Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыя: Новы «карыбскі крызіс»


Як ракетны ўдар США па сырыйскай авіябазе абвастрыў расейска-амэрыканскія супярэчнасьці?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Прымяненьне сырыйскай авіяцыяй хімічнай зброі у правінцыі Ідліб, удар ЗША крылатымі ракетамі па сырыйскай вайскова-паветранай базе Шэйрат выклікалі крызіс ў амэрыкана-расейскіх дачыненьнях.

Рэальны ваенны ўрон ад гэтай атакі на сырыйскі аэрадром невялікі. Таму можна казаць, што гэта хутчэй, палітычны, сымбалічны крок ЗША, які прызваны прадэманстраваць рашучасьць Амэрыкі.

ЗША рэзка памянялі стаўленьне да рэжыму Асада ў Сырыі, абвінавацілі Расею у патураньні Асаду ў пляне захаваньня хімічнай зброі, Дональд Трамп заявіў аб плянах увесьці супраць РФ новыя санкцыі.

Дзяржсакратар ЗША США Рэкс Тылерсан плянуе гэтым тыднем наведаць Маскву. Але зь ягоных заяваў вынікае, што ён мае намер вылучыць Расеі абвінавачаньні за падтрымку Асада. Паведамляецца, што ў графіку візыту няма сустрэчы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Расея абяцае паставіць Сырыі новую супрацьпаветраную зброю.

Замест «трампаманіі», якая панавала ў РФ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў ЗША, там цяпер імкнуцца разьвянчаць Трампа.

Цікава глядзець, як рэагуюць на гэтыя дзеяньні ЗША расейскія тэлеканалы. Замест «трампаманіі», якая панавала ў РФ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў ЗША, там цяпер імкнуцца разьвянчаць Трампа. Цяжка прызнавацца ў памылцы, у тым, што расейскае кіраўніцтва паставіла не на таго кандыдата ў прэзыдэнты. Адсюль такі шок. Цяпер гучаць абвінавачваньні, што Трамп амаль што здраднік. Вось Кісялёў на тэлеканале «Расея» доўга апавядаў, што раней Трамп казаў зусім іншае, чым цяпер.

Але, гледзячы па ўсім, нас можа чакаць новы міжнародны крызыс. Маю на ўвазе паведамленьне, што авіяносец ЗША з ударнай групай накіруецца да берагоў Карэйскага паўвострава. А гэта ўжо сутыкненьне Злучаных Штатаў з Кітаем. Дарэчы, удар па Сырыі ЗША нанесьлі падчас сустрэчы Трампа з кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам. Што стала непрыемным сюрпрызам для Пэкіну.

Беларускае Міністэрства замежных спраў выступіла з заявай, дзе вельмі асьцярожна пакрытыкавала ЗША за гэтую ракетную атаку па сірыйскай авіябазе. Праяўлена пэўная салідарнасьць з Расеяй, але вельмі схавана.

Цыганкоў: Перш за ўсё кідаецца ў вочы зьмена стаўленьня ў Расеі да Трампа. Нават дзіўна, наколькі многія расейскія публіцысты і палітыкі цяпер зьдзіўляюцца гэтаму, хоць гэтага варта было чакаць. У свой час навіну пра абраньне Трампа прэзыдэнтам Дзяржаўная Дума Расеі сустрэла стоячы воплескамі. Было такое амаль захапленьне, што расейскім палітыкам гэта здавалася нашмат лепшым варыянтам, чым Гілары Клінтан.

Але насамрэч натуральна было, што Трамп будзе адстойваць перш за ўсё амэрыканскія інтарэсы. І калі расейскія зь імі супадуць, то ён можа і знойдзе з расейцамі агульную мову, а калі не — тады меркаваньне Масквы будзе для Трампа значыць значна менш, чым для папярэдняй адміністрацыі Барака Абамы, які ўсё ж такі шукаў мяккія дыпляматычныя сродкі вырашэньня розных канфліктаў.

Натуральна, што бамбаваньне ня мела вялікага ваеннага значэньня. Існуюць розныя меркаваньні пра тое, якую ваенную шкоду нанесьлі гэтыя бамбаваньні , але гэта безумоўна мае палітычнае значэньне. Трэба паглядзець, што будуць далей рабіць ЗША — ці працягваць ракетныя абстрэлы, ці схіляцца да нейкай вайсковай наземнай апэрацыі, альбо гэта проста такі адзіночны выпадак з мэтай паказаць, што Вашынгтон гатовы іншымі сродкамі пачынаць уплываць на гэты канфлікт.

Я прытрымліваюся другой вэрсіі — што шырокамаштабных ваенных дзеяньняў, тым больш наземнай апэрацыі, ня будзе, гэта проста сымбалічны акт, які паказвае, як новая адміністрацыя глядзіць на сыстэму міжнародных дачыненьняў і як павінныя вырашацца канфлікты. Барака Абаму якраз многія крытыкавалі за тое, што ЗША ніяк не ўзьдзейнічаюць на канфлікт ў Сырыі, Вашынгтон нават не прымаў удзелу у перамовах, якія ішлі па сырыйскім канфлікце.

Трамп адказвае на крытыку, што яго адміністрацыя ізаляцыянісцкая, ну а з другога боку, ён такім крокам вырашае і свае асабістыя праблемы.

Іран, Турэччына, Расеія і Эўразьвяз прымалі, а самая вялікая краіна была ўбаку. Магчыма, цяпер Вашынгтон будзе больш актыўна ў гэтым удзельнічаць. Такім чынам Трамп адказвае на крытыку, што яго адміністрацыя ізаляцыянісцкая, ну а з другога боку, ён такім крокам вырашае і свае асабістыя праблемы, паказвае, што ён ніяк не зьвязаны з Расеяй, што ўсе гэтыя размовы можна адкінуць.

Цяпер усё будзе залежаць ад таго, наколькі далёка гэтыя два бакі будуць гатовыя пайсьці. Мы ведаем, што Расея выйшла з дамовы пра прадухіленьне інцыдэнтаў у паветры ў сырыйскім небе. І гэта азначае, што цяпер імавернасьць такіх інцыдэнтаў, калі ў той ці іншай сытуацыі могуць сутыкнуцца расейскія і амэрыканскія вайскоўцы, павялічваецца.

Дракахруст: Я назваў бы два матывы ў Расеі для такой рэзкай і жорсткай рэакцыі. Першы — гэта тое, што як-ніяк, але прэзыдэнт Асад — гэта расейскі ваенны і палітычны саюзьнік. Ці васал, можам як заўгодна называць, але ёсьць пэўныя палітычныя сувязі. Дагэтуль ЗША Асада крытыкавалі, хоць з рознай ступеньню інтэнсіўнасьці, але ваенныя дзеяньні зь ім яны пачалі ўпершыню.

І другі момант, гэта тое, што гэтае саюзьніцтва не абстрактнае, а вельмі канкрэтнае. У Сырыі разьмешчаныя расейскія войскі. Гледзячы па ўсім, іх не было на гэтым аэрадроме, але маглі і быць. Магчыма, яны і былі, і, як паведамляецца, амэрыканскі бок папярэдзіў расейскі бок, што такі ўдар будзе. Магчыма, расейцы адтуль свае сілы і ўбралі. Так што сапраўды сытуацыя даволі вострая.

Нейкая выпадковая ракета заўсёды можа паляцець не туды.

Калі ўсё гэта так побач, то нейкая выпадковая ракета заўсёды можа паляцець не туды. І вы, Віталь, вельмі слушна зьвярнулі ўвагу на гэты жэст, крок Масквы, на скасаваньне дамовы аб прадухіленьні інцыдэнтаў у паветры над Сырыяй.

На першы погляд абсурдны крок абсурдны. Сытуацыя вострая, амэрыканцы б’юць па Асадзе ракетамі, імавернасьць сутыкненьня падвышаецца. Пры гэтым ні Расея не абвяшчае ЗША вайны, ні ЗША Расеі, і здавалася б, нашто скасоўваць такую па сутнасьці тэхнічную дамову пра тое, што давайце мы ўсё ж такі ня будзем адзін аднаго зьбіваць, прынамсі несьвядома.

Здавалася б, тэхналягічная лёгіка вымагае захаваньне такой дамовы. Але не, тут дзейнічае палітычная лёгіка, своеасаблівая стратэгія вар’ята — маўляў, мы не баімся, хочаце ўдарыць па кім заўгодна чым заўгодна — калі ласка, але гэта ваша рызыка.

Гэта такое кіраваньне сытуацыяй шляхам стварэньня сабе вобразу псыха — гэта пэўная спроба стрымліваньня, спроба ўплываць на стратэгічныя рашэньні ў ЗША. Калі Расея касуе дамову аб інцыдэнтах, дык калі ў Вашынгтоне будуць прымаць рашэньне аб наступным удары, каб нехта там спытаў — а калі мы па рускіх трапім, то што будзе, ці мы маем плян Б?

Гэта па-свойму рацыянальная стратэгія, але яна можа прывесьці да вельмі ірацыянальных наступстваў.

І гэта па-свойму рацыянальная стратэгія, але варта сказаць, што яна можа прывесьці да вельмі ірацыянальных наступстваў. Можна сказаць, што насамрэч савецкія лётчыкі ваявалі з амэрыканскімі і ў небе Карэі, і ў небе Віетнама, але тады не прызнавалася, што гэта менавіта савецкія лётчыкі.

Дарэчы, я глядзеў лічбы — у Карэі загінула прыкладна 300 савецкіх лётчыкаў. Але мы бачым цяпер крыху іншы стыль адносінаў, бачылі, які велізарны крызыс у стасунках паміж Расеяй і Турэччынай спарадзіў адзін палёт і адзін стрэл. Ну а калі гэта прыме большыя маштабы, то, па шчырасьці, наступствы даволі складана прадказаць. Цень Карыбскага крызысу можа зноў легчы на сьвет. Магчыма, гэта перабольшаньне. Але гэты крок Расеі, калі яна выйшла з гэтай дамовы, якая ахоўвае яе ж бясьпеку — гэта вельмі кепскі знак.

Карбалевіч: Я хацеў бы заўважыць, што паводле расейскіх крыніцаў ЗША папярэдзілі Расею аб гэтым ракетным удары за 2 гадзіны. І гэта вельмі пакрыўдзіла Расею, таму што за 2 гадзіны сапраўды можна і не пасьпець вывесьці патрэбныя вайсковыя падразьдзяленьні.

Дракахруст: Дарэчы, можна прыгадаць, што такі стыль уласьцівы ня толькі амэрыканцам. Калі расейцы першы раз, у 2015 годзе, нанесьлі ракетна-бомбавы ўдар у Сырыі, то гэта выглядала яшчэ больш проста: расейскі генэрал прыйшоў у амэрыканскую амбасаду за гадзіну да пачатку апэрацыі і запатрабаваў, каб амэрыканцы прыбралі сваю баявую авіяцыю з Сырыі. Гэта стыль буйных гульцоў — яны так дзейнічаюць. Ніхто нічога не вынаходзіць, усё традыцыйна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG