Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве гадавіну Чарнобылю адзначылі ўдалечыні ад людных мясьцін


У Магілёве ўлада і апазыцыя адзначылі гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС паасобку ў розных канцах гораду.

Афіцыйны мітынг адбыўся каля памятнага знаку «Мужнасьці ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы» на тэрыторыі колішняй клінікі радыяцыйнай мэдыцыны. Апазыцыянэры ўспомнілі ахвяраў Чарнобыля каля Крыжа памяці непадалёк ад Паўднёва-ўсходніх могілак.

Апазыцыя: Пасьля Чарнобыля гаворкі пра Беларускую АЭС ня можа быць

Да Крыжа памяці прыйшлі зь дзясятак актывістаў апазыцыйных арганізацый. За імі сачылі людзі ў цывільным. Інцыдэнтаў не было.

«Па ўсім відаць, што ўлада падрыхтавалася да нашай памінальнай імпрэзы», — сказаў карэспандэнту Свабоды першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Да Крыжа прыйшло няшмат людзей. Ці сьведчыць гэта пра тое, што трагедыя памалу забываецца? Ігар Барысаў так ня думае.

Кветкі да Крыжа памяці
Кветкі да Крыжа памяці

«Пакуль жывуць ліквідатары, пакуль ёсьць тэрыторыі, на якіх нельга жыць, сеяць — гэтая праблема будзе для Беларусі актуальнай. Безумоўна, неабходна дамагацца, каб ліквідатарам і пацярпелым ад наступстваў Чарнобыля вярнулі льготы. Ва Ўкраіне, напрыклад, гэтыя льготы людзям пакінулі. Таму казаць, што наша ўлада з пашанаю ставіцца да гэтай катэгорыі насельніцтва, не выпадае», — сказаў Ігар Барысаў.

На думку актывіста, атамная энэргетыка Беларусі не патрэбная. «Трэба пераймаць досьвед краін, якія адмаўляюцца ад АЭС», — кажа ён.

«У Швэцыі, да прыкладу, існуе праграма, якая прадугледжвае закрыцьцё ўсіх атамных электрастанцый. Швэды думаюць пра сваю будучыню, здароўе нацыі, навакольнае асяродзьдзе, таму вынаходзяць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Пасьля Чарнобыля гаворкі пра беларускую АЭС не павінна быць, бо другога Чарнобыля Беларусь не перажыве», — лічыць сацыял-дэмакрат.

Памінальная імпрэза апазыцыі
Памінальная імпрэза апазыцыі

Жалобная акцыя актывістаў апазыцыі была нядоўгая. Да Крыжа ўсклалі кветкі. Памяць тых, хто загінуў і пацярпеў ад радыяцыі, ушанавалі хвілінай маўчаньня.

Улады: жыцьцё ў пацярпелых раёнах наладжваецца

На афіцыйны мітынг прыйшлі школьнікі, курсанты Інстытуту міліцыі, ліквідатары, прадстаўнікі ўлады. Пляцоўка была пад кантролем супрацоўнікаў АМАПу. Мерапрыемства адкрыў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі. У сваёй прамове ён адзначыў ролю дзяржавы ў пераадоленьні наступстваў «найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы». Нагадаў, што ад радыяцыі пацярпела траціна Магілёўшчыны.

Мэмарыяльны знак
Мэмарыяльны знак

«Сёньня мы аддаём даніну павагі і памяці ўсім ліквідатарам, якія сталі для нас прыкладам самаахвярнасьці і гераізму ў мірны час», — казаў на жалобным мітынгу Даманеўскі.

«Нават праз столькі гадоў канчаткова цяжка ацаніць маштабы сацыяльных і экалягічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, — казаў ён. — Для нашай краіны пераадольваньне наступстваў на Чарнобыльскай АЭС стала задачай дзяржаўнай важнасьці».

Уладзімер Даманеўскі
Уладзімер Даманеўскі

На думку Даманеўскага, жыцьцё ў пацярпелых раёнах паступова наладжваецца, а захады дзяржавы даюць станоўчыя вынікі.

«Мы паступова пераходзім ад рэабілітацыі забруджаных тэрыторый да іх адраджэньня і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця», — казаў ён.

«Атамная энэргетыка актыўна разьвіваецца ва ўсім сьвеце. Не выключэньне і Беларусь, — сказаў пры канцы свайго выступу Даманеўскі. — Трэба навучыцца выкарыстоўваць мірны атам без пагрозы для жыцьця і здароўя людзей, а горкі досьвед Чарнобыля павінен стаць гэтаму яркім прыкладам».

Пасьля рэарганізацыі клінікі радыяцыйнай мэдыцыны памятны знак «Мужнасьці ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы» апынуўся на тэрыторыі псыхіятрычнай лякарні. Крыж памяці, каля якога штогод на гадавіну Чарнобыля зьбіраюцца апазыцыянэры, усталяваны непадалёк ад найвялікшых у горадзе Паўднёва-ўсходніх могілак. На іх спачывае нямала тых, хто памёр ад радыяцыі. Апазыцыя ня ходзіць на афіцыйны Чарнобыльскі мітынг, бо яе прадстаўніку не даюць на ім выступіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG