Сяброўка Вячаслава Касінерава Марына Насенка сказала карэспандэнту Свабоды, што разам з адвакатам будзе дамагацца зьмены меры стрыманьня Вячаславу:
«Мы будзем у сераду дасылаць скаргу на тое, каб Вячаславу памянялі меру стрыманьня. Цяпер Вячаслаў утрымліваецца не паводле закону, бо ў яго 1-я частка 339 артыкула і мерай стрыманьня павінна быць падпіска аб нявыезьдзе. Але пракурор яму выпісаў арышт, і цяпер ён знаходзіцца на Валадарцы. То бок зусім не па закону». Паводле Марыны, раніцай 31 сакавіка Вячаслава спрабаваў наведаць адвакат, аднак яго не пусьцілі, бо Вячаслаў, маўляў, «сядзіць у дальняй камэры».
«То бок гэта быў адзіны аргумэнт, чаму яны не прывялі яго да адваката. Але потым адвакат усё ж туды трапіў. Вячаслаў сказаў, што яны сядзяць упяцёх у камэры на чатырох чалавек. Сьпяць яны па чарзе на ложку. Я насіла яму перадачы, аказваецца, нельга ўжо насіць кнігі. Толькі Крымінальны кодэкс, Каран ці Біблію. А будыйскія прыпавесьці яны не дазволілі».
Таксама Марына расказала, што 28 сакавіка, калі Вячаслава ўзялі пад варту, на кватэры зрабілі ператрус.
«У нас зранку быў праведзены вобшук, які правяло Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Раніцай яны прыехалі і правялі вобшук дома. Гэта таксама няправільна, яны не павінны былі яго праводзіць».
Марына расказала пра акцыі салідарнасьці зь Вячаславам Касінеравым — у Екацерынбургу (Расея) і ў Чарнігаве (Ўкраіна).
«Неабыякавыя сацыяльныя актывісты, анархісты павывешвалі банэры, распаўсюдзілі лістоўкі ў падтрымку Вячаслава і пра гэту абсурдную справу. Каб людзі падтрымлівалі, пісалі лісты, паштоўкі, распаўсюджвалі інфармацыю пра такое самаўпраўства і абсурд. 31 сакавіка Вячаслаў перадаваў, што нашы лісты да яго даходзілі, але ад яго нам пакуль нічога не прыйшло».
Экспэрты Праваабарончага цэнтру «Вясна» заявілі пра «палітычны матыў улады ў перасьледзе Вячаслава Касінерава ў мэтах спыненьня ягонай публічнай дзейнасьці».
Яны лічаць, што ў дзеяньнях Касінерава няма складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Падставай для перасьледу стаў пэрформанс, які Касінераў правёў 12 сакавіка. Ён накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расейскай імпэрыі, усталяваную каля будынка МУС падчас сьвяткаваньня 100-й гадавіны ўтварэньня беларускай міліцыі. Такім чынам актывіст выказаў пратэст супраць міліцэйскага бясчынства і перасьледу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.