Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзунгі «Не — дэкрэту нумар 3!», «Баста!», «Сыходзь!» застануцца актуальнымі,— лідэры пратэстаў


«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка

Палітыкі, праваабаронцы, удзельнікі акцый пратэсту падводзяць вынікі «Маршаў недармаедаў» у Менску і рэгіёнах, прагназуюць далейшае разьвіцьцё падзеяў і разважаюць, ці варта працягваць акцыі пратэсту.

Берасьцейшчына: «Пратэсты не заглухнуць»

Пасьля акцый пратэсту на Берасьцейшчыне ў зьняволеньні знаходзяцца трое лідэраў «пратэстаў недармаедаў» — Аляксандар Кабанаў зь Бярозы, Мікалай Чарнавус-малодшы з Баранавічаў і Натальля Папкова зь Берасьця.

Мікалай Чарнавус-малодшы павінен выйсьці пасьля 12 сутак арышту 29 сакавіка.

Мікалай Чарнавус-старэйшы: «1 і 9 траўня трэба выходзіць на вуліцу»

Бацька Мікалай Чарнавус-старэйшы, нягледзячы на арышт сына і на брутальны разгон акцыі 25 сакавіка ў Менску, перакананы, што пратэсты будуць працягвацца. Ён рыхтуецца да новых акцый:

Мікалай Чарнавус-старэйшы
Мікалай Чарнавус-старэйшы

«Страх у некаторых, можа, большы і зьявіўся. Пасьля амапаўскіх дручкоў будуць больш баяцца. Але ж і незадаволенасьць народу нікуды ня зьнікла. Таму што жыцьця няма. На 200 рублёў жыць вельмі цяжка. Учора сустрэў двух пэнсіянэраў, якія атрымліваюць па 200 рублёў. Ім вельмі цяжка, вельмі. На лекі не хапае... Так што — плошча, плошча і патрабаваць, каб ён сыходзіў, бо калі будзе цягнуць яшчэ гады, то яшчэ горш будзе.

1 і 9 траўня трэба выходзіць на вуліцу. Я гэта сказаў, калі быў 25 сакавіка ў Менску. А тут і Статкевіч такую ж прапанову агучыў. Таму не здаёмся, плянуем і плякаты будзем рыхтаваць», — кажа Мікалай Чарнавус-старэйшы.

Зьміцер Гарбуноў: «Народ ужо дапякло, а гэты дэкрэт стаў толькі каталізатарам»

Блогер Зьміцер Гарбуноў зь Берасьця, які адбыў 15 сутак і выйшаў 27 сакавіка зь берасьцейскага ізалятара, таксама выказаў думку, што пратэсты ня спыняцца:

Зьміцер Гарбуноў
Зьміцер Гарбуноў

«Брутальныя дзеяньні ўлады сьведчаць пра тое, што яна не кантралюе сытуацыю ў грамадзтве. І гэта, наадварот, раздражняе і выклікае намер дзейнічаць у адказ.

Пратэсты не заглухнуць, таму што, у адрозьненьне ад мінулых гадоў, калі людзі выходзілі на заклік нейкіх апазыцыйных лідэраў, цяпер выходзяць звычайныя людзі, і нават яны такія моцныя рэчы кажуць, лепей, чым гэтыя ўсе апазыцыянэры нашы. Мне здалося, што ў мінулыя гады такія людзі ніколі б ня выйшлі. Цяпер жа ідуць тыя, каго ніколі нічога не цікавіла — хатнія гаспадыні, бабулі... Яны досыць радыкальныя рэчы казалі. Прычым гэта людзі, не заангажаваныя ў нейкія палітычныя партыі ці суполкі. Таму я думаю, што пратэсты ня сьціхнуць, а будуць больш кропкавымі і ў розных месцах. Народ ужо дапякло, прычым дапякло ўсё ўвогуле, а гэты дэкрэт стаў толькі каталізатарам».

Віцебшчына: «Народныя пратэсты яшчэ будуць абавязкова»

Грамадзянскія актывісты зь Віцебску і Воршы — гарадоў, дзе адбыліся «Маршы недармаедаў», таксама перакананыя, што пратэсты будуць працягвацца.

Тацяна Севярынец, віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі БХД, аштрафаваная за ўдзел у акцыі «недармаедаў» на 50 базавых велічыняў — 1150 рублёў.

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

«Пратэсты супраць дэкрэту № 3 яшчэ будуць, бо яны ня страцілі сваёй актуальнасьці, дэкрэт не адменены. Аднак ужо падчас пратэстаў эканамічных пачалі гучаць палітычныя лёзунгі — „Лукашэнка, сыходзь!“, „Годзе!“, „Досыць!“ і гэтак далей... І я думаю, што абураныя беларусы выходзілі б на акцыі пратэсту штодня, бо жыцьцём яны дужа незадаволеныя.

З другога боку, распачаліся такія рэпрэсіі, што людзей зноў застрашваюць. Арыштамі, жорстка і беспадстаўна, штрафамі (а грошай і так мала)... Улада дэманструе, што яна гатовая нават да крыві. Пра гэта сьведчыць гвалт пры затрыманьнях, як прэвэнтыўных, так і падчас акцыяў. Страшна глядзець стужку навін у „Фэйсбуку“ — там толькі нэгатыў, суды, пакараньні... Я думаю, што да самых адчайных пратэстаў людзі яшчэ не гатовыя, што іхны адчай дасягнуў пэўнага ўздыму, а самаарганізацыя — яшчэ не. Таму нам усім трэба гуртавацца. Ствараць народныя камітэты ці проста яднацца вакол аўтарытэтных людзей — на працы, у двары, паўсюль... Народныя пратэсты яшчэ будуць абавязкова!»

«Прыпыненьне падаткаў за дармаедзтва нічога ня дасьць»

Юры Конышка, 72-гадовы пэнсіянэр, дэмакратычны актывіст з Воршы, перакананы, што пратэсты будуць працягвацца:

Юры Конышка
Юры Конышка

«Бо людзі выказваюць шмат незадаволенасьці. І ёсьць ад чаго! Прадпрыемствы ў Воршы, напрыклад, практычна стаяць, яны амаль што банкруты. Заробкі затрымліваюць. Людзі вымушаны зьяжджаць у Расею, каб нешта зарабіць... Прыпыненьне падаткаў за дармаедзтва нічога ня дасьць, нават разрадкі сёньняшняй вострай сытуацыі. Бо людзі ня бачаць пэрспэктыў. Цуду ня здарыцца, эканоміка не наладзіцца выключна на загад адной асобы. Я ня ведаю, у якой форме будуць пратэсты. Яны будуць пашырацца па сацыяльных сетках, гэта дакладна — там незадаволеныя людзі абмяркоўваюць сваё становішча. Магчыма, будуць страйкі. Бо народ, які глынуў хаця б трошкі паветра свабоды, ужо не забудзе яе смак».

«Народзяцца новыя крэатыўныя ідэі пратэстаў»

Праваабаронца з Воршы Васіль Берасьнеў адседзеў 14 сутак арышту за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Кажа, што трэба шукаць новыя формы пратэсту, кшталту «народных гуляньняў у парку» ці «Маршу пустых каструль»:

Васіль Берасьнеў у судзе
Васіль Берасьнеў у судзе

«Пратэсты супраць гэтага дэкрэту абавязкова будуць, бо напал незадавальненьня высокі. І трэба, каб яны былі! Каб людзі адчувалі свой уплыў, сваю моц, сваю каштоўнасьць! Толькі трэба падумаць, у якой форме гэтыя пратэсты зрабіць больш эфэктыўнымі і адначасова бясьпечнымі. Бо людзей, абураных і без таго цяжкім жыцьцём, „падстаўляць“ ня хочацца. У мяне ёсьць некалькі ідэяў, мы гэта абмяркуем зь сябрамі. Напрыклад, пратэст у форме „народных гуляньняў“ — проста выйсьці ў парк, але масава, каб было зразумела, што тут сабраліся ня проста мінакі... Або прыйсьці да райвыканкаму з пустымі рондлямі і лыжкамі. Гэта будзе ня мітынг і не пікет, але пратэст. Веру, што народзяцца і іншыя крэатыўныя ідэі, бо народ ужо прачнуўся».

Гарадзеншчына: «Прыйшоў час, калі народ пакажа свой характар»

На Гарадзеншчыне за апошнія два тыдні напярэдадні акцый пратэсту і за ўдзел у іх асуджаны 23 чалавекі, 10 зь іх адбывалі ці яшчэ адбываюць розныя тэрміны арышту.

«Улада праяўляе сваю слабасьць, як ніколі раней»

Лідэр Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў адбыў 13 сутак арышту. Кажа, што прыкметна адбываецца самаарганізацыя грамадзтва, але ў той самы час акцыі паказалі сваю стыхійнасьць, непадрыхтаванасьць:

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

«З маіх назіраньняў, цяпер ужо і народ ніяк не ацэньвае зьменаў, унесеных у дэкрэт. І тут я перакананы, што людзі таксама любымі спосабамі будуць імкнуцца да поўнай адмены дэкрэту. Думаю, што яны цяпер пакажуць свой характар Лукашэнку, замест таго каб толькі глядзець на ягоныя выбрыкі.

У гэтай сытуацыі дасьведчаным палітыкам самых розных партыяў варта забыцца на свае ўласныя амбіцыі і крыўды адзін на аднаго, а аб’яднацца дзеля таго, каб супольна вялікімі сіламі выкарыстоўваць сытуацыю, якая склалася ў Беларусі, і патрабаваць зьменаў ва ўнутранай палітыцы дзяржавы. Нягледзячы на запалохваньні, суды і нават суткі арыштаў, мне здаецца, што ўлада праяўляе сваю слабасьць, як ніколі раней.

«Увосень ізноў будзе гарачая пара»

У Слоніме ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел звыш 300 чалавек. Адзін з актывістаў, Віктар Марчык, быў асуджаны на пяць сутак арышту.

Актывіст Алесь Масюк, аналізуючы сытуацыю ў сваім горадзе, найперш зьвяртае ўвагу на тое, што ў ёй узялі ўдзел шмат людзей, прычым напярэдадні іх запалохвалі, праводзілі ў школах бацькоўскія сходы і прасілі не хадзіць на акцыю.

Алесь Масюк
Алесь Масюк

«Можа, толькі на лета акцыі прыпыняцца. Але ўвосень, мне здаецца, ізноў будзе даволі гарачая пара. І людзі ўжо цяпер гавораць пра гэта.

Эканамічная сытуацыя выштурхнула людзей на вуліцу, і шмат у каго прапала боязь. Вельмі многія казалі, што ўжо няма чаго губляць, бо заробкі малыя, працы няма і г.д. Але яшчэ болей людзей казалі, што яны стаміліся ад кіраваньня аднаго чалавека, дастаў ён ужо... І ўразіла тое, як зусім не заангажаваныя ў палітыку людзі актыўна выступалі на гэтай акцыі. Кожны расказваў сваю гісторыю, сваю бяду. І відаць, што ўлады пачынаюць шукаць выйсьця з сытуацыі, але на раённым узроўні яны нічога ня могуць зрабіць».

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч кажа: відавочна тое, што ўлады пралічыліся з увядзеньнем дэкрэту № 3, яны будуць яго неяк зьмякчаць, але ні ў якім выпадку не адменяць.

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

«Яны не адменяць яго нават з тае прычыны, што ніколі не адмяняюць нічога такога антызаконнага і антычалавечага. Праўда, усё ж вымушаныя будуць надаць яму нейкі іншы выгляд, замаскаваць...»

Магілёўшчына: Сілавікі ня ведаюць, як рэагаваць на тых, хто дорыць ім кветкі

На Магілёўшчыне найбольш актыўныя пратэсты супраць дэкрэту аб «дармаедах» праходзілі ў Бабруйску. Тут былі масавыя затрыманьні пратэстоўцаў і нават журналістаў.

«Людзі гатовыя працягваць барацьбу»

Некалькі разоў забіралі ў міліцыю актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіну Сьмірнову. Яе аштрафавалі на 50 базавых велічыняў. На думку актывісткі, пратэсты супраць дэкрэту засьведчылі сваю эфэктыўнасьць. Але фармат пратэстаў варта пераглядаць:

Галіна Сьмірнова
Галіна Сьмірнова

«Зразумела, што людзі напалоханыя маштабам рэпрэсіяў, і найперш зазнаюць перасьлед актывісты, таму варта ўзважыць эфэктыўнасьць акцыяў пратэсту і цану, якую плацяць іх удзельнікі. Разам з тым людзі гатовыя працягваць барацьбу. Праблема ж дэкрэту № 3 ня зьнікла. Пагроза ў тым, што будзе чацьвёрты, пяты, шосты дэкрэт, і калі людзі спыняцца, то іх яшчэ болей заняволяць. Народ гэта цудоўна разумее».

«Улада рэпрэсіямі выклікае ў людзей агрэсію ў адказ»

Шматдзетную маці Алену Крэнь затрымалі і аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.

Алена Крэнь з мужам Юрыем
Алена Крэнь з мужам Юрыем

На думку Алены, пытаньне з адменай дэкрэту аб дармаедах ня вырашанае, таму пратэсты працягнуцца:

«Улада сілавымі і рэпрэсіўнымі мэтадамі выклікае ў людзей агрэсію ў адказ. Неабходна сілавікоў падняць на свой маральны ўзровень. Яны ведаюць, што рабіць з чалавекам, які кідае камень, але ня ведаюць, што рабіць зь дзяўчынай, якая стала на калені з малітвай, ці з тымі, хто дорыць ім кветкі і ўсьмешкі.

Усе мы, простыя грамадзяне, сталі актыўнымі супраць сваёй волі ў выніку глухаты ўладаў. Мы абавязаныя адстойваць свае правы на жыцьцё, працу, адпачынак, мір, разьвіцьцё і мірныя сходы. Аднак кожны павінен зразумець, што ягоныя асобны голас, плячо і рука ў салідарнасьці зь іншымі — дужа важны чыньнік. Сотні тысяч, а то і мільёны галасоў — гэта велізарная сіла, супраць якой ня ўстояць нават вадамёты».

«Пратэставая актыўнасьць можа аднавіцца ўвосень»

Сябра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», прадпрымальнік Алег Мяцеліца на магілёўскі «Марш недармаедаў» прыехаў зь Бялынічаў. За ўдзел у акцыі пратэсту яго пакаралі 12 суткамі адміністрацыйнага арышту. 27 сакавіка выйшаў на волю.

Алег Мяцеліца
Алег Мяцеліца

На думку актывіста, пратэсты супраць дэкрэту будуць згасаць і адновяцца ў выпадку яшчэ большага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі. Рэпрэсіі, ужытыя ўладай, лічыць ён, таксама паўплываюць на актыўнасьць пратэстоўцаў.

«Людзі будуць асьцерагацца выходзіць пратэставаць, а пагатоў пасьля масавых арыштаў. У рэгіёнах рэпрэсіі абрынуліся на найбольш актыўных людзей, і цяпер, пасьля гвалту, цяжка з пэўнасьцю казаць пра пэрспэктывы пратэсту.

Разам з тым пратэставая актыўнасьць можа аднавіцца ўвосень. Галоўны ўрок для апазыцыі ў тым, што варта больш дбайна плянаваць свае дзеяньні і рыхтавацца да пратэстаў, але пры гэтым не забываць, у якой краіне мы жывём. Па сутнасьці ж нічога не мяняецца. Улада ўдасканальвае мэтады рэпрэсіяў, у той жа час апазыцыя рухаецца гэтаксама, як рухалася пяць і болей гадоў таму», — перакананы Алег Мяцеліца.

«Гавары праўду» прапануе правесьці адну маштабную акцыю — 1 траўня

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў лічыць, што акцыі супраць дэкрэту № 3, «Маршаў недармаедаў», трэба спыніць і засяродзіцца на адной вялікай акцыі:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«На 1 траўня трэба падаваць паўсюль заяўкі, дзе ў дэмакратычных партыяў і рухаў ёсьць структуры. І 1 траўня павінна стаць адзіным агульнанацыянальным днём, калі мы ўздымаем адно пытаньне — пытаньне беспрацоўя. І яно вельмі шматбаковае: гэта і заробкі, і сацыяльная бясьпека для тых, хто страчвае працу, і стварэньне новых працоўных месцаў. Я б засяродзіўся ня толькі на адмене дэкрэту № 3, але і на падвышэньні дапамогі па беспрацоўі, і на стварэньні ўмоў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, бо ў невялікіх гарадах толькі ён можа выцягнуць беспрацоўе. Калі 1 траўня акцыі пройдуць у дзясятках гарадоў — і „Гавары праўду!“ да гэтага далучыцца, — тады мы зможам атрымаць нашмат большы розгалас».

Рымашэўскі: «Наша мэта — арганізацыя агульнанацыянальнага страйку

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі перакананы, што акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 будуць працягвацца і далей:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Мы будзем падаваць заяўкі на правядзеньне акцыяў найперш у тых гарадах, у якіх пратэстаў яшчэ не было. Я думаю, што гэта таксама будзе тэст для дзейнага рэжыму, які ўсё ж такі імкнецца аднавіць кантакты з Захадам. Так што будзем дзейнічаць выключна ў рамках закону, падаваць заяўкі. І запрашаем туды мясцовыя ўлады: хай прыходзяць, хай пачуюць, што думаюць пра іх людзі.

Наша мэта — арганізацыя агульнанацыянальнага страйку з двума патрабаваньнямі: эканамічных рэформаў і адстаўкі ўраду з правядзеньнем свабодных дэмакратычных выбараў паводле стандартаў АБСЭ. Гэтага ўсяго можна дасягнуць, калі людзі кансалідавана падтрымаюць гэтую ідэю. Можа, ня так проста гэта зрабіць на практыцы, але гэта ўсё дасяжнае. Гэта якраз негвалтоўны варыянт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG