Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Юнацтва». Канец эпохі?


Міхаіл Захараў
Міхаіл Захараў

Фінальная сэрыя хакейнага чэмпіянату Беларусі паміж менскім «Юнацтвам» і гарадзенскім «Нёмнам» сёлета скончылася зусім хутка і без інтрыгі.

Гарадзенцы былі мацнейшыя ва ўсіх чатырох матчах фіналу, менскае «Юнацтва» саступіла зусім бязвольна, нібы гэта была не каманда Міхаіла Захарава, якая выходзіла пераможцам у самых складаных сытуацыях.

Напрыклад, калі ў 2007 годзе ў фінале Кантынэнтальнага кубку адужала непараўнальна мацнейшы омскі «Авангард» ці калі ў фінальнай сэрыі «гарэла» «Гомелю» 1—3 у 2009-м, альбо калі выйграла ў шостым (!) овэртайме ў таго ж «Гомеля» у 2015-м.

На заключнай прэс-канфэрэнцыі ня надта шматслоўным быў і звычайна звышэмацыйны галоўны трэнэр менчукоў.

Міхаіл Захараў трошкі панаракаў на судзьдзяў, адзначыўся фразай, што «Юнацтва» сёньня каманда-бомж і ўсё.

Ніякіх табе мэтафарычных параўнаньняў, ніякіх слоўных эскапад, яркіх вобразных фраз, шокавых заяваў. Нібыта зь яго выпусьцілі паветра.

Вядомае выслоўе: каманда — гэта трэнэр, дык вось каманда і згуляла так, быццам зь яе выпусьцілі дух. Дух, які заўжды быў візытоўкай «Юнацтва».

Што стала прычынай такой невыразнай гульні ў фінале самай пасьпяховай каманды айчыннага чэмпіянату апошніх гадоў?

Здаецца, папросту мінае эпоха такіх пэрсанажаў, якім ёсьць Міхаіл Захараў.

Зорка Захарава ўзышла ў 1998 годзе, калі ў начным клюбе «Макс-шоў» яму ў жывот заляцела куля. Куля тая нібыта належала старэйшаму сыну прэзыдэнта, але пасьля гаспадаром яе, са словаў самога Захарава, аказаўся нехта Логінаў.

Увогуле цьмяная гісторыя, але скончылася яна тым, што Захараў пасьля выпіскі са шпіталя стаў трэнэрам хакейнай каманды прэзыдэнта, а «Юнацтва», дзе ён працаваў, атрымала вялікую бюджэтную падтрымку.

Так што тая куля аказалася асабіста для трэнэра Захарава і для клюбу «Юнацтва» залатой. Больш за тое, Захараў стаў набліжаным да самога Лукашэнкі і зьяўляўся разам зь ім на ўсякіх прапагандысцкіх акцыях дый ня толькі. Можна казаць пра даволі цесныя стасункі паміж імі і да сёньня.

Увогуле, Захараў вельмі падобны да Лукашэнкі тыпаж, «сацыяльна блізкі». Харызматычны, імпульсіўны, падступны, які зусім не разьбірае сродкаў дзеля дасягненьня сваіх мэтаў. Таму калі ён кажа, што першы тост заўжды падымае за Лукашэнку, гэта блізка да праўды.

Нягледзячы на розныя скандальныя выпадкі, як то аўтамабільная аварыя на ягоным «Бэнтлі» ці прафэсійныя праколы, як прыкрапамятны матч за выхад на Алімпіяду з латвійцамі, дзе прайгралі за пару хвілін да канца, здавалася, пераможную гульню альбо вядомую заяву пра «голых фінскіх хакеістак», якія нібыта перашкодзілі камандзе Беларусі выйграць у каманды Швэйцарыі на колішняй Алімпіядзе ў Канадзе, Захараў не выпадае з кола набліжаных.

На працягу многіх гадоў ён даволі актыўна выкарыстоўваў сваю блізкасьць да Лукашэнкі і адміністрацыйны рэсурс.

Ня кожны трэнэр ці нават судзьдзя быў у стане пярэчыць Захараву ў спрэчных момантах, якія ўзьнікалі пад час чэмпіянату. Але...

Міхаілу Захараву так і не ўдалося стаць трэнэрам у КХЛ, лізе, дзе патрабаваньні да трэнэраў не абмяжоўваюцца харызмай і выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Хоць у КХЛ плённа працуюць галоўнымі трэнэрамі іншыя беларускія спэцыялісты: Аляксандар Андрыеўскі, Эдуард Занкавец, Андрэй Скабелка.

Папросту там большыя грошы, больш высокі ровень арганізацыі справы й адпаведна большыя патрабаваньні да прафэсійных і чалавечых якасьцяў спэцыялістаў. Гэтыя тэндэнцыі паступова перацякаюць і ў айчынны чэмпіянат і, падобна на тое, кіраўніцтва «Нёмна» зразумела гэта лепш.

Гэта адказ на пытаньне, чаму так зьмянілася гульня «Юнацтва» ў сёлетнім фінале.

Кожная зьява, а «Юнацтва» безь перабольшаньня можна назваць хакейнай зьявай эпохі Лукашэнкі, мае свой часовы рэсурс, зрэшты, як і сама эпоха Лукашэнкі.

Пасьля тыя мэханізмы, што давалі вынік, пакрысе перастаюць дзейнічаць і дапамагаць дабівацца патрэбнага выніку. Прыходзяць іншы час, іншыя людзі, іншыя інструмэнты.

Важна гэта своечасова зразумець.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG