Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмная роба Яўдахі


Алесь Яўдаха
Алесь Яўдаха

Ёсьць, па-мойму, вялікая няпраўда называць Алеся Яўдаху палітвязьнем. Вядомы беларускі кнігар арыштаваны не за палітычнае дзеяньне і не з палітычных матываў, а толькі таму, што беларус. Не намінальны, а паўнавартасны.

На што заўсёды зьвяртаеш увагу ў суседзяў-літоўцаў — яны як нацыя жывуць паўнавартасным нацыянальным жыцьцём. Беларусы ў масе сваёй як нацыя паўнавартасным нацыянальным жыцьцём не жывуць. Але для нацыі паўнавартаснае нацыянальнае жыцьцё — адзіны варыянт нармальнага жыцьця і здаровага глузду. Інакш нацыю пачынае «каўбасіць». Заводзіцца свой аўтарытарызм і з усіх шчылін вылазяць абсурды. Людзі прывыкаюць жыць праблемамі і пэрсанажамі расейскай тэлевізіі, іх не бянтэжыць, што ў аграрнай Беларусі ў крамах дамінуюць прадукты расейскай вытворчасьці, што дзяцей па-ранейшаму прымаюць у «акцябраты» (дзеці ня ведаюць, што гэта такое, і не растлумачыш), што прэзыдэнт не мяняецца чвэрць стагодзьдзя і два разы на год «перажывае цяжкі момант, калі трэба зацягнуць паясы», што лінія — Сталіна, а плошча — Калініна, што ў краіне самая вялікая колькасьць сілавікоў на душу насельніцтва ў Эўропе…

Канца гэтаму пераліку няма, кожны можа дапісаць сваё. А я завяршу параўнаньне — у суседзяў-літоўцаў усяго гэтага, наколькі б доўгі ні атрымаўся сьпіс, няма. У іх хапае праблем, але іх не «каўбасіць».

У нас жа людзей, якіх не «каўбасіць» і якіх можна назваць паўнавартаснымі беларусамі, хто да ўсяго пералічанага не прывык і каго ўсё гэта бянтэжыць, меншасьць. І менавіта за гэта літаральна кожны зь іх мае ўсе шанцы апынуцца ў турме. Як Яўдаха. Я горш ведаю ягоных «падзельнікаў», але выглядае, што ўсе яны там з той самай прычыны. І цяпер — чаму яны палітвязьні? Толькі таму, што іх не «каўбасіць»?

Валянцін Стэфановіч растлумачыў, чаму іх не прызнаюць палітвязьнямі. Але ў юрыста свае рэзоны — справа няясная (а як ты кваліфікуеш таго, хто проста нармальны, паўнавартасны беларус?), міжнародныя крытэры не дазваляюць (іх жа абвінавачваюць у падрыхтоўцы гвалтоўных дзеяньняў — з той самай, праўда, пераканаўчасьцю, што і Тацяну Равяку — у лаянцы матам), ну і ўвогуле — прызнаць два дзясяткі палітвязьняў — значыць запусьціць вялікі палітычны гандаль, санкцыі і ўсё такое — зноў загарбаціць ляндшафт, які так доўга раўнялі. Вось з Кондрусем справа ясная: прыйшоў на плошчу з бэлькай, пабіў вокны Дому ўраду, пасадзілі — палітвязень.

Яўдаха са сваім кнігарствам у маім уяўленьні — поўная супрацьлегласьць Кондрусю. І як бы мне ні шкада было Кондруся, ён сядзіць за сваё ўласнае рэальнае дзеяньне, як «змагар са злачынным рэжымам», якога «каўбасіць» разам з гэтым рэжымам, у адной амплітудзе. А Яўдаха з «падзельнікамі» сядзіць за адваротнае — за тое, што іх не «каўбасіць». У міжнароднай кваліфікацыі іхны статус — вязьні сумленьня. Тыя, каго пасадзілі за «характарыстыкі асобы», у нашым выпадку — за тое, што паўнавартасныя беларусы.

Цалкам прымальнай уяўляецца манэтызацыя Кондруся — ператварэньне яго ў прадмет гандлю, які канвэртуецца ў санкцыі. І цалкам непрымальным бачыцца ператварэньне ў грашовую адзінку Яўдахі. Тут сутнасьць розная. Па-першае, сам гэты гандаль непрымальны, бо сядзіць Яўдаха за каштоўнасьці, якія не канвэртуюцца ў валюту і важныя толькі тут, дома. Па-другое, распрацаваных нашымі праваабаронцамі крытэраў вызначэньня статусу «палітвязень» — на брашуру, ад чаго толькі сум памнажаецца — як глыбока ўрасьлі мы ў гэтае балота. Па-трэцяе… Ад саміх гэтых спрэчак праваабаронцаў вакол «дам — ня дам статус», як па мне, патыхае нядобра.

Яўдаха — унутрыбеларуская праблема, якая можа быць вырашаная толькі дома, праз салідарнасьць паўнавартасных беларусаў.

І потым — чаму «паліт-», калі сядзяць паводле сукупнасьці прыкметаў «правапарушэньня» — беларуская мова, патрыятычныя погляды, асьветніцкая дзейнасьць. За тое, што сваёй грамадзянскай пазыцыяй цалкам супрацьлеглыя гэтай уладзе, якая не беларуская ані паводле мовы, ані паводле поглядаў, ані паводле ўнутранай культуры.

Назаві Яўдаху з «падзельнікамі» палітвязьнямі — больш запляміш, чым адбеліш — у якіх заўгодна вачах, у першую чаргу, у іхных. Яны чыстай справай займаліся, а палітыка — справа вядома якая.

Таму, на маю думку, іхная роба — вязьні сумленьня, толькі так.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG