На тле дэмаграфічных праблемаў і дзіцячых хваробаў у грамадзтве ўзрастае ўвага да пытаньня цяжарнасьці. Мэдыкі і псыхолягі паглыбляюцца ў дасьледаваньне таго, як і наколькі ўплываюць на плод паводзіны будучай маці. Пэўна ж, цікавілі тыя пытаньні і нашых продкаў. Але ў далёкім мінулым не было жаночых кансультацыяў, цэнтраў мацярынства і іншых установаў, якія б дапамагалі жанчыне нарадзіць здаровае дзіця. Затое, напэўна ж, існавалі няпісаныя правілы, якія перадаваліся ад пакаленьня да пакаленьня. Зачацьце і цяжарнасьць у беларускай традыцыі — тэма нашай гутаркі з доктарам філялягічных навук, этнакультуролягам Тацянай Валодзінай.
— Тацяна, ці ў такой жа ступені беларускіх жанчын хвалявалі праблемы цяжарнасьці ў далёкім мінулым, як гэта хвалюе сучасных жанчын?
— Натуральна, хвалявалі. Мо толькі з той розьніцай, што калісьці нормай для жанчын маладога ўзросту былі цяжарнасьці, якія ішлі адна за адной. А цяпер да нормы дацягвае працяглае знаходжаньне жанчыны ў шпіталі на захаваньні. З адной цяжарнасьцю ці дзьвюма.
— І прыкладна колькі разоў за сваё жыцьцё цяжаралі і нараджалі беларускі ў далёкім мінулым?
— Не ў такім ужо і далёкім. Яшчэ нейкіх сто гадоў таму беларускі, як і прадстаўніцы іншых этнасаў, цяжаралі і нараджалі шмат. Сем-дзесяць родаў былі звычайным фактам, а некаторыя жанчыны нараджалі да 15 дзяцей. Варта мець на ўвазе адносна высокі ўзровень дзіцячай сьмяротнасьці, выкідкаў, каб разумець, што нават жанчына, якая мела да 5 дзяцей, цяжарала часьцей. Я ўжо не кажу пра такую зьяву, як аборты, якія таксама бывалі. Такой установы, як жаночая кансультацыя, відавочна не існавала, а ўвесь запас народнага вопыту наконт выношваньня дзіцяці перадаваўся з вуснаў у вусны. Існаваў багаты комплекс правілаў, як павінна была паводзіць сябе цяжарная.
— Напэўна, сярод гэтых правілаў былі як рацыянальныя, так і прымхлівыя, забабонныя?
— Не люблю я гэтага слова «забабоны». Забабонамі мы называем традыцыйныя правілы толькі з пункту гледжаньня сучасьніка, зусім адарванага ад мітапаэтычнай карціны сьвету. У традыцыі ж увесь блёк, зьвязаны з зачацьцем, выношваньнем, нараджэньнем дзіцяці, складаў арганічную частку сьветапогляднай сыстэмы. Адпаведна, цяжарнасьць тлумачылася перадусім як складнік духоўнай культуры. З пункту гледжаньня міталягічных схемаў цяжарныя жанчыны як відавочнае ўвасабленьне плоднасьці выклікаюць павагу, ім прыпісваецца цэлы шэраг станоўчых уласьцівасьцяў. У такой жанчыны нібыта падвойваюцца магічныя прадукавальныя, жыватворныя здольнасьці: яе прасілі першай увайсьці ў новую хату, яна давала праз вароты хлеб карове, біла тую сваім фартухом дзеля пасьпяховага спарваньня. Цяжарную жанчыну прасілі пакласьці першыя бульбіны, калі садзілі бульбу.
— Такая жыцьцядайная сымболіка цяжарнай цалкам зразумелая і не выклікае зьдзіўленьня. Але няўжо гэты вобраз можа мець хоць якія нэгатыўныя рысы?
— Можа, бо ў народнай традыцыі стан цяжарнасьці адносіць такую жанчыну да «асабліва нячыстых» і небясьпечных істотаў. Гэта абумоўлена найперш яе «двудушшам» і знаходжаньнем на мяжы жыцьця і сьмерці. Яна свайго роду мэдыюм паміж сьветамі, носіць у сабе, як казалі, «госьціка» зь невядомых прастораў, неба, тагасьвету, як ні скажы. Такая жанчына асабліва блізкая да касмалягічнага нізу, хтанічнай сфэры. Цяжарная праз сваю блізкасьць да засьветаў на сымбалічным роўні зьмяшчалася ў адзін шэраг з прадстаўнікамі жывёльнага сьвету. Яна павінна была абачліва ставіцца да жывёлаў, асабліва свойскіх, ёй забаранялася пераступаць праз жабу або калечыць яе. Цікава, што нават наступленьне цяжарнасьці вяшчуюць жывёлы і птушкі, да такой жанчыны пачынае лашчыцца жывёла. Прыслухоўваліся да гукаў. Калі над чыёй-небудзь хатай лётае і крычыць сава, значыць, там зацяжарала жанчына. Цяжарнасьць прадказвала ўбачаная ў сьне жывая рыба і злоўлены зайчык.
— А чаму да сёньня кажуць, што цяжарнай нельга адмаўляць? Прыкладам, калі просіць нешта пазычыць, ёй абавязкова пазычаюць. Ведаю выпадкі, калі нават у сурʼёзных фірмах да кіраўніка зь нейкай просьбай пасылаюць менавіта цяжарную. Ці не спэкуляцыя гэта на цяжарнасьці?
— Не, не спэкуляцыя, гэта з тых жа прычын. За цяжарнай стаіць «той» сьвет у сваіх шматлікіх праявах. Кажуць, калі не пазычыць чаго-небудзь цяжарнай, дык у хаце зьявіцца мноства мышэй ці нават пацукоў. Цяжарная і па сёньня зазнае пэўную ізаляцыю ў соцыюме. Калісьці асьцерагаліся, што прысутнасьць яе ў пэўных сытуацыях магла нават адмоўна паўплываць на вынік справы. Калі цяжарная пераступала праз стрэльбу — лічылася, што зь яе ўжо нікога не забʼеш.
— А як жа мае паводзіць сябе гэтая жанчына? Якія правілы выконваць?
— Іх шмат. Каб усе пералічыць, і трох перадач ня хопіць. Аднак большасьць забаронаў для цяжарнай пры ўсёй сваёй практычнай значнасьці дазваляе дакладна адчытаць лёгіку магіі ў цэлым, сымболіку шэрагу прадметаў і зьяваў. Так, цяжарнай нельга было глядзецца ў калодзеж (будзе сьляпое дзіця), выліваць назад зачэрпнутую ваду, бо дзіця будзе ванітаваць пасьля кармленьня. Цяжарная жанчына асьцерагалася надзець штосьці з мужчынскага адзеньня, каб дзіця не перамяніла полу ва ўлоньні і не нарадзілася двухполым. Цяжарныя асьцерагаюцца стрыгчы валасы на працягу ўсёй цяжарнасьці, каб «не ўкараціць дзіцяці розуму». Відавочна, строгая рэглямэнтацыя паводзінаў вынікае з самой пераходнасьці сацыяльнага і фізіялягічнага статусу цяжарнай.
— А што павінна была яна рабіць дзеля нармальнага псыхалягічнага стану будучага дзіцяці?
— У першую чаргу — гэта забароны рознага роду дэструктыўных паводзінаў і адмоўных рэакцыяў: не спрачацца і не сварыцца, ня лаяцца, пазьбягаць агрэсіі ды моцных узрушэньняў. Неапраўданая злосьць цяжарнай, брудныя словы ў будучай маці адкрыта правакавалі, ва ўяўленьнях, будучыя хібы ў паводзінах дзіцяці і нават яго калецтва. Цяжарную жанчыну асьцерагалі ад усяго, што магло выклікаць у яе адмоўныя эмоцыі — такія, як жах, гнеў, крыўда, прыкрасьць, злосьць. Справядліва лічылася, што ўсе ўражаньні і перажываньні наўпрост або ўскосна адабʼюцца на дзіцяці.
— У нашы дні практычна кожная сямейная пара яшчэ да родаў ведае пол дзіцяці, сучасныя ультрагукавыя дасьледаваньні дазваляюць зрабіць гэта дакладна. А раней? Хацелі ведаць, хто народзіцца? Ці думалі — каго Бог пашле, хай той і родзіцца? А мо прыглядаліся, прыслухоўваліся да розных прыкметаў?
— Існаваў шэраг прыкметаў, збольшага заснаваных на законах імітатыўнай магіі (падобнае выклікае падобнае). Прыкладам, калі на сьвята ў хату, у якой жыве цяжарная, першым зойдзе мужчына, то ў яе народзіцца сын, калі жанчына — дачка. Пры першым варушэньні плоду ў правым баку прадказвалі нараджэньне хлопчыка, у левым — дзяўчынкі. Наагул, калі жанчына застаецца прыгожай, як і раней, чакаецца сын, а вось дачка нібыта «забірае ў маткі прыгажосьць» — тая пачынала выглядаць горш, на твары зьяўляліся плямы. Выпуклы жывот асацыяваўся з мужчынскім пачаткам — «на мальца», жывот пляскаты — з жаночым, «на дзеўку». Усе гэтыя назіраньні, між тым, акурат кладуцца ў прысутную ва ўсёй мітапаэтычнай карціне сьвету сыстэму апазыцыяў, дзе жаночае традыцыйна стасуецца зь ніжнім, другім, вільготным, левым, горшым...
— І ўсё ж як можна сфармуляваць правілы паводзінаў цяжарнай жанчыны? Мо гэта было б у нейкай ступені карысна ведаць і нашым сучасьніцам?
— Паводзіны цяжарнай жанчыны становяцца свайго роду эталёнам адпаведнасьці норме. Яна павінна трымаць сябе як у хаце, так і на людзях строга, вытрымана. Паводле правілаў, асабліва гэта тычыцца як вылучаных дзён (сьвятаў) у структуры году, так і вылучаных месцаў. Так, строга нельга працаваць у вялікія сьвяты, асабліва на Каляды, каб дзіця не нарадзілася калекам. Ніякім чынам нельга было зьняважыць «сьвянцоныя мейсцы» — альбо гэта храм, альбо крыніца. Імкненьне да нормы спараджала забароны пазьбягаць нават узірацца на ўсе магчымыя чалавечыя, а хай сабе і жывёльныя, хібы: на кульгавых, сьляпых, глухіх і наогул на калекаў, а таксама на курдуплікаў ці веліканаў як сярод людзей, гэтак і сярод жывёлаў. Калі нешта зрабіла на яе моцнае ўражаньне, дзіця магло нарадзіцца і на ўсё жыцьцё застацца з тымі недахопамі. Катэгарычна нельга «дражніць» картавага, заіку, шапялявага, імітаваць жывёльныя гукі, напрыклад, сабачы брэх, «курняўканьне» ката, рык каровы ды іншае. Лічылася, што дзіця будзе мець у голасе тыя недахопы, зь якіх кпіла маці. Напрыклад, цяжарнай жанчыне забаранялася красьці, маніць, зайздросьціць, лаяцца, каб не нарадзіць манюку, злодзея, зайздросьніка, грубіяна. Вось запіс, зроблены ў вёсцы Навасёлкі Ашмянскага раёну:
«Мне мая сьвякруха расказвала. Як яна выйшла замуж, у яе маці ўмярла маладая, яна засталася падрашчаком, бедная была. І вышла за беднага, і ў яго маці не было, адзін бацька. А знаеця, як у тое ўрэмя бяз маці цяжка было. А ў яе дзеці былі адзін за адным, настолька цяжка было, мусіла бярэменная і на работу хадзіць, і ўсё. І, гаворыць, пашла лён трапаць. А некалі ж самі кужэль пралі, і яна жменьку скруціць і сабе за пазуху і за пояс — украдзе. І ўсё прыносіла сабе, бо нада ж было прасьці, ткаць. І Валодзю этага радзіла, но эта ўжо точна. Яна мне гаварыла: „Толькі глядзі, нідзе нічога не бяры“. Гаворыць, маленькі, годзікі чатыры, возьле хаты бегае, гуляе і ўсе камушкі пасабірая. Прыходзіць во такі во — тоўсты. І прасіла, і плакала, і сама сабе думая: „Эта ж я сваё дзіця скалечыла, сама скалечыла“. Надта ж баяліся, што будзе красьці. Усё неяк яму гаварылі, прасілі. Праўда, вырас, ня стаў красьці».
— То бок цяжарная павінна паводзіць сябе ўзорна?
— Менавіта. І гэта далёка ня поўны сьпіс забаронаў, якія традыцыя прадпісвае выконваць цяжарным жанчынам, каб дзіцятка нарадзілася здаровым і прыгожым. Разам з тым шэраг правілаў тычацца больш лёгкага праходжаньня саміх родаў. Дасюль шырока распаўсюджаныя забароны цяжарным пераступаць празь вяроўкі, ніткі, каб не абкруцілася вакол дзіцячай шыйкі пупавіна. Каб не справакаваць цяжкія роды, не дазвалялася ні зашываць на сабе адзежы і бялізны, ні прышываць на сабе гузік. Падобная забарона тычылася нават усіх хатніх.
— А бацька як мусіў сябе паводзіць? Ягоныя паводзіны ня тычыліся будучага дзіцяці? Яму ўсё дазвалялася, ці і яму трэба было выконваць нейкія правілы?
— Паводзіны будучага бацькі таксама былі вельмі важныя. Паводле традыцыі, яму варта асьцерагацца, каб не сказаць дрэннае слова ў «благі» час. Вось што я чула ў вёсцы Засьценкі Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці:
«Крівая нядзеля посьле Тройцы — ні рубіць, ні резаць, ні шыць нельзя целую нядзелю. Казалі грех бальшэй дужа, калі зацясывалі згароду, зацясывалі колікі якія. У нас быў случай такей. Яна мне сама расказывала. Яна гаворіць: „Фёдар, ні цяшы ты колікі“, крівая нядзеля была тады. А ён усяраўно, пашоў і зацясаў — і радзілась дзевачка з адной ножкай, і зацесана, точна колічак. Людзі, каторыя панімаюць, саблюдаюць еты закон».
— Як сучаснаму чалавеку ставіцца да гэтых традыцыяў? Як да забабонаў, з гумарам? Адмаўляць іх? Ці ўсё ж нешта ўзяць адтуль, далучыцца да народнага досьведу? Прынамсі — не зашкодзіць?..
— Не зашкодзіць. І нават з увагі на тое, што бальшыню з гэтых правілаў пацьвярджаюць і сучасныя лекары.