Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці забыліся беларусы на Чарнобыль?


Чаму чарнобыльская тэма ў значнай ступені забытая беларускім грамадзтвам? Ці азначае гэта, што большасьць чарнобыльскіх пытаньняў вырашаныя альбо проста яны выціснутыя новымі, больш актуальнымі праблемамі? Якія пэрспэктывы сёньня ў беларускага экалягічнага руху?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета СССР Юры Варонежцаў і намесьнік старшыні Руху «За свабоду», перасяленец з пацярпелых тэрыторыяў — Юры Меляшкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Чым стаў Чарнобыль для беларусаў? Які сьлед гэтая падзея пакінула ў беларускім грамадзтве і нацыянальнай памяці?

Варонежцаў: Калі яшчэ 10-15 гадоў таму мы называлі гэта нацыянальнай катастрофай, то цяпер памяць згладзілася, і большасьць ставіцца да Чарнобыля як да чагосьці, што было 100-200 гадоў таму. І асабліва моладзь ставіцца да гэтага ня так, як варта было б ставіцца на самой справе. Мне шкада, што так адбываецца.

Цыганкоў: А чаму сфармавалася такое стаўленьне? Ці з-за таго, што большасьць чарнобыльскіх пытаньняў ужо вырашаныя, ці проста час зрабіў сваю справу?

Большасьць ставіцца да Чарнобыля як да чагосьці, што было 100-200 гадоў таму.

Варонежцаў: Адной з галоўных прычынаў ёсьць тое, што зараз у грамадзтве зьявілася шмат праблемаў, якіх раней не было. Беспрацоўе, зьбядненьне насельніцтва, рост цэнаў. Па-другое, ня будзем скідваць з рахункаў палітыку дзяржавы, у якой няма грошай, каб рабіць тыя крокі, якія яна павінна рабіць. Таму ўзамен яны кажуць — усё нармальна, ужо можна араць, сеяць, вырошчваць сельскагаспадарчую прадукцыю. І вядома, гэтая агітацыя ўзмацняецца тым, што Беларусь будуе ўласную АЭС.

Па-трэцяе, гэта наша абыякавасьць, практычна да ўсяго. Абыякавасьць да нейкіх палітычных падзеяў яшчэ можна неяк патлумачыць, але абыякавасьць да свайго здароўя ў мяне неяк у галаве не ўкладваецца.

Цыганкоў: Ну вось другая сусьветная вайна была не 30 гадоў таму, а 70 гадоў. Але гэтая тэма вельмі важная і прыкметная ў Беларусі. Можа, у першую чаргу таму, што дзяржава вельмі актыўна падтрымлівае памяць, значэньне гэтай падзеі. Можа, Чарнобыль забываецца грамадзтвам менавіта таму, што робіць усё, каб яго забылі?

Меляшкевіч: Так, я думаю, дзяржава перш за ўсё нясе адказнасьць за тое, як пабудавана сыстэма інфармаваньня людзей пра наступствы катастрофы на АЭС. Адсочваючы прэсу, можна пабачыць, што сьвежых дасьледаваньняў на гэтых тэрыторыях не праводзіцца, прынамсі, пра гэта няма інфармацыі, і мы практычна нічога ня ведаем пра мэдычныя наступствы для людзей, пра наступствы для прыроднага асяродзьдзя.

Малыя дозы радыяцыі працягваюць вельмі сур’ёзна ўплываць на здароўе.

Людзей адсялілі з самых забруджаных тэрыторый, кінулі іх на тэрыторыі, дзе ўзровень забруджанасьці сярэдні. Паступова памяць людзей зьмяншаецца, візуальна яны ня бачаць страшных наступстваў. Але пры гэтым ніхто не адмяняе «ціхі Чарнобыль», малыя дозы радыяцыі працягваюць вельмі сур’ёзна ўплываць на здароўе. Вось гэтай інфармаванасьці вельмі не хапае.

Цыганкоў: Актывісты чарнобыльскіх рухаў часта абвінавачваюць дзяржаву, што яна шмат што робіць ня так у чарнобыльскім пытаньні. А што трэба рабіць па-іншаму?

Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

Варонежцаў: Па-першае, я б катэгарычна забараніў у адпаведнасьці з канцэпцыяй бясьпечнага пражываньня — вытворчасьць любога віду сельгаспрадукцыі на тэрыторыях, забруджаных болей 5 кюры на квадратны кілямэтар. У Беларусі шмат пустуючых земляў, і незразумела, чаму вырабляюць сельгаспрадукцыю там. Яна ня можа быць чыстай нават тэарэтычна, яна можа быць толькі ўмоўна чыстай.

Цыганкоў: Здаецца, зразумела, для чаго. Каб псыхалягічна і ідэалягічна даказаць, што «ў нас усё нармальна, усё цудоўна, ня трэба нічога баяцца».

Ільготы - гэта на самой справекампэнсацыі за страту здароўя людзям, далучаным да ліквідацыі чарнобыльскай аварыі.

Варонежцаў: Так, менавіта для гэтага. Калі возьмем статыстыку захворваньняў злаякаснымі хваробамі, адразу кідаецца ў вочы, што ў сельскіх жыхароў узровень захворваньня ракам вышэй. Пры гэтым дасьледуюцца яны радзей за гарадзкіх. Яны харчуюцца са сваіх падвор’яў і вырошчваюць сельскагаспадарчую прадукцыю — у гэтым і прычына. Гэта я б забараніў у першую чаргу.

Па-другое, я б аднавіў частку чарнобыльскіх ільготаў. Яны называюцца ільготы, але на самой справе гэта кампэнсацыі за страту здароўя людзям, далучаным да ліквідацыі чарнобыльскай аварыі. Па-трэцяе, агульная дыспансэрызацыя насельніцтва, якое жыве на тэрыторыях — гэта каля паўтары мільёны чалавек. Не на паперы, а на самой справе — дыягностыка захвованьняў на раньніх стадыях.

Цыганкоў: Наконт статыстыкі з анкалягічнымі хваробамі — дык некаторыя кажуць, што гэта агульны рост, не абавязкова зьвязаны з Чарнобылем?

Любое апраменьваньне аўтаматычна падвышае ўзровень захворваньня на анкалёгію

Меляшкевіч: Ёсьць навуковыя дасьледаваньні, зробленыя яшчэ ў часы, калі чарнобыльская тэма яшчэ не была настолькі закрытай, якія даказваюць, прынамсі, па шчытападобнай залозе, што катастрафічны рост анкалёгіі зьвязаны быў менавіта з радыёактыўным ёдам. Любое апраменьваньне аўтаматычна падвышае ўзровень захворваньня на анкалёгію — гэта таксама пацьверджаны факт. Зараз уладай не даюцца канкрэтныя ацэнкі, колькі «уклаў» Чарнобыль у рост анкалёгіі ў Беларусі. Можна заплюшчыць вочы на праблему, але дзеяньне радыяцыі ніхто не адмяняе.

Цыганкоў: 26 красавіка ў Менску пройдзе Чарнобыльскі марш, традыцыйная акцыя апазыцыі і грамадзкіх арганізацыяў. Ці ня варта мяняць фармат правядзеньня акцыяў, ці ўвогуле яны не страціла свой сэнс?

Юры Меляшкевіч
Юры Меляшкевіч

Меляшкевіч: Гэта традыцыйная акцыя, якая на маю думку, павінна прысутнічаць, бо гэтую традыцыю берагуць ужо другое пакаленьне беларусаў. Фармат можна дадаваць, дапаўняць, актывісты зялёных арганізацыяў гэта і спрабуюць рабіць. Але Чарнобыльскі шлях для мяне зьяўляецца вельмі важнай датай, як чарнобылец сам, я разумею, пра што трэба гаварыць у такі дзень, і для мяне вельмі важна мець такую мажлівасьць.

Цыганкоў: Чаму беларускаму антыядзернаму руху не ўдалося ў свой час дапусьціць будаўніцтва ў Беларусі АЭС?

Варонежцаў: Першае, я пра гэта ўжо казаў, што эканамічныя праблемы адцягнулі на другі плян экалягічныя пытаньні. Па-другое, экалягічнаму руху практычна на грамадзкіх пачатках цяжка ваяваць з прапагандысцкай машынай дзяржавы, якая добра фінансуецца. Таму тут мы прайгралі, і АЭС насуперак здароваму сэнсу працягвае будавацца ў Беларусі.

Цыганкоў: Якія ўвогуле пэрспэктывы ў янтыядзернага, экалягічнага руху ў сёньняшняй Беларусі?

Ва ўмовах аўтарытарнага грамадзтва больш складана даносіць гэтую інфармацыю, чым гэта было ў 90-я гады.

Меляшкевіч: Немагчыма, не засвоіўшы адзін урок, перайсьці да вывучэньня наступнага. Нам трэба вывучыць урок Чарнобыля. Вельмі важна, каб у парадку дня экалягічных ініцыятываў заставалася асьветніцкая дзейнасьць. Каб яны мелі магчымасьць адукоўваць людзей, гаварыць пра тое, як ва ўсіх сьвеце адбываецца адыход ад ядзерных тэхналёгіяў, хто і для чаго навязвае гэтыя тэхналёгіі, я якія наступствы маюць гэтыя праекты. Таму тэма гэтая не зьнятая. Але, на жаль, ва ўмовах аўтарытарнага грамадзтва больш складана даносіць гэтую інфармацыю, чым гэта было ў 90-я гады. Тады свабоды ў грамадзтве было больш і любы накірунак прыносіў нашмат больш плёну, чым у сытуацыі, калі аўтарытарызм набраў сілу, і спыніў любую грамадзкую актыўнасьць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG