Суд Савецкага раёну Менску пакараў аднаго зь лідэраў БХД Паўла Севярынца арыштам на 10 сутак.
Павал прызнаны вінаватым ва ўдзеле мітынгу ля Курапатаў 3 сакавіка. Але пакуль ён не арыштаваны:
«Асудзілі за арганізацыю і ўдзел, у пратаколе напісана „крычаў, выказваў сваё стаўленьне на фоне бел-чырвона-белага сьцяга“, — паведаміў Севярынец Свабодзе. — Верагодна, яны хацелі даць гэтыя 10 сутак, бо на сёньня анансаваная акцыя на прыступках КДБ са сьвечкамі з партрэтамі асуджаных. Магчыма, там хацелі забіраць.
Я ўжо выйшаў з суду, выкананьне прысуду яны ўсклалі на Фрунзэнскі райаддзел міліцыі. Так што я нават ня ведаю, калі „хапнуць“. Напэўна, яны не былі гатовыя, што я прыйду».