«У маім пяцімесным „нумары“, дзе я быў адзін, было вельмі холадна, як у акопе. Нацягваў на сябе ўсё, што пасьпеў захапіць: дзьве кашулі, двое шкарпэтак. Куртку нават не здымаў. Гэта як катаваньне холадам. Так, „сцэну“ ў ізалятары замянілі ложкамі, але тэмпэратурны рэжым і блізка не захоўваецца. Нейкая Сыбір, далібог».
З прычыны дарагоўлі абслугоўваньня спадар Кацора адмовіўся ад харчаваньня, якім забясьпечвала ўстанова:
«Я напісаў заяву, што адмаўляюся ад казённай ежы, бо як „палітычны дармаед“ ня маю магчымасьці аплаціць выдаткі на дзяржаўныя харчы. Сілкаваўся толькі тым, што перадалі сваякі. Але праз колькі дзён адміністрацыя ізалятару чамусьці забараніла перадачы. Дзён шэсьць быў напаўгалодны. Даводзілася піць ваду з крана, якую назваць якаснай не выпадае нават з нацяжкай».
12 сутак — час досыць працяглы. Чым яшчэ займаўся, апроч барацьбы з холадам? Палітык кажа, што спачатку спрабаваў аналізаваць дзеяньні ўладаў, але неўзабаве прыйшоў да простай высновы: рэжым Лукашэнкі ня можа дзейнічаць іначай. Схема элемэнтарна простая: схапіць, пабіць, пасадзіць. На дыялёг з грамадзкасьцю ўлады проста ня здатныя:
«Што тычыцца ўдзелу апазыцыйных структураў у масавых акцыях пратэсту, то мы маем намер пасьля вызваленьня ўсіх сядзельцаў правесьці спэцыяльны сход, каб усё ацаніць, узважыць. Я ўжо склаў праграму дзеяньняў апазыцыі на найбліжэйшую пэрспэктыву. Мы ня будзем чакаць травеньскіх сьвятаў, як прапануюць некаторыя менскія палітыкі. Людзі патрабуюць пераменаў, працы, годных заробкаў. Нельга ня ўлічваць іхні настрой і спадзяваньні», — падсумаваў гомельскі актывіст Уладзімер Кацора.