Алег Ларычаў быў зьбіты 4 красавіка двума невядомымі ў пад’езьдзе дома, дзе ён жыве. «Каля пад’езду стаяў чалавек і нешта няправільна набіраў на дамафон. Я падышоў, набраў нумар сваёй кватэры і зайшоў. Ён зайшоў за мной, абагнаў мяне, і ў гэты час нехта ззаду зьбіў мяне з ног. Мяне пачалі малаціць па галаве. Потым я ачуўся, дабраўся да кватэры. Быццам нічога ня зьнікла», — сказаў Ларычаў.
Пасьля ён быў дастаўлены ў бальніцу, дзе яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму. «Бачных пераломаў няма. Доктар гарантаваць нічога ня можа. Прапаноўвалі шпіталізацыю, але я адмовіўся. На працягу трох дзён трэба сачыць за станам здароўя», — паведаміў БелаПАН Ларычаў.
Ён зьвязвае сваё зьбіцьцё з асьвятленьнем акцыі аб зьяўленіні постэраў вядомых дзяржаўных службоўцаў. У апошні час на старонцы суполкі Signal у сацыяльных сетках публікаваліся фота розных графіці, прысьвечаных высокім беларускім чыноўнікам.
Так, 27 сакавіка на сьцяне ў цэнтры Менску зьявіліся графіці з выявай міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў форме НКУС. Побач надпіс: «Гэта я ганаруся формай і мэтадамі НКУС». Таксама ў гэты дзень былі разьмешчаныя графіці з выявай камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы з подпісам: «Гэта я кірую разгонамі мірных сходаў грамадзян. За вашы грошы».
Падобныя графіці таксама былі прысьвечаныя Міхаілу Мясьніковічу і Марыяне Шчоткінай, якіх называлі аўтарамі рэзанансных рашэньняў — дарожнага збору і дэкрэту № 3.