Гэты лёзунг калісьці крычалі на акцыях, калі яшчэ была надзея, што можна дакрычацца. Хоць, зрэшты, гэтыя заклікі, як кажуць, на карысьць бедных. Той выпадак, калі ты больш зьвяртаесься да ўласнае няпэўнасьці і хочаш верыць, што «чалавек з ружжом» ня зробіць табе крыўды або подласьці.
Выпадкі, калі чалавек з ружжом браў бок народа, бывалі ў гісторыі, але бывалі яны тады, калі гэты чалавек з тых ці іншых прычынаў вагаўся, ці цаляць з таго ружжа ў бяззбройнага чалавека насупраць, ці не. Ці біць яго дручком па галаве, ці не. Запіхваць у аўтазак ці адпусьціць. Інакш кажучы, перавышаць ці не перавышаць.
Сёньня гэтых ваганьняў у міліцыі не відаць.
Найбольш красамоўна пра гэта сьведчаць зусім ня жорсткія разгоны абураных і нязгодных на 25 сакавіка, але сыстэмна пастаўленыя абсалютна цынічныя й нахабныя сьведчаньні мянтоў у судах.
Міліцыя сваімі лжывымі сьведчаньнямі даўно наклала на сябе форму НКВД, то бок маральна гатовая да самага шырокага паскудзтва.
Усе гэтыя пэрсанажы ў трэніках ды чорных шапачках — прадукт маральнае дэградацыі людзей у міліцэйскай форме. Калі цябе «вызвалілі ад той хімэры, што завецца сумленьнем», вагацца ты ня будзеш, бо ўжо няма чым, бо на месцы сумленьня вырас мазоль.
Таму ты можаш хлусіць. Заўжды й паўсюль. Напрыклад, пра тое, што затрыманы ачкарык сам біўся носам аб аўтобус, што глуханямыя лаяліся матам і г.д.
Альбо можаш паставіць карыкатурны помнік карпаратыўнаму чучалу з сабачкам і пасьля, калі табе намякаюць на адсутнасьць густу, несьці бязглузьдзіцу, абвяшчаючы гэты помнік «сьвятым месцам». Спалохана і адначасова патасна і зласьліва рэагуючы то на пэрфоманс з накінутай на чучала пятлёй, то на іншага сабачку, які задраў сваю нагу на тое «сьвятое месца».
Ты можаш нават арыштаваць таго іншага сабачку і завезьці ў суд, дзе яму дадуць суткі, а твае падначаленыя будуць апантана сьцьвярджаць на тым судзе, што сабака, які задраў нагу, адначасова выбрэхваў антыміліцэйскія лёзунгі і пры гэтым гучна лаяўся, вядома ж, матам.
Альбо ты можаш падаслаць «трэнікі з чорнымі шапачкамі» і ў пад’езьдзе па подламу аддубасіць мастака, які намаляваў твой праўдзівы энкавэдэшны партрэт, якім ты нядаўна бравіраваў, але пасьля чамусьці спалохаўся.
Я ведаю, чаму ты спалохаўся. Ты спалохаўся таму, што нарэшце ўбачыў сябе звонку, на сьцяне, бо толькі так ты яшчэ можаш сябе ўбачыць.
Табе стала страшна, таму што ты зразумеў, што ўжо бессэнсоўна глядзець на сябе самога ў люстэрка. Там няма твайго адлюстраваньня.
Таму ты, міліцыя, не з народам, а народ не з табой. Бо ён, народ, бачыць сваё адлюстраваньне ў люстэрку, а ты, міліцыя, — толькі свае карыкатуры на сьценах сталіцы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.