зусім юныя творцы і сталыя мастакі суполкі «Пагоня», прызнаныя аўтарытэты.
Спадар Марачкін адзначыў і жанравую разнастайнасьць: ад бардаўскай песьні і апавяданьня да маштабных скульптурных кампазыцыяў, ад плякату да тэхна-арту.
Узнагароды атрымалі і бард Зьміцер Захарэвіч, які адседзеў 20 сутак за абарону Курапатаў, і слынны паэт і перакладчык Алесь Разанаў, і знакаміты скульптар Леў Гумілеўскі, і маладыя творцы Алесь Сакалоў, Алег Усьціновіч, графікі Генадзь Мацур і Анатоль Арцімовіч, мастакі Кацярына Сумарава, Вольга Бычкова, Уладзімер Анішчанка, Генадзь Драздоў, Ігар і Аляксей Марачкіны і іншыя.
«Мы не вызначалі першае, другое, трэцяе месца ў розных намінацыях. Мы проста абазначылі ўдзельнікаў конкурсу і ляўрэатаў. Таму памятныя дыплёмы і мэдалі ўручаем усім. Праекты яшчэ не канчатковыя. Цяпер абвяшчаем аб старце другога этапу конкурсу, які працягнецца да лютага 2018 году. Працы ляўрэатаў першага этапу пераходзяць у другі тур. Мэмарыял ёсьць, і называецца ён народным. Мы павінны да яго дадаць тое, што ня будзе супярэчыць таму, што ўжо створана. І абавязкова будзе грамадзкае абмеркаваньне ўсіх праектаў мэмарыялу», — запэўніў старшыня журы конкурсу Алесь Марачкін.
Культуроляг, сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вацлаў Арэшка зладзіў відэапрэзэнтацыю мастацкіх твораў, дасланых на конкурс.
У канфэрэнц-залі выстаўленыя макеты архітэктурна-ляндшафтных праектаў мэмарыялу: адзін — польскіх архітэктараў Юліі Сабалеўскай і Рафала Ёзьвяка, другі — беларускіх архітэктараў Вадзіма Гліньніка, Рамана Забэлы і Дарʼі Маньдзік.
«Архітэктурна-ляндшафтны праект Юліі Сабалеўскай і Рафала Ёзьвяка (майстэрня „Дансэрас“, Лодзь) даволі цікавы і арыгінальны. Палякі прапануюць насупраць прасекі ўзьвесьці Цэнтар беларускай нацыянальнай памяці. Гэта даволі вялікі бэтонны будынак, які адкрываецца на Курапаты. На падземным паверсе, на глыбіні два з паловай мэтры (на ўзроўні магіл) разьмесьціцца музэй, на другім, наземным паверсе — капліца, на трэцім паверсе будзе аглядная пляцоўка. Праект просты і ў той жа час канцэптуальны, глыбокі і цікавы», — кажа старшыня аргкамітэту конкурсу Марат Гаравы.
Другі праект мэмарыялу выкананы беларускай архітэктурнай майстэрняй «Рэстабіліс». Аўтары праекту — архітэктары Вадзім Гліньнік, Раман Забэла і Дарʼя Мандзік.
«Гэты праект — сынтэтычны, ён абʼяднаў усе лепшыя напрацоўкі беларускіх архітэктараў і скульптараў. Будзе аформлена ўваходная зона з плошчай, праектуецца Цэнтар народнай памяці з экумэнічнай капліцай, „Сьцяна жалю і плачу“. Плянуецца пракласьці два маршруты: „Дарога сьмерці“ і „Народны мэмарыял“. У мэмарыяле будзе шмат акцэнтаў — аўтары прапануюць задзейнічаць нават жытняе поле, памежныя крыжы, камяні, пахаваньні ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», — кажа Марат Гаравы.
Аўтары праекту прапануюць узьвесьці некалькі архітэктурна-скульптурных кампазыцыяў, у прыватнасьці — «Брама», «Галгофа» і «Прыдарожныя крыжы», а таксама захаваць мастацкую кампазыцыю «Камяні».
Зьверху на «Браме», праект якой прапануе скульптар Леў Гумілеўскі, разьмешчаны радок паэта Алеся Разанава: «Словы аціхлі: у немату грукае сэрца».
Кампазыцыяў, інсталяцыяў можа быць шмат, яны аўтаномныя, могуць быць разьмешчаныя ў розных пунктах мэмарыялу. Магілёўскія аўтары Міхась Булавацкі і Базыль Камароў прапанавалі выканаць кампазыцыю — «Рука, якая ўзьнімаецца з-пад пяску». Як патлумачыў аўтар ідэі Міхась Булавацкі, «у многіх месцах расстрэлаў людзей закопвалі яшчэ жывымі, крычаць ахвяры не маглі, бо ў роце былі кляпы, і высунутая рука — гэта своеасаблівы сымбаль прагі да жыцьця».
На думку спадара Булавацкага, трэба ствараць мэмарыял ня толькі ў Курапатах, такія мэмарыялы павінны быць па ўсёй Беларусі.
На імпрэзе павіншавалі і юбіляраў суполкі «Пагоня» — Міколу Аўчыньнікава з Маладэчна, Юр'я Гудзіновіча, Антаніну Лапіцкую, Алену Лось, Льва Талбузіна, уручылі ганаровыя дыплёмы.