Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым Тылерсан едзе ў Маскву?


Рэкс Тылерсан
Рэкс Тылерсан

Расейская падтрымка рэжыму Башара Асада, хутчэй за ўсё, стане асноўнай тэмай перамоваў у Маскве дзяржаўнага сакратара ЗША Рэкса Тылерсана, мяркуюць амэрыканскія экспэрты. Ці гатовы Белы дом аказаць сур’ёзны ціск на Крэмль або дзяржсакратар мае намер толькі прамацаць глебу падчас двухдзённых сустрэч у Маскве, пакуль незразумела.

Рэакцыя на хімічную атаку сырыйскай арміі супраць мірнага насельніцтва вызначыла тон заяў амэрыканскага кіраўніцтва ў дні, якія папярэднічалі візыту Тылерсана ў Маскву. Сам дзяржсакратар, па сутнасьці, абвінаваціў Маскву ў тым, што яна занядбала свае абавязкі гаранта пагадненьня пра зьнішчэньне сырыйскага арсэналу хімічнай зброі. Ён выказаў здагадку, што, магчыма, Крэмль нейкім чынам «датычны» да хімічнай атакі, альбо ён апынуўся «няздольным» дамагчыся выкананьня Дамаскам сваіх абавязаньняў.

Па выніках сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін «Вялікай сямёркі» ў Італіі, Тылерсан заявіў, што Расея павінна вызначыцца, чыю пазыцыю яна гатовая падтрымліваць па сірыйскім пытаньні: ЗША і саюзьнікаў або рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, Ірану і руху Хэзбала. Тылерсан таксама абвясьціў, што заходнія саюзьнікі маюць намер заклікаць да адказу «ўсіх, хто робіць злачынствы супраць нявінных людзей у любой частцы сьвету».

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заявіў, што саюзьнікі разглядаюць магчымасьць ўвядзеньня новых санкцый супраць Расеі за яе падтрымку рэжыму Асада, і паведаміў пад заслону сустрэчы, што Тылерсан павінен паставіць Маскву перад выбарам: або яна падтрымлівае «тырана», або яна разам з Захадам спрабуе спрыяць вырашэньню сырыйскага крызісу.

Але, як піша газэта The New York Times, Белы дом пасылае супярэчлівыя сыгналы адносна сваёй сырыйскай стратэгіі і гатоўнасьці аказаць сур’ёзны ціск на Крэмль. Напрыклад, дарадца прэзыдэнта Трампа ў справе нацыянальнай бясьпекі генэрал Мак Мастэр асабліва падкрэсьліў, што паветраныя ўдары па авіябазе ў Сырыі былі нанесеныя з адзінай мэтай даць Асаду адназначны сыгнал, што Вашынгтон ня будзе стаяць у баку, калі Дамаск зноў прыменіць зброю масавага паражэньня.

Суразмоўцы Радыё Свабода мяркуюць, што візыт дзяржсакратара Тылерсана ў Маскву, хутчэй за ўсё, будзе свайго роду азнаямленчай паездкай.

Я ня думаю, што ў адміністрацыі сур’ёзна разглядаюць варыянт так званай зьмены рэжыму ў Сырыі.

— З аднаго боку, ракетныя ўдары па сырыйскай базе сьведчаць аб тым, што для Злучаных Штатаў рэжым Асада застаецца непрымальным, і Вашынгтон патрабуе сыходу Масквы з Сырыі, што, вядома ж, узмацняе напружанасьць у амэрыкана-расейскіх адносінах, — кажа Стывэн Бланк, у мінулым прафэсар Вайсковага каледжу сухапутных сіл ЗША, цяпер супрацоўнік Амэрыканскай зьнешнепалітычнай рады ў Вашынгтоне. — Зь іншага боку, зараз немагчыма вызначыць, у чым заключаецца сырыйская стратэгія Белага дому, ствараецца ўражаньне, што галоўныя дзеючыя асобы з атачэньня прэзыдэнта Трампа маюць свае ўласныя ідэі на гэты конт. Я ня думаю, што ў адміністрацыі сур’ёзна разглядаюць варыянт так званай зьмены рэжыму ў Сырыі, таму што ўсе разумеюць, што для гэтага спатрэбіцца прыкласьці занадта значныя намаганьні.

— Чаго вы чакаеце ад перамоваў Рэкса Тылерсана ў Маскве?

— Я думаю, гэта тупіковая сытуацыя. Я не чакаю нічога істотнага. Прычына цалкам відавочная: у ЗША і Расеі супярэчлівыя інтарэсы. Тое, што мы зараз маем у Сырыі, — гэта вынік агрэсіўных паводзінаў Масквы. Сырыйская палітыка завяла яе ў пастку, зь якой не відаць выйсьця. Мне асабіста здаецца, што ў гэтай сытуацыі неабходна мэтадычна ажыцьцяўляць стратэгію стрымліваньня Крамля і ня толькі ў Сырыі. Ён ня будзе нашым саюзьнікам у барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Нам неабходна зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Крамля, нам варта даць Украіне баявую зброю. Але што будзе рабіць адміністрацыя Трампа, я ня ведаю, — кажа Стывэн Бланк.

Адсутнасьць відавочнай для Крамля стратэгіі можа быць эфэктыўным інструмэнтам адміністрацыі Трампа, лічыць Пол Грэгары, прафэсар Х’юстанскага ўнівэрсытэту, камэнтатар часопісу Forbes:

— Давайце ня будзем забываць, што на працягу ўсёй прэзыдэнцкай кампаніі Дональд Трамп настойваў на тым, што адным з самых важных інструмэнтаў дыпляматыі зьяўляецца непрадказальнасьць. Зараз ён дэманструе прыхільнасьць гэтаму прынцыпу. На мой погляд, ракетны ўдар па сырыйскай вайсковай базе быў майстэрскім тактычным крокам. Удар быў абмежаваны, большасьць краін згодныя з ідэяй пакараньня тых, хто выкарыстоўвае зброю масавага паражэньня. Пры гэтым Крэмль быў зусім не гатовы да такога павароту падзей, ён ня ведае, што рабіць, як сябе паводзіць. У дадатак Расея выстаўлена і ў ролі дзяржавы, якая не забясьпечыла ўзятыя на сябе абавязаньні кантролю за зьнішчэньнем сырыйскага хімічнага арсэналу. Ня выключана, што дзякуючы гэтай акцыі ў Трампа атрымалася сабраць нешта накшталт кааліцыі суніцкіх краін, якія падтрымліваюць больш рашучыя меры ўзьдзеяньня на рэжым Асада. Прадстаўнікі некаторых зь іх у апошнія дні сустрэліся з Трампам. Гэта таксама павінна турбаваць Пуціна і Лаўрова.

Наўрад ці можна чакаць канкрэтных вынікаў ад візыту дзяржсакратара Тылерсана ў Маскву, лічыць Аліна Палякова, аналітык дасьледчага цэнтру «Атлянтычная Рада» ў Вашынгтоне:

— Я падазраю, што мы ня ўбачым ясныя вынікі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе першая, у шэрагу многіх, сустрэча, падчас якой адміністрацыя Трампа паспрабуе выбудаваць адносіны з Крамлём. На мой погляд, важна тое, што гэтая паездка ажыцьцяўляецца па сьлядах амэрыканскай акцыі супраць рэжыму Башара Асада. Відавочна, што адносіны паміж дзьвюма сталіцамі складваюцца ня так, як спадзяваўся Крэмль. У лепшым выпадку, гэтыя перамовы Тылерсана ў Маскве пакладуць пачатак дыялёгу.

— Многія назіральнікі чакаюць і нават заклікаюць Тылерсана аказаць ціск на Крэмль, каб пераканаць яго адмовіцца ад адназначнай падтрымкі Башара Асада. Як вы лічыце, ці гатовая адміністрацыя Трампа перайсьці ад рэзкіх публічных заяў на адрас Крамля да ціску?

— Дзяржсакратар Тылерсан, вядома ж, разумее, як прымаюцца рашэньні ў Расеі, улічваючы яго вопыт працы ў якасьці кіраўніка кампаніі ExxonMobil. Можна меркаваць, што ён растлумачыць расейскаму кіраўніцтву, наколькі нэгатыўна ў амэрыканскай адміністрацыі ставяцца да падтрымкі Крамлём сырыйскага рэжыму, але для ажыцьцяўленьня больш сур’ёзных задач спатрэбіцца больш часу і больш сустрэч. Ня трэба забывацца, што ў Крамля ёсьць свае ўласныя патрабаваньні да Белага дому. Ён напэўна ўздыме пытаньне аб санкцыях, адмены якіх ён хоча дамагчыся. Іншымі словамі, гэта комплексныя складаныя адносіны. Любыя зьмены запатрабуюць значных папярэдніх намаганьняў і доўгага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG