Збор на «Чарнобыльскі шлях» абвешчаны а 18:00 каля кінатэатру «Кастрычнік», што ля станцыі мэтро «Акадэмія навук». Там мае адбыцца непрацяглы мітынг, пасьля якога пачнецца шэсьце вуліцаю Сурганава да Чарнобыльскай капліцы, што на скрыжаваньні Арлоўскай і Карастаянавай.
У аргкамітэце акцыі — прадстаўнікі партыяў АГП, БНФ і «Зялёныя», БХД, рухаў «За свабоду» і «Разам», кампаніі «Гавары праўду».
Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч сказаў Свабодзе, што пакуль ня ведае, ці пойдзе на акцыю.
«Папярэдне мы плянуем, што будуць выступы ля кінатэатру „Кастрычнік“, прыняцьце там рэзалюцыі, потым шэсьце па вуліцы Сурганава, — распавядае Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі, прэс-сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. — Акцыя дазволеная, таму спадзяёмся, што ніякіх перашкодаў і правакацыяў ня будзе.
Каля капліцы праваахоўныя органы выставяць ачапленьне, яны не пагадзіліся яго прыбраць. Улічваючы досьвед папярэдніх акцыяў, цалкам разумеем людзей, якія не захочуць пайсьці ў гэты загон. Каля капліцы арганізатары проста ўскладуць кветкі і запаляць зьнічкі.
Пасьля будзе прапанавана ўсім ахвочым у індывідуальным парадку прайсьці да Кіеўскага сквэру, дзе будзе адбывацца дазволены мітынг КХП БНФ».
Гаворка ідзе пра мітынг у Кіеўскім сквэры, які ад 18 да 20-й гадзіны ладзіць КХП БНФ — іхная заяўка была ўпершыню задаволеная за некалькі гадоў. Арганізатары акцыі заявілі, што ўдзел у мітынгу прымуць «да 500 чалавек».
«Пляны не мяняюцца, з 18 да 20 — мітынг каля кінатэатру „Кіеў“. Мы чакаем нашых калегаў, якія будуць ісьці шэсьцем ад Акадэміі навук, так і дамоўлена, дзейнасьць каардынуем, — кажа Свабодзе адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі. — Лёзунгі Чарнобылю і сацыяльныя, і эканамічныя. Там на месцы ўсё ўбачыце».
На «Чарнобыльскім шляху» арганізатары прапануюць уздымаць ня толькі лёзунгі, зьвязаныя з Чарнобылем, кажа Садоўскі:
«Аргкамітэтам прынятыя асноўныя лёзунгі: „Не — будаўніцтву Астравецкай АЭС“ і „Не — Чарнобылю экалягічнаму і палітычнаму“. Кожная арганізацыя і кожны ўдзельнік могуць гэтыя лёзунгі раскрываць, плянуецца падымаць як экалягічныя, так і сацыяльныя лёзунгі: напрыклад, супраць дэкрэту № 3 або за вызваленьне палітвязьняў — мы заклікаем, каб і яны прысутнічалі. Таксама будзе зачытаная дэклярацыя на экалягічныя і сацыяльна-палітычныя тэмы, чакаем прыняцьця яе ўдзельнікамі. Будзе чарнобыльская ікона, будзе звон, але заклікаем прыходзіць са сваімі плякатамі».
У час шэсьця ў Менску магчымы дождж, слабы вецер, чакаецца каля 7° цяпла.