Паводле Вітольда Ашурка, нічога страшнага не адбылося, што ён адбыў гэтыя 12 сутак. Ашурак пашкадаваў толькі аб адным: што не ўдалося 25 Сакавіка адзначыць на волі разам з усімі ў Менску, куды ён зьбіраўся паехаць.
— Калі атрымаў позву ў суд, то перайшоў, так бы мовіць, на нелегальнае становішча, бо хацелася, каб мяне забралі не раней 26-га. Але раніцай 22-га давялося ісьці на працу, і тут мяне па дарозе падабраў начальнік міліцыі Бярозаўкі, які ехаў на ўласным аўта.
Ашурак распавядае, што суд быў фіктыўны і так маглі забраць і асудзіць любога чалавека, бо, маўляў, быў такі загад.
— Безумоўна, справа гэта была шытая белымі ніткамі і я ня меў шанцаў. Гэта мне было добра зразумела; адзінае, хацелася адзначыць належна Дзень Волі, але так ужо выйшла. На ўмовы ўтрыманьня я ня скарджуся, ды і ахоўнікі абыходзіліся, як належыць нармальным людзям. Зразумела, у камэры ня меў ніякай інфармацыі, але затое яшчэ раз перачытаў свайго ўлюбёнага Караткевіча — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», іншыя кнігі.
Ашурак прыгадвае, што ўвесь час адчуваў падтрымку звонку, бо сябры прыносілі перадачы, і кожная з гэтых перадачаў нагадвала, што ён не адзін. Паводле яго, быў час пра ўсё падумаць спакойна, нешта і некага ўспомніць:
— Па-першае, мне было прыемна, што я далучыўся да шэрагу такіх людзей, як Таўлай, Тарашкевіч, Аляхновіч... Я часта думаў пра іх, пра тое, як яны ахвяравалі сваім жыцьцём і здароўем дзеля будучыні Беларусі. І гэта моцна мяне падтрымлівала маральна. А па-другое, я заўсёды разумеў, што з намі Бог, а значыць, нічога са мною ня здарыцца...
Паводле Ашурка, яму найбольш запомніцца ня тое, як ён сядзеў у камэры, а тое, як яго спаткалі сябры, калі ён выйшаў зь вязьніцы.
— Я цяпер разумею, што ўсё тое цяжкае і дрэннае сатрэцца ў памяці, а вось гэтая сустрэча з маімі сябрамі, якія прыйшлі, якія радаваліся майму вызваленьню — гэта назаўсёды застанецца. Яшчэ павінен сказаць, што шмат чаго перадумаў пра нашу барацьбу за Беларусь. Усё ж мала толькі шаблямі махаць, трэба абдумваць нашы крокі на шмат гадоў наперад, бо зразумела, што нам, нашаму пакаленьню, давядзецца рабіць Беларусь эўрапейскай.