Дэбіторская запазычанасьць у Беларусі на 1 сакавіка 2017 году склала 30 мільярдаў рублёў, а крэдыторская — больш за 38 мільярдаў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
«Вельмі трывожнымі» называе гэтыя лічбы эканаміст Леў Марголін:
«Яны сьведчаць пра рэальную сытуацыю. Гэта неплацяжы, якія бываюць, калі прадукцыя існуе, але яна не прадаецца. То бок мы бачым тое самае, што было і ў мінулыя гады — працягваюць выпускаць нікому не патрэбныя рэчы.
Пацьвярджаюць дрэнную сытуацыю і інвэстыцыі ў асноўны капітал. За першы квартал яны ўпалі на 6,5%. Так што да аптымізму, на мой погляд, яшчэ вельмі далёка».
Для кіраўніцтва ўраду падставай для аптымізму стаў ВУП Беларусі за першы квартал 2017 году. Параўнальна з гэтым жа пэрыядам летась ён павялічыўся на 0,3%, сьцьвярджае Белстат. І чыноўнікі пачалі заяўляць, што такі вынік усяляе добрыя надзеі на будучыню і на далейшы рост. Так, прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў 18 красавіка на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў зрабіў шэраг заяваў:
«У цэлым пастаўленыя ў рамках прагнозу на студзень-сакавік бягучага году задачы выконваюцца. Эканоміка паступова выходзіць з рэцэсіі. Валавы ўнутраны прадукт на 0,3% перавысіў узровень аналягічнага пэрыяду мінулага году пры прагнозе 99,6%», — цытуе БелТА Кабякова.
«Урад Беларусі плянуе рост ВУП па выніках I паўгодзьдзя 2017 году на 1%». Паводле кіраўніка ўраду, гэта дазволіць эканоміцы плаўна, без «надрыву» прайсьці другое паўгодзьдзе і выйсьці да канца году на зацьверджаны прагноз.
Леў Марголін кажа, што гэта завышаныя спадзяваньні:
«У эканамічнай навуцы лічыцца: усё, што складае менш за 1%, нельга аб’ектыўна ацаніць. А тут гаворка ідзе ўсяго пра 0,3%. Таму тут можа быць і рост, а можа быць і падзеньне. А можа, гэта проста выпадковая лічба. Нават па ўскосных дадзеных адсачыць такі рост надзвычай цяжка. Ускосныя дадзеныя — гэта, напрыклад, затраты электраэнэргіі, аб’ёмы перавозак і г.д. Аднак нават ведаючы іх, 0,3% ня вызначыш.
Таму тут трэба проста чакаць, паглядзець, што будзе ў другім квартале, трэцім. Нават калі па выніках сёлетняга году застануцца тыя ж 0,3%, гэта зусім не азначае, што ў 2018 годзе тыя ж 0,3% ня зьявяцца са знакам мінус».