Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч галадаў у турме 6 дзён, а на вызваленьне атрымаў «Пагоню» ў падарунак


Яўген Глагольеў-Васьковіч
Яўген Глагольеў-Васьковіч

Адседзеўшы 15 сутак за ўдзел у бабруйскім мітынгу «недармаедаў» 12 сакавіка, Яўген Глагольеў-Васьковіч вярнуўся да хаты, до жонкі й маленькай дачкі, ды расказаў Свабодзе акалічнасьці сваёй справы.

Затрымалі Яўгена 13 сакавіка, на наступны дзень пасьля мітынгу, і толькі з трэцяга разу. Суд над ім прайшоў досыць скандальна — Яўген адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе. Спачатку ён запрасіў адваката. Судзьдзя дазволіла наведаць юрыдычную кансультацыю для заключэньня дамовы, куды яго й завезьлі міліцыянты.

Я спытаў у яе: «Вы мне адмаўляеце ў маім канстытуцыйным праве на абаронцу?» Яна сказала: «Так, адмаўляю».

«Там мы разам з адвакатамі прыйшлі да высновы, — распавядае Яўген, — што мне трэба высьвятліць сямейнае фінансавае становішча — на якую суму я магу разьлічваць пры найманьні адваката. Сказалі, што калі сродкаў у мяне не хапае, то можна сабраць дакумэнты і аплаціць толькі частку сумы. Але для гэтага трэба прыпыніць судовае паседжаньне, вызваліць мяне на гэты час. У судзе я паведаміў пра сказанае ў канторы. Судзьдзя Ярмашэвіч адмовіла ў такім парадку. Я спытаў у яе: «Вы мне адмаўляеце ў маім канстытуцыйным праве на абаронцу?» Яна сказала: «Так, адмаўляю». Тады я заявіў: «Адмаўляюся прымаць удзел у судовым паседжаньні, судзьдзя якога парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь». І пасьля ўжо, хоць і ў маёй прысутнасьці, але фактычна безь мяне мяне судзілі.

Галадоўку я аб’явіў на наступны дзень пасьля прысуду, калі далі сьняданак. Не празь якасьць ежы, а ў знак пратэсту супраць парушэньня судзьдзёй маіх правоў і Канстытуцыі. А афіцыйна аформіў праз два дні — 16.03. Аказалася, каб галадаваць, каб табе не прывозілі ежу, за якую трэба плаціць, мусіш пісаць заяву на галадоўку. Але ахоўнікі пра гэта сказалі толькі на трэці дзень. Усё думалі, я жартую. Ня еў 6 дзён. Перадачы, што мне прыносілі, раздаваў сукамэрнікам. Потым даведаўся, што праз такі мой пратэст стала дрэнна маёй бабулі, таму спыніў галадоўку. З 20 сакавіка пачаў есьці і што давалі, і перадачы. Заяву на спыненьне галадоўкі ўжо пісаць ня трэба.

З сукамэрнікамі, дарэчы, стасункі былі нармальныя. Размаўлялі пра ўсё. Яны абураліся, што прэзыдэнт па тэлевізіі кажа адно, а на вуліцы ўлады робяць іншае. Аднак адкрыта пратэставаць яны не гатовыя. Аргумэнт адзін — ня хочуць страціць працу, атрымаць штраф ці суткі арышту. Яны й так, вядома, атрымліваюць — але пару базавых ці пару сутак, ня тое што палітычны я. Так і кажуць: «Малайчына, што робiш!», але самi ня хочуць «трапiць пад раздачу».

Зь іншымі палітычнымі ў турме не сустракаўся. Толькі ў панядзелак ўранку даведаўся пра жорсткі разгон у Менску. Уначы зь нядзелі на панядзелак чалавек да нас прыбыў, які ў нэце гэта бачыў».

Яўген Глаголеў-Васьковіч з жонкай Александрынай, архіўнае фота
Яўген Глаголеў-Васьковіч з жонкай Александрынай, архіўнае фота

Яўген прымаў актыўны ўдзел у мітынгу 12 сакавіка, ён часта пазіцыянуе сябе як журналіст-фрылансэр, што дало падставу дзяржаўнаму бабруйскаму тэлеканалу ў сюжэце, прысьвечанаму мітынгу, абвінаваціць Яўгена Васьковіча ў «падмене паняцьцяў». Яўген гэтыя прэтэнзіі адмаўляе, заяўляе, што быў там не як журналіст:

Людзі выйшлі мірна пратэставаць супраць сумнавядомага дэкрэту ды эканамічнага становішча наагул. А палітыка іх мала цікавіла, як я бачыў.

«Ніхто не забараняе журналісту ўдзельнічаць у палітычных арганізацыях. Гэта ўласная справа кожнага. І ня трэба блытаць, калі ўдзельнічаеш у мерапрыемстве, у якой якасьці. То бок ня варта начэпліваць бэджык журналіста, а самому „руліць парадам“.

Я разумею розьніцу. І таму 12 сакавіка я прыйшоў на плошчу Перамогі як прадстаўнік Міжнароднага цэнтру грамадзкіх ініцыятываў „Наш дом“. Мы не зьяўляліся арганізатарамі акцыі, у мэгафон пра тое й не казалі і атрыбутыкі не выносілі. Дый недарэчы гэта ўсё там было. Людзі выйшлі мірна пратэставаць супраць сумнавядомага дэкрэту ды эканамічнага становішча наагул. А палітыка іх мала цікавіла, як я бачыў. Хоць падтрымлівалі скандаваньне і палітычных лёзунгаў».

Калі Яўген вярнуўся дахаты, яго чакаў сюрпрыз — вялікая «Пагоня».

«Падараваў чалавек, у якога яна вісела колькі гадоў на працы. Я яго нават ня бачыў. Пачуў пра нашу гісторыю, уразіўся, што вытвараюць зь мірнымі людзьмі, якія хочуць і не баяцца выказацца, і зрабіў такі падарунак на вызваленьне. Сьвет не бяз добрых людзей!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG