На пляцоўцы захоўваньня адпрацаваных шынаў на месцы колішняга рэгенэратарнага заводу ў Магілёве 25 красавіка адбыўся пажар. Паведамленьне аб пажары паступіла каля 19.54. Паводле МНС, агонь пагасілі а 21:49, ратавальнікі працягваюць дзяжурыць на месцы здарэньня.
На пляцоўцы працавала больш як 50 ратавальнікаў, быў задзейнічаны пажарны цягнік беларускай чыгункі, распавядаюць удзельнікі тушэньня. Слуп чорнага дыму быў відаць здалёк.
Прычына пажару на сьметніку гумавых адходаў — неасьцярожнае абыходжаньне з агнём. Вінаватыя ўстанаўліваюцца. Паводле Магілёўскага ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, у выніку пажару пашкоджана 1000 квадратных мэтраў сховішча гумы. У прэсавай службе ўпраўленьня паведамілі, што ў ліквідацыі пажару былі задзейнічаныя 14 пажарных падразьдзяленьняў і пажарны цягнік ад чыгункі. Пажар ліквідаваны. Ахвяраў няма.
Сьметнік гумавых адходаў гарэў ня першы раз. Ён не ахоўваецца.
«Падобная сытуацыя была два гады таму. І была дужа складаная сытуацыя ў 2008 годзе. Пасьля чаго мы зрабілі вялікія высновы. Ёсьць пытаньні і, думаю, у органах улады іх разгледзяць», — адзначылі ў прэсавай службе.