Міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала справаздачу пра посткамуністычныя краіны, дэмакратычныя інстытуты і свабоды ў іх.
У рэйтынгу 2017 году аналізуюцца зьвесткі за 2016 год: з 29 краінаў (ад Альбаніі да Кіргізстану) у справаздачы 18 пагоршылі свой рэйтынг.
Гэта самае значнае падзеньне такога рэйтынгу Freedom House 2008 году, калі па сьвеце ўдарыў фінансавы крызіс. Упершыню з 1995 году ў рэйтынгу больш цалкам аўтарытарных, чым цалкам дэмакратычных краінаў.
Найніжэйшай для сябе пазыцыі за гісторыю рэйтынгу дасягнула Польшча (якая, тым ня меней, усё яшчэ лічыцца моцнай дэмакратыяй). Вугоршчына стала найменш дэмакратычнай краінай Цэнтральнай Эўропы. У гэтых краінах, піша Freedom House, кіраўнікі-папулісты атакавалі канстытуцыйныя суды і ператварылі СМІ ў інструмэнты прапаганды. У катэгорыю цалкам аўтарытарных рэжымаў вярнуўся Кіргізстан.
Украіна ж, Косава (у іх у справаздачы пераходны статус) і Румынія (хутчэй дэмакратычная краіна ў рэйтынгу) тым часам зрабілі крокі да дэмакратыі.
Беларусь засталася ў рэйтынгу цалкам аўтарытарным рэжымам, але зусім крыху палепшыла свае балы за 2016 год. У леташнім рэйтынгу краіна мела 6,64 з 7 балаў «аўтарытарнасьці», у сёлетнім — 6,61.
Зьмена адбылася ў рэйтынгу дэмакратычнасьці ўраду, бо ў 2016 годзе крыху зьменшылася колькасьць міліцэйскага гвалту супраць палітычнай апазыцыі, сфармаваўся трохі больш дэмакратычны парлямэнт (было 0, сталі 2 непраўладныя дэпутаты ў Палаце прадстаўнікоў — упершыню з 2000 году; засталося 0 у Савеце Рэспублікі).
Рэйтынг Беларусі застаецца вышэйшым, чым быў у справаздачы 2011 году (6,57 зь 7), у якой улічваўся жорсткі разгон менскай акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і зьняволеньне 7 зь 10 кандыдатаў у прэзыдэнты. Тады Беларусь была горшай у парамэтрах «дэмакратычнасьці ўраду» і «электаральнай сыстэмы», але крыху мацнейшай у «грамадзянскай супольнасьці» і ў «незалежнасьці судовай сыстэмы», а таксама трохі менш карумпаванай.